Усе рубрыкі

НЕПАТРЭБНЫЯ РЭЧЫ — Сяргей Брандт

Частка першая

Па вузкай, амаль заросшай лясной сцяжынцы, спяшаўся немалады чалавек. Час быў вячэрні, сонца ўжо схавалася за кроны магутных дрэваў. Аднекуль з поўначы наляцеў студзёны вецер, працягнуўшы, цяжкія ад вады, чорныя хмары над самым лесам. Першыя кроплі забразгалі па галінках і кустах, а потым з нябёс на зямлю хлынулі цалюткія рэкі вады і раптам зусім сцямнела. Гучна стрэліла маланка: адна, другая, асвяціўшы ўсё навокал.
Чалавек заўважыў у гэтым святле нейкую мокрую шэрую пляму сярод хвой і хмызняку. Падбег бліжэй, адчыніў незачыненыя дзверы і ўвайшоў. Дождж яшчэ мацней загудзеў па даху драўлянай пунькі, зацокаў па лужынах босымі нагамі, але ніхто больш не захацеў з ім гуляць у даганялкі і ён тады пачаў сварыцца, заліваць вадой усё, да чаго дацягваліся яго доўгія рукі.
Вецер таксама дапамагаў, кідаўся ў дзверы, выў ваўком у дзірках, палохаючы маладога кажана, які вісеў уніз галавой пад самым дахам. Незнаёмец аглядзеўся: старая пуня сярод дрымучага хваёвага лесу. На зямлі, у левым куце, трохі леташняга сена ляжыць, нейкай дзіўнай капой складзены розныя рэчы сялянскага ўжытку. Худзенькі бок кроснаў, бяззубая барана, пыльны калўрот, драўляныя начоўкі і медны самавар без краніка, а побач чугунны прас з іржавай накрыўкай.
Ён прысеў на сена, шлях быў вельмі доўгі, а цяпер вось і дождж не даў да вёскі некалькі вёрстаў дайсці. Дождж напэўна пачуў думкі чалавека, загаласіў мацней, але пунька хоць і старая, усё ж пабудавана была вельмі добра і ваду праз дах не прапусціла. Чалавек заплюшчыў вочы і задрамаў, а можа і заснуў. А ў гэтым сне пачуў як заскрыпеў калаўрот, звонка бразнуў прас. А потым у яго сон прыйшлі галасы са сваімі гісторыямі.

утюг
ЧЫГУННЫ ПРАС

Памятаю, нядзелька была вербная, святочная. Гаспадар на кірмашы ў Гарадку мяне прыдбаў для сваёй гаспадыні за дзесяць злотых, бо я быў у Вільні змайстраваны. Дахаты прывёз з другімі падарункамі, жонка аж абамлела ад шчасця. Раней яна драўляным пернікам бялізну прасавала, а цяпер прас новы ў хаце. Адчыняй крышку, насыпай вугаль і прасуй сабе ўсё, што пажадаеш. Так і зажылі ў згодзе з гаспадынькай: яна мяне хваліць, а я ёй чым магу дапамагаю. Колькі гадоў мінула ў працы сумеснай — не ведаю, а як толькі святло прыйшло ў вёску, мяне на элетрычны прас змянілі. Трохі яшчэ я дапамагаў то капусту ў бочцы гнуць, то служыў замест малатка маладому гаспадару. Але аднойчы неяк закінулі мяне на страху дзеці, доўга я там у пыле ляжаў, пакуль у лес да пунькі не звезлі. Новы час — новыя рэчы, каму патрэбен цяпер чыгунны прас. Такая вось мая гісторыя, сябры.

самовар

МЕДНЫ САМАВАР
А я зусім не з гэтага месца, з Расіі, з самога горада Тулы. Там майстры на ўвесь свет знакамітыя самаварамі, зброяй і сваімі тульскімі смачнасцямі. Змайстраваў мяне майстар Іван, нацёр сукном і стаў я, як залаты, бліскаць на сонцы. Потым я ўзнагароду атрымаў на адным вялікім кірмашы ў Лодзі і прымацавалі мне медаль срэбраны на мой пузаты жоўты бок. А калі дахаты ехалі, то забыліся мяне на адным маленькім вакзале, дзе я трапіў у рукі аднаго селяніна, які на свой хутар прывёз, адразу вады наліў, трэсак назбіраў і чай заварыў.
З печы дзетвара пазлазіла, яна яшчэ такога дзіва не бачыла, а я на стале стаю, палаю парай, толькі бакі ад хвалявання медныя блішчаць. Потым гаспадар некуды з сям’ёй з’ехаў, мяне ў шынок прадалі. Ад часу пацямнелі мае бакі, вада пачала сачыцца праз кранік. Выкінуў мяне тады шынкар у паветку і забыўся аб маім існаванні на доўгія, доўгія гады. Прачнуўся я сёння, калі маланка над самым дахам стукнула. Сапраўды, новы час. Каму патрэбны старыя рэчы? Гэта мая, сябры, жыццёвая гісторыя.

Сяргей Брандт, 09.07.2014

ЗАКЛЯЦЦЕ СТАРОГА МЛЫНА. Частка другая — Сяргей Брандт

З цыкла “Гісторыі, падобныя на казкі” (Працяг)
…I пайшла гульня шалёная на грошы. А якi вынiк? Kажуць старыя людзi: «Не шукай лепшага праз лёгкае, бо сваё апошняе згубiш”. Так i здарылася: яшчэ нават i першыя пеўнi не праспявалi, а Сяржук наш апошнi залаты дукат, якi заўсёды прыхоўваў на чорны дзень, на стол паклаў. Яшчэ раз бразнулi стомлена косцi аб пачарнеўшае ад пралiтай гарэлкi пакрыцце i ўсё: iдзi хлопец куды хочаш, без грошай, без свайго каня i без сваёй надзеi.
Выскачыў хлопец з карчмы, быццам той чорт, якi пабачыў святы абраз, ды да старога млына пабег. Можа хацеў галаву ад хмелю дурнога ў вадзе астудзiць, а можа i сам пад вадой сваё гора схаваць — хто гэта цяпер ведае, нiколi праўды не раскажа. Толькі да вады чорнай дабег, як пакінулі яго апошнія сілы, ногі падхіліліся, прысеў хлопец на драўляныя ступні. За адну хвіліну прайшло ўсё яго жыццё перад вачыма, прамільгнула і, нават следу не пакінула, як і не было дабра ў ім. Доўга прабыў змярцвелы Сяржук у забыцці, нічога вакол сябе не бачыў, нікога не чуў і калі, на пашарэўшым небасхіле знікла апошняя зорка, ачнуўся, нібы хто ў плечы яго штурхнуў.
млын
Побач сядзеў нейкі калматы, з барадой да зямлі, стары. Дзіравы капялюш хаваў яго твар і вельмі смярдзела балотнай цінай. Стары нешта пільна ў вадзе выглядаў і, шавелячы сінімі губамі, ціха барматаў сабе пад нос. І вось яшчэ што паказалася хлопцу дзівосным: замест ног гэты чалавек меў, пакрыты імхом, здаравенны хвост, які нагадваў хвост сома. А можа і не меў, а можа ўсё гэта толькі нашаму небараку здалося. Але ж, стрымаўшы свой жах, запытаў Сяржук цікавага дзеда, што ён тут робіць у такі ранні час. Стары, нічога не кажучы, на вір каля млына рукой паказаў.
Прыгледзіўся юнак і знепрытоміў, гарачая хваля спачатку ў галаву ткнула, затым да сэрца дайшла і знямела ад нечаканасці. На самым дне, у брудным рачным глеі, ляжала як смецце, нікому не патрэбнае багацце, незлічоныя залатыя цахіны турэцкія, каштоўныя камяні, розныя па афарбоўцы і памерах, посуд цяжкі, якому нават цар мог пазайздросціць, дыяманты бліскучыя ў белай аправе, пярсцёнкі, ланцужкі жоўтыя, завушніцы з бурштынавымі вочкамі, глячкі, запоўненыя ружовым індыйскім жэмчугам, чаркі, срэбраныя з чырвонымі заморскімі яхантамі. Пасярод усёй гэтай бліскучай скарбонкі плавалі вялізныя шчупакі і чорныя налімы, быццам сабакі галодныя, яны ўсё гэта старанна вартавалі.
Вадзянік, а гэта ён і быў, яшчэ прапанаваў хлопцу нырнуць пад ваду, узяць сабе ў кішэню трохі грошай, як бы замест тых, што згубіў Сяржук у карчме, але перасцярог не браць нічога цяжкага, а толькі каштоўныя камяні.
Пра тое, што ў вадзе дыхаць можна, таксама сказаў, і падняўшы правую руку над рачной паверхнасцю, разагнаў сваіх вартаўнікоў у розныя бакі. Не помнячы сябе, нырнуў бедалага ў халодную цёмную ваду. Расступілася вада, прыняла яго і пацягнула на самое дно, быццам праглынула. І чым глыбей юнак наш апускаўся, тым усё больш жудасна рабілася яму. У хуткім часе і святло зверху знікла. Густая начная імгла схавала сабе за пазуху апошні сонечны промень. А ён усё ніяк не мог знайсці пад нагамі аслізлае халоднае дно.
Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 29.03.2014

ЗАКЛЯЦЦЕ СТАРОГА МЛЫНА. Частка першая — Сяргей Брандт

З цыкла “Гісторыі, падобныя на казкі”
Усё гэта адбылося ў тыя старажытныя часы, калi нашу зямлю на сваiх спiнах трымалi вялiзарныя i моцныя сланы, якiя ў сваю чаргу стаялi на панцыры ў адной вяліказнай чарапахi. Зямля была навароджанай i зусiм маленькай. Тады i людзi былi iншымі, ды гiсторыi таго часу былi вельмi цiкавымi. Напрацаваўшыся за доўгi летнi дзень, сяляне мылiся халоднай вадой са студнi, потым смачна i разам вячэралi, затым, седзячы на двары, i паглядаючы на зорнае неба, расказвалi дзiвосныя гiсторыi. Пачуўшы iх, нават маладзiк са сваiмi сяброўкамi-зорачкамi апускаўся нiжэй, амаль да самай зямлi, быццам, ловячы кожнае слова таго, хто гэта цiха апавядаў. Цяпер хто ведае, падобныя на казкi апавяданнi? Няма ўжо i тых заможных старых людзей i тых вячорак. Але гiсторыi ix прыходзяць да нас, стаяць пад нашымi вокнамi i чакаюць, калi дазволяць iм увайсцi ў хату. I вось што прынёс пад вечар сёння да мяне гаварлiвы лясны раўчук — найменьшы сын павольнай блакiтнай Прыпяцi…
skazki-0162
У вёсцы адной, на ўскрайку зялёнага i шумлiвага лесу, жыў хлопец, звалi яго Сяржук Бязродны. Сваёй гаспадаркi ён не меў, але працаваць не цураўся. Прыйшла пара жанiцца хлопцу: да адной сям’i падыйшоў, да другой. “Не — кажуць, — за беднага дачок не аддадзiм. Вось каб з грашыма — дык адразу пад вянец.” Пасядзеў Сяржук дзень, пасмуткаваў ды i пайшоў ў Вiльну да пана iншаземнага на працу нанiмацца. Пан не дурны быў — вочы меў i атрымаў дзяцюк месца на панскiм гандлёвым караблi. Першыя месяцы вельмi многа прыйшлося рабiць новых i ў сваёй вёсцы невядомых спраў, але хлопец быў руплiвы i паслухмяны, i праз паўгода зрабiў яго капiтан гэтага карабля старэйшым матросам. I справа iншая i грошай болей. За далёкiмi падарожжамi неўзабаве скончыўся год, атрымаў Сяржук ладны мяшэчак з срэбранымi шылiнгамі i маркамі i да вёскi сваёй заспяшаўся. Але, як не паганяў ён свайго каня, вечар затрымаў шпаркi бег каля старога млына. Цёмна навокал, хоць вока выкалi, ад стаўка цягне вiльгаццю i нечым нават смуродным. Кола рыпiць так непрыемна, што дрыжыкi бяруць. Прыглядзеўся юнак i бачыць: нешта блiшчыць, быццам маленькi агенчык уначы, пайшоў з канём павольна ў той бок. Можа праз гадзiну якую заўважыў маленькую хату з хлевам, адчынiў у поцьмах дзверы i патрапiў у … карчму. Два сталы, тры лавы, каморка з бутылямi, штофамi, бутэлькамi i пляшкамi, поўнымi моцнага бiмберу. Карчмар, як чорт, побач круцiцца: “Маем флякi гаспадарскiя, салатку смачную, вэнджаную на ядлаўцы каўбасу, трохi бiгусу засталося. На салодкае — мядок лясны, бурштынавыя яблыкi печаныя i заедкi с чарнiцамi”. I на стол дубовы бух кухаль, амаль на дзве кварты, месцячковай гарэлкi, лютай як звер, настоенай на кветках верасу i бярозавых маладых пупырышках. Прэзэнт пану ад карчмы. Уцячы б хлапцу, ды куды пайшла першая чарка, затым другая … да густа накрытага стала падсеў нейкi яўрэй з Менску, з’явiлiся на стале косцi….

Працяг будзе

Сяргей Брандт,17.03.2014

ЦIКАВЫЯ ГIСТОРЫI НАНАЧ АД РЫСЬКI. ЦЮ́РЛI-ЦЮ́РЛI… .. – Сяргей Брандт

Цю́рлі-цю́рлі, вось дык лiха —
Вараць зайцы квас зайчыхам.
З ячмяня, з акрайцаў хлеба,
Смачны дух ляцiць да неба.

Каля рэчкi воўк злуецца:
«Квасу зноў не дастанецца.
Выпiлi бабры, вавёркi…
Толькi дым над полем горкi.»
75989789_325629_original
Цю́рлi-цю́рлi, жарт не лiха —
Вараць зайцы квас зайчыхам.
Воўк прышоў, зайцы — у норах
I сядзяць да першых зорак.

«Cёння — не! Мо ў аўторак?
Квасу зварым з жыта-мора!
Вось дык зробiм усiм свята,
Воўк, заходзь! Мы будзем рады.»