Усе рубрыкі

Водгукі

Пра сайт, пра казкі беларускія ды проста выказванні добрых людзей :)

***

Алена Масла Алена Масла, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, літаратарка:

Такі сайт — неабходная, доўгачаканая рэч для беларускамоўных сем’яў! Дзіцячай беларускамоўнай літаратуры выдаецца вельмі мала, бо гэта вымагае шмат выдаткаў. У прыватнікаў не хапае грошай, каб выдаваць якасныя дзіцячыя кніжкі, у дзяржаўных выдавецтваў — свае праблемы. Мяркуючы па ўсім, мадэратары сайта “Казкі беларускія” будуць пільна адсочваць мастацкую вартасць твораў, перш чым тыя трапяць у сеціва. Акрамя таго, на сайце шмат іншай карыснай інфармацыі. І калі ўсе задумкі будуць выкананыя на добрым узроўні, то гэтаму інтэрнет-рэсурсу наканавана папулярнасць.

viecier.livejournal.com viecier.livejournal.com:
Казкі любяць усе, паўсюль і заўсёды. Казкі любяць старыя й малыя, хлопцы й дзяўчаты, дзеці й дарослыя. Чаму? Казкі — гэта амаль адзінае, што яшчэ не закранула палітыка; гэта крынічка ведаў, тых ведаў, што атрымліваеш, калі нават яшчэ не навучыўся чытаць-пісаць (з вуснаў матулі, бабулі). Па той прычыне казка — тэма, што да спадобы кожнаму, усім, хто любіць сваю гісторыю, сваю мову, традыцыі, у рэшце свой народ, Радзіму. Застаецца дзякаваць тым, хто прысвячае сябе напісанню казак у сучаснасьці, бо гэта ёсць доказ таго, што ня знікае народ. Бо праўду сказаў мой сябар Валерый Руселік: “Беларусь — гэта цудоўная КАЗКА, якая зьнікае, як толькі перастаеш у яе верыць”.

Адам Глобус Адам Глобус, літаратар, выдавец
adam-hlobus.livejournal.com:

У беларусаў заўсёды добра атрымліваліся тры рэчы: песні, казкі і праклёны. У маёй сям’і найлепшыя казкі расказвала бацькава маці – баба Броня. Гісторыі пра хітрую лісічку, якая крала дзедаву рыбу, як і аповесць пра хлопчыка Васілька, якому пташкі падаравалі пёры, каб ён зрабіў крылы і ўцёк ад вядзьмаркі-людажэркі, я пачуў у сваім далёкім дзяцінстве. Голас бабы Броні, яе інтанацыі і мелодыка яе мовы амаль паўстагоддзя захоўвае мая памяць. Яе казкі я запісаў і выдаў у рамане “Дом”.

Безліч казак мне прачытала мама, гэта былі класічныя літаратурныя казкі пра драўляную ляльку – Пінокіа, пра Вавілонскую вежу, пра брэменскіх музыкаў, пра Лемюэля Гулівера, пра трох таўстуноў…

Асобна трэба сказаць пра жахлівыя гісторыі і казкі, што мы дзецьмі пераказвалі адзін адному. Чорная рука, Чырвоная пляма, Труна на колцах жылі ў нашым пісменніцкім доме. Найлепшай казачніцай у нашым пад’ездзе была Вераніка Махнач. Гэтыя тры жаночыя галасы і з’яўляюцца для мяне сапраўднымі інтанацыямі ў напісанні казак. Дзякуючы тром жанчынам, я паверыў у казку.

Мама Мілана,
каментар да артыкула на сайце nn.by

Малайцы, дзякуй вялізны! Недахоп добрых дзіцячых кніжак з адэкватнымі ілюстрацыямі — вельмі балючая тэма. Дзякуй НН за дадатковую спасылку. Штомесяц максімум 2-3 новыя дзіцячыя кнігі з’яўляюцца, вартыя бацькоўскай увагі, у рэшты або малюнкі — страх Божы, або чытаць нецікава. Ужо нават не просім сяброў падарыць кніжку без удакладнення назвы, бо калі прасіць проста “добрую кніжку”, то ў падарунак атрымаеш тое, што сам набыў.

За тое, што дзіця казкі чытае, дзякуй збольшага дзядулі, які іх яшчэ ў 80-я панабываў, і школьнай бібліятэцы, дзе таксама з таго часу трохі зборнікаў захавалася. І там на малюнках ліса падобная на лісу, а не на адлюстраванне ўнутранага свету мастака пасля таго, як яго па галаве шарахнулі чымсці…

Таму поспехаў вам!

Блог Эльфіка: бацькам аб дзецях
blog.elfik.by

Новае — гэта добра забытае старое. А казкі — адна з найстаражытных формаў народнай творчасці. Але новае жыццё яны атрымліваюць у новых формах, новых сюжэтах, новых героях. Менавіта навізна адрознівае рэсурс “Казкі беларускія”. Тут вы знойдзеце не проста казкі. Тут сабраныя не толькі народныя, але і аўтарскія творы. Прычым іх цікава чытаць і дарослым, таму што выразна прасочваюцца навамодныя матывы. Чаго вартая толькі “Чароўная казка пра нябесны слінг“.

Новым дзецям — новыя казкі“. Так бы ахарактарызавала і коміксы, што гарманічна дапаўняюць рэсурс. Заўважце: яны таксама беларускія!..

Эльвіра Каралева Эльвіра Каралева,
галоўны рэдактар праекта avtobaby.info,
рэдактар часопіса для бацькоў “Расцём разам”

Дзякуй велізарнае за сайт і гэты матэрыял у прыватнасці, я вельмі рада ўбачыць налепкі для аўто на роднай мове. З вашым праектам я ўжо пазнаёмілася, гэта вельмі якасны сайт! Ды вам жа проста няма аналагаў у Байнэце! Поспехаў вам ва ўсіх творчых распачынаннях!

***

Дасылайце свой водгук!