Далёка-далёка, у той краіне, куды можна дабрацца толькі на дыване-самалёце, стаіць дзіўны Замак — Замак Часу. На сценах Замка роўна 12 вежаў, а на даху 2 стрэлкі, кожная як карабельная шчогла велічынёй. Гэта самыя дакладныя гадзіннікі на свеце. Па іх правяраюць свой ход нябесныя свяцілы.
Ля сцен Замка раскінуліся вялікія азёры. Адно — на ўсходзе. Кожны, хто зазірне ў яго, убачыць тамака сваю будучыню. Другое — на захадзе. У ім, нібы ў люстэрку, адлюстроўваецца наша мінулае. Гісторыя, якую я распавяду табе, даўно ўжо на дне гэтага возера, але калісьці яна прынесла нямала клопатаў насельнікам Замка.
Здарылася гэта ранняй травеньскай раніцай. Ішла пятая гадзіна. Зрэшты, так кажуць толькі людзі па сваёй наіўнасці. Пятая гадзіна нікуда не йшла. Яна сядзела на беразе возера Будучыні і боўтала у вадзе нагамі.
З вады з’явілася Хвілінка-малютка.
— Гэй! Шмат вас тамака яшчэ засталося? — паклікала яе Пятая гадзіна.
— Я сорак другая, — адказала Хвілінка, і асцярожна стрэсла з сябе вадзяныя пырскі, якія імгненна ператварыліся ў шэсцьдзесят малюсенькіх секундачак. Хвілінка ўважліва пералічыла сваіх малянят і, зрабіўшы з іх шэраг, павяла праз Замак да заходняга возера.
— Цік-так, цік-так, цік-так, — загрукаталі па лесвіцах Замка дзясяткі малюсенькіх чаравічкаў.
“Да пяці я паспею яшчэ задрамаць”, — падумала Пятая гадзіна. У гэты час сорак трэцяя Хвілінка выйшла на бераг і яшчэ на шэсцьдзесят кропелек зменшылася возера Будучыні. Чытаць далей » Казка пра тое, як маленькая Секундачка увесь Час спыніла