Усе рубрыкі

НЕПАТРЭБНЫЯ РЭЧЫ — Сяргей Брандт

Частка першая

Па вузкай, амаль заросшай лясной сцяжынцы, спяшаўся немалады чалавек. Час быў вячэрні, сонца ўжо схавалася за кроны магутных дрэваў. Аднекуль з поўначы наляцеў студзёны вецер, працягнуўшы, цяжкія ад вады, чорныя хмары над самым лесам. Першыя кроплі забразгалі па галінках і кустах, а потым з нябёс на зямлю хлынулі цалюткія рэкі вады і раптам зусім сцямнела. Гучна стрэліла маланка: адна, другая, асвяціўшы ўсё навокал.
Чалавек заўважыў у гэтым святле нейкую мокрую шэрую пляму сярод хвой і хмызняку. Падбег бліжэй, адчыніў незачыненыя дзверы і ўвайшоў. Дождж яшчэ мацней загудзеў па даху драўлянай пунькі, зацокаў па лужынах босымі нагамі, але ніхто больш не захацеў з ім гуляць у даганялкі і ён тады пачаў сварыцца, заліваць вадой усё, да чаго дацягваліся яго доўгія рукі.
Вецер таксама дапамагаў, кідаўся ў дзверы, выў ваўком у дзірках, палохаючы маладога кажана, які вісеў уніз галавой пад самым дахам. Незнаёмец аглядзеўся: старая пуня сярод дрымучага хваёвага лесу. На зямлі, у левым куце, трохі леташняга сена ляжыць, нейкай дзіўнай капой складзены розныя рэчы сялянскага ўжытку. Худзенькі бок кроснаў, бяззубая барана, пыльны калўрот, драўляныя начоўкі і медны самавар без краніка, а побач чугунны прас з іржавай накрыўкай.
Ён прысеў на сена, шлях быў вельмі доўгі, а цяпер вось і дождж не даў да вёскі некалькі вёрстаў дайсці. Дождж напэўна пачуў думкі чалавека, загаласіў мацней, але пунька хоць і старая, усё ж пабудавана была вельмі добра і ваду праз дах не прапусціла. Чалавек заплюшчыў вочы і задрамаў, а можа і заснуў. А ў гэтым сне пачуў як заскрыпеў калаўрот, звонка бразнуў прас. А потым у яго сон прыйшлі галасы са сваімі гісторыямі.

утюг
ЧЫГУННЫ ПРАС

Памятаю, нядзелька была вербная, святочная. Гаспадар на кірмашы ў Гарадку мяне прыдбаў для сваёй гаспадыні за дзесяць злотых, бо я быў у Вільні змайстраваны. Дахаты прывёз з другімі падарункамі, жонка аж абамлела ад шчасця. Раней яна драўляным пернікам бялізну прасавала, а цяпер прас новы ў хаце. Адчыняй крышку, насыпай вугаль і прасуй сабе ўсё, што пажадаеш. Так і зажылі ў згодзе з гаспадынькай: яна мяне хваліць, а я ёй чым магу дапамагаю. Колькі гадоў мінула ў працы сумеснай — не ведаю, а як толькі святло прыйшло ў вёску, мяне на элетрычны прас змянілі. Трохі яшчэ я дапамагаў то капусту ў бочцы гнуць, то служыў замест малатка маладому гаспадару. Але аднойчы неяк закінулі мяне на страху дзеці, доўга я там у пыле ляжаў, пакуль у лес да пунькі не звезлі. Новы час — новыя рэчы, каму патрэбен цяпер чыгунны прас. Такая вось мая гісторыя, сябры.

самовар

МЕДНЫ САМАВАР
А я зусім не з гэтага месца, з Расіі, з самога горада Тулы. Там майстры на ўвесь свет знакамітыя самаварамі, зброяй і сваімі тульскімі смачнасцямі. Змайстраваў мяне майстар Іван, нацёр сукном і стаў я, як залаты, бліскаць на сонцы. Потым я ўзнагароду атрымаў на адным вялікім кірмашы ў Лодзі і прымацавалі мне медаль срэбраны на мой пузаты жоўты бок. А калі дахаты ехалі, то забыліся мяне на адным маленькім вакзале, дзе я трапіў у рукі аднаго селяніна, які на свой хутар прывёз, адразу вады наліў, трэсак назбіраў і чай заварыў.
З печы дзетвара пазлазіла, яна яшчэ такога дзіва не бачыла, а я на стале стаю, палаю парай, толькі бакі ад хвалявання медныя блішчаць. Потым гаспадар некуды з сям’ёй з’ехаў, мяне ў шынок прадалі. Ад часу пацямнелі мае бакі, вада пачала сачыцца праз кранік. Выкінуў мяне тады шынкар у паветку і забыўся аб маім існаванні на доўгія, доўгія гады. Прачнуўся я сёння, калі маланка над самым дахам стукнула. Сапраўды, новы час. Каму патрэбны старыя рэчы? Гэта мая, сябры, жыццёвая гісторыя.

Сяргей Брандт, 09.07.2014

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>