Зорная зімовая ноч. На заснежанай лясной паляне стаіць снегавік. У яго нос-морква, на галаве капялюш са старога вядра, у руцэ мяцёлка. На палянку крадучыся выходзяць Таўстун і Даўгавух.
Спыняюцца.
ДАЎГАВУХ. Ну, чаго спыніўся?
ТАЎСТУН. А ты чаго?
ДАЎГАВУХ. А я… я на цябе гледзячы!
ТАЎСТУН. А я – на цябе!
Нейкі час стаяць моўчкі.
ДАЎГАВУХ. Ну што, пайшлі далей?
ТАЎСТУН. Пайшлі!
Зноў нейкі час моўчкі стаяць.
ДАЎГАВУХ ( сярдзіта). Слухай, мне гэта надакучыла! Трэба ісці!
ТАЎСТУН. Трэба!
ДАЎГАВУХ. Альбо наперад, альбо назад!
ТАЎСТУН. Лепш назад!
ДАЎГАВУХ. Ах ты, баязлівец! Ну, чаго спалохаўся? Ён жа са снегу!
ТАЎСТУН. Ды ведаю я гэта! Але ж вельмі ўжо на паляўнічага падобны! І мяцёлка гэтая… ну зусім, як стрэльба! Ведаеш што, ідзі лепш адзін!
ДАЎГАВУХ. А ты?
ТАЎСТУН. А я цябе тут пачакаю.
ДАЎГАВУХ. Ах, ты тут пачакаеш!
ТАЎСТУН. Я, гэта… павартую!
ДАЎГАВУХ. Ах, ты яшчэ і павартуеш! Добра, баязлівец! Чакай, вартуй, калі больш ні на што не здатны! Толькі морквачкі не атрымаеш! Ні малюпасенькага нават кавалачка! Сам з’ем! Адзін! ( Рашуча ідзе да снегавіка.)
ТАЎСТУН. У, скнара даўгавухая! ( Паварочваецца, ідзе ў лес.)
ДАЎГАВУХ. ( Азіраецца.) А ты – баязлівец! ( Зноў глядзіць на снегавіка.) І зусім нават не страшна! ( Робіць крок.) Што тут страшнага, не разумею!
( Робіць яшчэ крок.) Адпачыць трэба! ( садзіцца на пянёк.) А і сапраўды – ну выліты паляўнічы ў белым балахоне! Здаецца, вось зараз ён гэтую сваю мяцёлку нібыта стрэльбу ўскіне і… ( Ускоквае з пянька.) Ну вось, сам сябе напужаў! ( Уздыхае.) Усяго два крокі і засталося! Два крокі і марковачка мая! Мая марковачка! ( Робіць крок.) Тоўсценькая, салодзенькая, смачненькая!
( Нарэшце робіць апошні крок, працягвае руку, хапаецца за морквіну.)
Вой, што гэта! ( Адскоквае назад.)
СНЕГАВІК. Ап…
ДАЎГАВУХ. Вой!
СНЕГАВІК. Ап… ап…
ДАЎГАВУХ. Вой, вой!
СНЕГАВІК. Апчхі!
ДАЎГАВУХ. Вой, вой, вой! ( Уцякае.)
СНЕГАВІК. ( Павольна азіраецца па баках.) Дзе я? ( Глядзіць уверх, потым уніз, на сябе.) Хто я7 ( Зноў азіраецца па баках.) Навошта я тут стаю?
Вылятае Сарока, садзіцца на ялінку.
САРОКА. Што, што, што здарылася? Хто каму што? Дзе каго чым?
( Расчаравана.) Ніхто нікому нічога!
СНЕГАВІК. Дзе я?
САРОКА. А ў лесе, дзе ж яшчэ?
СНЕГАВІК. Хто я?
САРОКА. А снегавік, хто ж яшчэ?
СНЕГАВІК. Снегавік? А ты хто?
САРОКА. Сарока я, хто ж яшчэ! Дзівак нейкі, нічога не ведае!
СНЕГАВІК. Сарока? А адкуль ты тут узялася?
САРОКА. А прыляцела, адкуль жа яшчэ!
СНЕГАВІК. А я адкуль узяўся?
САРОКА. Зляпілі цябе! Са снегу! Дзеці нейкія тут у лесе гулялі… узялі ды і зляпілі цябе. Рабіць ім, пэўна, не было чаго!
СНЕГАВІК. А потым?
САРОКА. А потым дамоў пайшлі.
СНЕГАВІК. А я?
САРОКА. А ты тут застаўся.
СНЕГАВІК. Дык навошта ж тады яны мяне зляпілі?
САРОКА. Я ж кажу: рабіць ім не было чаго!
Нейкі час маўчаць.
СНЕГАВІК. А мне што зараз рабіць?
САРОКА. Ты ў мяне пытаешся?
СНЕГАВІК. А ў каго ж мне яшчэ запытацца? Ты ж такая разумная, так шмат ведаеш!
САРОКА ( задаволена). Разумнейшых за мяне і сапраўды цяжка знайсці! Адна бяда – сціплая я вельмі! А што ты ў мяне спытаў?
СНЕГАВІК. Я спытаў – што мне рабіць зараз?
САРОКА. Табе? А што табе рабіць? Стой дзе стаіш!
СНЕГАВІК. І ўсё?
САРОКА. А што яшчэ?
СНЕГАВІК.І доўга мне так стаяць?
САРОКА. Ну… пакуль у ваду не ператварышся.
СНЕГАВІК. ( Спалохана.) У ваду?
САРОКА. У ваду, у што ж яшчэ! Бо ты са снегу зроблены! І як толькі вясна прыдзе…
СНЕГАВІК. Хто прыдзе?
САРОКА. Ды што з табой, невукам, размаўляць! Вясна, кажу, прыдзе!
СНЕГАВІК. І хутка яна прыдзе?
САРОКА. Убачыш, а дакладней, адчуеш! Як толькі вада з цябе пацячэ – лічы, што яна ўжо тут! ( Заклапочана.) Ну ўсё, паляцела я! Справы мяне чакаюць, справы… Усіх трэба абляцець, за ўсімі трэба прыглядзець, усім трэба аб усіх усё паведаміць! Што ні кажы, а цяжкае ў мяне, у Сарокі, жыццё! ( Ляціць прэч.)
СНЕГАВІК. Куды ты?! А я? Мне што рабіць?
САРОКА.( Здалёк.) А што табе? Стой дзе стаіш і чакай вясну! Мне б твае клопаты! ( Знікае між дрэў.)
СНЕГАВІК. Чакай Вясну! ( Уздыхае.) Вясёленькая перспектыва, нічога не скажаш! Толькі, можна сказаць, на свет з’явіўся… жыць толькі пачынаю, можна сказаць… ( Зноў уздыхае.) Ведаць бы, што яна з сябе ўяўляе, Вясна гэта? І калі яна прыдзе сюды? ( Уздрыгвае, спалохана азіраецца.) А можа яна ўжо прыйшла? Можа падкрадваецца зараз да мяне ціхенечка? А можа… можа пажартавала Сарока? Можа яе і зусім няма, Вясны гэтай? Вой, здаецца, яна ўсё ж прыйшла! Трэба схавацца! Схавацца трэба! ( Нейкі час спалохана мітусіцца па палянцы, потым хаваецца за ялінку. У гэты ж час на паляне з’яўляецца Лісіца.)
ЛІСІЦА. ( Нюхае паветра.) Зноў абдурылі мяне даўгавухія! Адзін толькі пах пасля сябе і пакінулі! ( Зноў прынюхваецца.) Ну, нічога, нічога! Злаўлю я іх калі-небудзь, абавязкова злаўлю! А хто ж гэта там, за елкай? Гэй, ты хто?
СНЕГАВІК. Ва-ва-ва-ва… Во-во-во-во… Вы-вы-вы-вы…
ЛІСІЦА. Нічога не разумею! Выходзь адтуль! Выходзь, каму кажу!
СНЕГАВІК. ( Павольна выходзіць з-за елкі.) Вы-вы-выбачайце мяне, спадарыня Вясна! Я больш не бу-бу-бу…
ЛІСІЦА. Шчыра кажучы, я пакуль таксама нічога не бум-бум! Чакай, а як ён мяне толькі што назваў? Гэй, як ты мяне назваў толькі што?
СНЕГАВІК.( Увесь трасецца.) Больш не бу-бу-бу…
ЛІСІЦА. Гэта я ўжо чула! Мне цікава, як ты мяне толькі што назваў? Чаго ты маўчыш? Ты будзеш адказваць?
СНЕГАВІК. Бу-бу-бу…
ЛІСІЦА. Тады адказвай!
СНЕГАВІК. Толькі не ператварайце мяне ў ваду, спадарыня Вясна!
ЛІСІЦА. Ах, вось яно што! ( Убок.) Гэты дурань, здаецца, прыняў мяне за Вясну! Трэба неяк выкарыстаць гэта на сваю карысць! ( Да Снегавіка.) Адказвай, толькі праўду кажы! Тут зайцы былі?
СНЕГАВІК. Тут Сарока была, Ваша Вясновасць!
ЛІСІЦА. Ды што мне да той Сарокі! Зайцы тут былі, я ў цябе пытаюся?
СНЕГАВІК. Не бачыў, Ваша Вясновасць!
ЛІСІЦА. А вось зараз як ператвару цябе ў ваду, дык адразу ўбачыш!
СНЕГАВІК ( спалохана). Злітуйцеся, Ваша Вясновасць!
ЛІСІЦА. Ну, добра, на першы раз я цябе дарую! А калі дапаможаш мне зайцаў спаймаць – тады я… тады я, наогул, не стану цябе ў ваду ператвараць!
СНЕГАВІК ( узрадавана). Дзякуй Вам, Ваша Вясновасць! Я дапамагу, я абавязкова дапамагу! Толькі вось… а хто яны такія, зайцы?
ЛІСІЦА. Ты зайцаў не ведаеш?! Ды зайцы, гэта… гэта такія… смачненькія такія!
СНЕГАВІК. Смачненькія?
ЛІСІЦА. Я хацела сказаць, прыгожанькія! Вушы ў іх доўгія…
СНЕГАВІК. Як у Вас, Ваша Вясновасць?
ЛІСІЦА. Даўжэйшыя! А хвост, дык наадварот – малы, недарэчны… словам, брыдота нейкая, а не хвост! Ну што, зразумеў цяпер, як зайцы выглядаюць?
СНЕГАВІК. Крыху зразумеў.
ЛІСІЦА. Ну, а калі зразумеў, тады ты, як толькі іх убачыш, павінен…
( Лісіца штосьці шэпча Снегавіку на вуха.) Зразумеў?
СНЕГАВІК. Зразумеў, Ваша Вясновасць… дакладней, нічога не зразумеў!
ЛІСІЦА. А вось як ператвару цябе зараз у ваду!
СНЕГАВІК. Не трэба, я ўсё зразумеў! Я не зразумеў толькі, навошта Вы хочаце іх злавіць, Ваша Вясновасць?
ЛІСІЦА. Навошта, навошта! ( Задумваецца.) Гульня ў нас такая з імі! Я іх, быццам бы, лаўлю, а яны ад мяне, быццам бы, хаваюцца!
СНЕГАВІК. А потым, калі зловіце, што Вы з імі робіце?
ЛІСІЦА. Адпускаю, што ж яшчэ! А потым зноў лаўлю… і зноў адпускаю…
СНЕГАВІК. І ўсё?
ЛІСІЦА. Ну, пернічкамі пачастую перад тым, як адпусціць… цукерачкамі рознымі… А ты што думаў?
СНЕГАВІК. Я баяўся, што Вы іх у ваду ператвараеце, Ваша Вясновасць!
ЛІСІЦА. У ваду? ( Смяецца.) Вось за гэта можаш не хвалявацца, гэта ім не пагражае! І хопіць ужо пытанняў! Ці можа сам хочаш у ваду ператварыцца?!
СНЕГАВІК ( спалохана). Ніяк не, Ваша Вясновасць!
ЛІСІЦА. Глядзі ў мяне! ( Хаваецца між дрэў.)
Амаль адначасова зноў з’яўляюцца зайцы.
ТАЎСТУН ( узрадавана). Ды вунь ён, стаіць. Як і стаяў! Табе проста здалося!
ДАЎГАВУХ. Ты хочаш сказаць, што мне з перапуду здалося?
ТАЎСТУН. Я гэтага не казаў!
ДАЎГАВУХ. А ты ў нас смелы, так?
ТАЎСТУН. Я і гэтага не казаў!
СНЕГАВІК. У мяне да вас пытанне: вы – зайцы?
ТАЎСТУН. Зайцы, зайцы! Не перашкаджай! ( Тут да яго даходзіць.) Вой!
( Спалохана адскоквае назад.)
ДАЎГАВУХ. Ну вось, а ты не верыў!
ТАЎСТУН. Дык ён што, жывы? ( Снегавіку.) Ты жывы?
ДАЎГАВУХ. Ну вядома ж жывы, калі размаўляе! ( Уздыхае.) Выходзіць, морквачка наша цю-цю!
ТАЎСТУН. Не бядуй! Новы сябар лепш за нейкую там морквачку!
СНЕГАВІК. Дык вы і сапраўды зайцы?
ДАЎГАВУХ. Ды зайцы мы, зайцы! Я – Даўгавух, а гэтага таўстуна так і завуць – Таўстун!
ТАЎСТУН. Вельмі смешна!
СНЕГАВІК. А я – Снегавік!
ДАЎГАВУХ. Ну, гэта мы і без цябе ведаем! Мы нават бачылі, як дзеці цябе са снегу ляпілі.
СНЕГАВІК. Са снегу… ( Уздыхае.)
ТАЎСТУН. Слухай, пайшлі з намі!
ДАЎГАВУХ. Праўда, пайшлі! Ну, што ты будзеш тут адзін сумаваць!
СНЕГАВІК. А што мы будзем рабіць?
ТАЎСТУН. Бегаць, скакаць, у гульні розныя цікавыя гуляць! Ведаеш якую-небудзь гульню?
СНЕГАВІК. Не ведаю.
ДАЎГАВУХ. Нічога, мы цябе хутка навучым! Пайшлі!
СНЕГАВІК. Ды я б з задавальненнем, толькі… ( Азіраецца, шэптам.) Слухайце, а вы Вясны не баіцеся?
ДАЎГАВУХ. А чаго яе баяцца?
СНЕГАВІК. Якія вы смелыя!
ДАЎГАВУХ.( Таўстуну.) Чуеш, мы смелыя!
ТАЎСТУН. Знайшоў смелых! Ды мы каго толькі не баімся!
ДАЎГАВУХ. Ты за сябе кажы! Ты можа і баішся, а я…
ТАЎСТУН. А ты нікога не баішся, так?
ДАЎГАВУХ. А каго я баюся?
ТАЎСТУН. А Лісіцы?
ДАЎГАВУХ. Лісіцы?! ( Уздрыгвае, азіраецца.) Ха! Было б каго! Ды гэта яна мяне баіцца, падманшчыца рыжая!
З кустоў высоўваецца Лісіца, Снегавік яе бачыць, зайцы не бачаць.
ЛІСІЦА. ( да залы.) Я?! Яго?!
СНЕГАВІК. А Лісіца, гэта хто?
ТАЎСТУН.( Шэптам.) Лісіца – гэта…
ДАЎГАВУХ. ( Перабівае яго.) Ды што аб ёй казаць! Я ёй калі-небудзь хвост на вузел завяжу! Нават на тры вузлы!
ЛІСІЦА. ( да залы.) Ён?! Мне?! Ну, хутка ён па-іншаму загаворыць!
( Пачынае рабіць Снегавіку нейкія знакі.)
ТАЎСТУН. Ну што, ідзем з намі?
СНЕГАВІК. Пачакайце, я вам нешта сказаць хачу…
ДАЎГАВУХ. Ну, кажы!
Лісіца паказвае Снегавіку, як трэба хапаць зайцаў.
СНЕГАВІК. Вы бліжэй падыйдзіце.
Зайцы падыходзяць да Снегавіка, той раптам хапае іх. Лісіца бяжыць да Снегавіка.
ЗАЙЦЫ. ( Спрабуюць вызваліцца.) Ты што робіш?! Адпусці нас зараз жа!
СНЕГАВІК. Ды гэта ж гульня такая, што вы вырываецеся! Праўда ж, спадарыня Вясна?
ЛІСІЦА. Праўда, праўда! ( Выхоплівае зайцаў, цягне іх у лес.)
ЗАЙЦЫ. Дапамажыце! Ратуйце!
СНЕГАВІК ( разгублена). Куды ж вы іх, Ваша Вясновасць? А пернічкі?
ЛІСІЦА. ( Здалёк.) Будуць ім зараз пернічкі! Ух, якія пернічкі ім зараз будуць! ( Знікае між дрэў.)
СНЕГАВІК. Нічога не разумею!
Зноў вылятае Сарока.
САРОКА. Апошняя навіна! Самая апошняя навіна! Лісіца злавіла зайцаў! Толькі што Лісіца злавіла зайцаў!
СНЕГАВІК. Лісіца?! ( Хапаецца за галаву.) Дык гэта была Лісіца, а ніякая не Вясна! Што я нарабіў!
САРОКА. А, дык гэта ты дапамог ёй іх злавіць?! Ах, якая навіна! Якая выдатная навіна! ( Ляціць у лес, крычыць.) Самая апошняя навіна! Снегавік дапамог Лісіцы злавіць зайцаў! Ах, які нядобры ўчынак! Ганьба Снегавіку!
( Голас яе паступова заціхае.) Апошняя навіна! Самая апошняя навіна!
СНЕГАВІК.( У роспачы.) Што я нарабіў! ( Мітусіцца па паляне.) Што мне зараз рабіць?! Я ведаю, што мне рабіць! ( Размахваючы мяцёлкай, бяжыць за Лісіцай.) Я ведаю, што мне зараз рабіць!
КАНЕЦ 1-Й ДЗЕІ
ДЗЕЯ 2
Палянка, але ўжо іншая. На яе выбягае Лісіца з зайцамі, спыняецца.
ЛІСІЦА. Ну вось! Тут нам ніхто не перашкодзіць!
ТАЎСТУН. Пусціце, цётухна!
ЛІСІЦА. Ты глядзі, пляменнічак які знайшоўся! ( Даўгавуху.) А каму гэта ты хвост на вузел завязваць збіраўся, а?!
ТАЎСТУН. Ён пажартаваў, цётухна!
ДАЎГАВУХ. На тры вузлы!
ЛІСІЦА. Ты глядзі, ён і цяпер жартуе! Ну я вас зараз… што я з вамі зараз зраблю!
З’яўляецца Воўк.
ВОЎК. Ого-го!
ЛІСІЦА.( Убок.) Прынесла нялёгкая, гэтага “огогоку”! ( Спрабуе схаваць зайцаў за спіной.) Прывітанне, кумок! Прывітанне, даражэнькі! Занятая я вельмі, паразмаўляць з табой не магу! Ідзі, кумок, куды ішоў! Ідзі, ідзі, не аблізвайся! Зразумеў?
ВОЎК ( панура.) Ага-га!
На палянку выскоквае Снегавік.
СНЕГАВІК.( Размахвае мяцёлкай.) Ану, адпусці зайцаў, рыжая падманшчыца!
ЛІСІЦА. ( Хаваецца за Ваўка.) Воўк, я з табой сябрую!
СНЕГАВІК. Адпусці зайцаў, каму сказаў!
ЛІСІЦА. І не падумаю! Воўк, я цябе зайчацінкай пачастую!
ВОЎК ( узрадавана). Ого-го!
ЛІСІЦА. Толькі спачатку прагані адсюль гэтую гурбіну з вачыма!
ВОЎК. Ага-га! ( Хапае нейкі кіёк і нібыта мушкецёр становіцца ў баявую пазіцыю.) Эгэ-гэ!
СНЕГАВІК. Ну, трымайцеся! ( Кідаецца ў атаку, паміж ім і Ваўком адбываецца сапраўдны фехтавальны паядынак.)
ВОЎК.( З цяжкасцю абараняецца.) Ого! Ого-го!
ДАЎГАВУХ. Так яго, Снегавік, так!
ТАЎСТУН. Давай, Снегавік!
ЛІСІЦА. Цыц вы, абодвы! Воўк, трымайся! У думках я з табой!
ВОЎК. Ага-га! ( Сабраўшыся з сіламі ён пераходзіць у наступ.)
ЛІСІЦА. Ага, наша бярэ!
ВОЎК. Ага-га! Кій-я!
ЛІСІЦА. Так, так! Кійком яго, шэранькі, кійком!
ДАЎГАВУХ. Снегавік, не паддавайся!
ТАЎСТУН. Трымайся, Снегавік!
ЛІСІЦА. Маўчаць, даўгавухія!
ДАЎГАВУХ. Сама маўчы, даўгахвостая!
Прылятае Сарока.
САРОКА. Ах, якая навіна! Якая свежая навіна! ( Садзіцца на яліну.) Увага! Увага! Мы вядзём свой рэпартаж са стадыёну… ну, хай будзе, “Лясная паляна”! Тут зараз праходзіць паядынак па гэтым, як яго… фех… фех… фехтаванню, вось! Справа ад нас, у шэрай спартыўнай вопратцы, Воўк, вопытны спартсмэн… дарэчы, ён толькі што прапусціў дакладны і ёмкі ўдар мяцёлкай па вуху! Ах, які прыгожы ўдар!
ЛІСІЦА. Закрый дзюбу, балбатуха! Дабяруся я да цябе калі-небудзь!
САРОКА.( Не звяртаючы ўвагі на пагрозу.) Злева ад нас, паважаныя балельшчыкі, у белай спартыўнай форме, Снегавік, малады, але даволі перспектыўны спартсмен! Вось ён зноў атакуе… наносіць удар, яшчэ адзін удар! Ай-ай-ай! У яго зламалася мяцёлка! Які крыўдны момант! Спадзяюся, што Воўк, як сапраўдны, гэты… джэ… джэ… джэнтэльмен, не выкарыстае гэтую няўдачу саперніка на сваю карысць і дазволіць Снегавіку…
ЛІСІЦА. Як бы не так! Бі яго, шэранькі! Прама па галаве лупі!
ВОЎК. Кій-я! ( Узмахвае кійком.)
ЛІСІЦА. Правільна, шэранькі! Кіёчкам яго!
ТАЎСТУН ( з роспаччу). Прапалі мы!
У гэты час з-пад снегу, якраз між Ваўком і Снегавіком, высоўваецца галава Мядзведзя. Адразу ж Мядзведзь атрымлівае кійком па ілбе.
ВОЎК ( спалохана). Ого! ( Губляе кіёк, хаваецца за Лісіцу.)
МЯДЗВЕДЗЬ ( грозна). Хто мне спаць перашкаджае?!
Нямая сцэна. Снегавік спрабуе адрамантаваць мяцёлку, Воўк дрыжыць аж страху за спіной лісіцы, тая ж спрабуе ўтрымаць зайцаў.
ЗАЙЦЫ.( Разам.) Дзядзька Міхайла! Дзядзька Міхайла!
МЯДЗВЕДЗЬ. Што?! Ты зноў, рыжая, маіх сяброў крыўдзіш?!
ЛІСІЦА ( лісліва). Ну што ты, Міхайла Патапыч! Ну як ты мог нават падумаць такое пра мяне! Гэта ж мы гуляем проста…
МЯДЗВЕДЗЬ. Ану, адпусці іх, рыжая падманшчыца, а не тое, зараз увесь вылезу!
ЛІСІЦА. Не трэба! ( адпускае зайцаў.) Ідзіце, мае слаўненькія, ідзіце, мае смачненькія! Ідзіце, ідзіце, усё роўна я вас спаймаю калі-небудзь!
ВОЎК. Ага-га!
МЯДЗВЕДЗЬ. Ды я ж вас зараз…
ВОЎК. Ого-го! ( Уцякае, Лісіца за ім. )
ДАЎГАВУХ. Бяжыце, бяжыце, пакуль я вам хвасты на тры вузлы не завязаў!
Зайцы смяюцца. У гэты час Снегавік непрыкметна знікае ў гушчары.
ТАЎСТУН. Ура, мы выраватаныя! Ура!
САРОКА. Апошнія навіны! Самыя апошнія навіны! Зайцы вызвалены з палону! Снегавік выправіў сваю памылку! ( Азіраецца.) Дзе ж наш герой? Дзе ён?
ТАЎСТУН. Няма! Знік некуды!
ДАЎГАВУХ. Знік і няхай знікае!
ТАЎСТУН. Ён жа нас выратаваў!
ДАЎГАВУХ. Гэта потым! А спачатку што ён з намі зрабіў?!
ТАЎСТУН. Дык ён жа не ведаў нічога!
МЯДЗВЕДЗЬ. Нічога не разумею, аб чым вы спрачаецеся! Ды і разумець не хачу! ( Пазяхае.) Спаць я хачу, вы ўжо прабачце мяне, зайчаняты!
Галава Мядзведзя знікае пад снегам.
ТАЎСТУН. Салодкіх вам сноў, Міхайла Патапыч!
ДАЎГАВУХ. І дзякуй за дапамогу!
САРОКА. А мне?
ДАЎГАВУХ. А табе за што, балбатуха?
САРОКА. Я хацела сказаць: мне таксама некалі з вамі тут балясы тачыць! Спраў у мяне шмат, спраў! ( Ляціць прэч, крычыць.) Апошняя навіна! Самая апошняя навіна! Нечаканае знікненне Снегавіка! Таямнічае здарэнне! Вельмі таямнічае здарэнне! ( Голас яе заціхае ўдалечыні.)
ДАЎГАВУХ. Ну… давай пашукаем яго, Снегавіка гэтага!
ТАЎСТУН. Давай пагукаем спачатку. Гэй, Снегавік!
ДАЎГАВУХ. Снегавік, дзе ты?!
З кустоў выходзіць Снегавік.
СНЕГАВІК. Ды тут я, тут!
ТАЎСТУН ( узрадавана). Снегавік! Куды ж ты знік, дружа?
СНЕГАВІК. Ды я… проста мне сорамна стала перад вамі… Я ж перад вамі так вінаваты!
ДАЎГАВУХ. Ды ні ў чым ты не вінаваты!
ТАЎСТУН. Галоўнае – што ты потым для нас зрабіў! Ну, калі зразумеў, што да чаго!
СНЕГАВІК. Дык вы на мяне не сярдуеце?
ДАЎГАВУХ. Ані кропелькі!
СНЕГАВІК. І вы будзеце са мной сябраваць?
ТАЎСТУН. Абавязкова будзем!
СНЕГАВІК. І мы будзем гуляць у розныя гульні?
ДАЎГАВУХ. Ды сколькі пажадаеш!
СНЕГАВІК. Ура! ( Змаўкае.) Толькі вось… Вясна! Баюся я яе!
ТАЎСТУН. Далёка яшчэ да вясны! Зіма яшчэ ў самай сярэдзіне!
ДАЎГАВУХ. Айда з намі, Снегавік! ( Бяжыць у лес.)
ТАЎСТУН. Не адставай! ( Бяжыць следам.)
СНЕГАВІК. Ура! ( Бяжыць за імі.) Як добра мець сяброў!
КАНЕЦ 2-Й ДЗЕІ
ДЗЕЯ 3
Тая ж палянка, што і ў дзеі 1, толькі снегу
на ёй значна паменшыла. На палянку выходзіць Зіма,
насустрач ёй Снегавік.
ЗІМА. Ну што, знайшоў?
СНЕГАВІК ( вінавата). Не знайшоў, спадарыня Зіма!
ЗІМА. Ну і знайшла ж я сабе памагатага! Ні на што не варты! ( Ідзе прэч, спыняецца.) Шукай гэтую кветку, Снегавік! І добра шукай, калі не хочаш у ваду ператварыцца! ( Знікае між дрэў.)
СНЕГАВІК. Шукай кветку, Снегавік! ( Уздыхае.) Ну як яе знайсці ў такім велічэзным лесе?! І хоць бы ведаць, што яна з сябе ўяўляе! Не, відаць і сапраўды прыдзецца мне ў ваду… ( У гэты час зусім непадалёку ад яго распускаецца прыгожая бліскучая кветка блакітнага колеру.) Не можа быць! Гэта ж… гэта ж яна і ёсць! Я знайшоў яе, я яе нарэшце знайшоў! ( Зрывае кветку, узнімае яе над галавой.) Спадарыня Зіма! Спадарыня Зіма! Я знайшоў!
На палянцы з’яўляюцца зайцы.
ДАЎГАВУХ. Што ты робіш, Снегавік?!
СНЕГАВІК. Як, што? Я хачу аддаць Зіме гэты першы падснежнік!
ТАЎСТУН. Які жах!
ДАЎГАВУХ. ( Таўстуну.) Гэта з-за цябе мы спазніліся!
СНЕГАВІК. Нічога не разумею!
ТАЎСТУН. Не аддавай гэту кветку Зіме!
СНЕГАВІК. Чаму?
ДАЎГАВУХ. Ды таму, што тады Вясна ніколі не прыдзе да нас! І заўсёды будзе толькі зіма!
СНЕГАВІК. Дык гэта ж цудоўна – зіма! Зімой так весела! Ну скажыце – хіба кепска нам было зімой, хіба нецікава?!
ТАЎСТУН. Зімой так холадна!
ДАЎГАВУХ. Зімой так голадна!
ЗАЙЦЫ ( Разам.) Мы загінем, калі не прыдзе вясна!
СНЕГАВІК. Нічога не разумею! Вам жа так падабалася гуляць са мной!
ТАЎСТУН. Падабалася!
ДАЎГАВУХ. Але ж мы так чакалі Вясну!
На палянцы з’яўляюцца Воўк і Лісіца.
ЛІСІЦА. Мы таксама чакалі Вясну! Праўда ж, шэрынькі?
ВОЎК. Ага-га!
З’яўляецца Мядзведзь.
МЯДЗВЕДЗЬ. І я, гэта… таксама чакаў яе, вось…
СНЕГАВІК. Ну а табе чым кепска было там, у бярлозе? Спі сабе…
МЯДЗВЕДЗЬ. Ды не магу я болей спаць! Усе бакі ўжо адляжаў… і, гэта… есці ўжо хочацца, вось!
ДАЎГАВУХ. Што ж нам цяпер рабіць?
ДІСІЦА. Ды адабраць у яго гэтую кветку і справе канец! Эх, не паспелі!
На палянку зноў выходзіць Зіма.
ЗІМА. Ты глядзі! Я на яго сварылася, а ён і сапраўды знайшоў гэтую кветку! Ну ўсё, цяпер я адсюль нікуды не пайду! ( Усе звяры спалохана ўздрыгваюць.) Давай мне кветку, Снегавік! Ну, чаго чакаеш?! Давай сюды кветку!
ТАЎСТУН. Не рабі гэтага, Снегавік! Бо інакш мы ўсе загінем!
УСЕ ЗВЯРЫ. ( Разам.) Мы ўсе загінем, Снегавік! Не рабі гэтага!
ЗІМА. Ну, доўга мне яшчэ чакаць!
СНЕГАВІК. А гэта праўда? Тое, што яны кажуць!
ЗІМА. А хоць бы і так! Табе якая справа!
З’яўляецца Вясна.
ВЯСНА ( радасна). А вось і я!
ЗІМА. З’явілася?
ВЯСНА. З’явілася! Саступай месца, сястрыца!
ЗІМА. І не падумаю! На гэты раз я цябе перахітрыла! Твой першы падснежнік… ён у мяне!
ВЯСНА ( разгублена). У цябе? Як такое магло здарыцца?
ТАЎСТУН. Гэта мы вінаватыя! ( Усхліпвае.) Гэта мы павінны былі першымі знайсці гэтую кветку, а мы… мы спазніліся! ( Зноў усхліпвае.) Даруйце нам!
( Плача.)
ДАЎГАВУХ. Не раві! І без цябе моташна!
ЛІСІЦА. У, разявакі даўгавухія! Аніякай справы вам даверыць нельга!
ВОЎК. Ага!
ЛІСІЦА. З’есці іх трэба за гэта, вось і ўвесь сказ! Каб больш так не рабілі!
ВОЎК. Ага-га!
МЯДЗВЕДЗЬ. Я табе як “агагакну” зараз!
ВОЎК. Ого-го! ( Хаваецца за Лісіцу.)
ВЯСНА. Нікога не трэба есці! Я зараз папрашу сваю сястрыцу і яна сама аддасць мне кветку.
ЗІМА. Як бы не так! Снегавік, чаго ты чакаеш! Хутчэй давай мне кветку!
ВЯСНА. Дык яна яшчэ не ў цябе?
ЗІМА. Зараз у мяне будзе! Снегавік, доўга мне чакаць?! Што ты ўсё раздумваеш аб нечым!
СНЕГАВІК. Я… мне… мне іх усіх шкада…
ЗІМА. А сябе не шкада?
СНЕГАВІК. І сябе шкада, але ж… ( Уздыхае.) Я адзін, а іх так шмат! Дык няхай лепей я адзін прападу! ( Рашуча ідзе да Вясны.)
ЗІМА. Не рабі гэтага, дурань!
СНЕГАВІК. Я павінен гэта зрабіць! ( Працягвае Вясне падснежнік, тая яго бярэ, усе звяры радуюцца.)
ЗІМА. Што ж ты нарабіў, абармот! Ну і прападай зараз!
ВЯСНА. Дзякуй табе, Снегавік! Ад усіх нас, дзякуй!
МЯДЗВЕДЗЬ. Ну і ад мяне, гэта… таксама, вось!
ВЯСНА.( Зіме.) Не крыўдуй, сястрыца! Прыходзь у свой час! Я з задавальненнем саступлю месца Лету, Лета – Восені… Ну а пасля Восені…
ТАЎСТУН. Пасля Восені мы будзем зноў чакаць вас, спадарыня Зіма! Каб Новы год сустрэць…
ДАЎГАВУХ. Каб з горкі снежнай пакатацца….
МЯДЗВЕДЗЬ. Каб, гэта… адпачыць добра пасля лета, вось… Тады ўсе будуць вас чакаць!
ЛІСІЦА. Будзем чакаць, праўда ж, шэры?
ВОЎК. Ага-га!
ЗІМА. ( Усё яшчэ сярдзіта.) Чакаць яны мяне будуць! Ну, чакайце, чакайце… пагляжу я, чаго вы там дачакаецеся! ( Ідзе прэч, усё яшчэ бурчыць.) Чакаць яны мяне будуць! Суцешылі!
ТАЎСТУН ( разгублена). Спадарыня Зіма, а як жа… як жа Снегавік? Ён жа растане зараз!
СНЕГАВІК. Растану! ( Уздыхае.) Я ўжо пачынаю раставаць…
ТАЎСТУН. Як жа мне шкада цябе, Снегавічок! Так шкада… ну, так шкада!
ДАЎГАВУХ. І мне шкада!
ЛІСІЦА. Было б аб чым шкадаваць! Няхай тае – вады больш будзе! Так, шэранькі?
ВОЎК. Ага-га.
МЯДЗВЕДЗЬ ( грозна). Што? Зноў?!
ВОЎК. Ого-го! ( Бяжыць прэч, Лісіца за ім.)
ВЯСНА. Пачакай, сястрыца!
ЗІМА.( Спыняецца.) Ну, што табе яшчэ?
ВЯСНА. Ніколі і не аб чым я цябе не прасіла, а зараз прашу. Вельмі прашу – вазьмі з сабой Снегавіка!
ЗАЙЦЫ ( Разам.) Вазьміце яго з сабой, спадарыня Зіма! Ён вам дапамагаць будзе!
ЗІМА. Ён ужо мне дапамог дык дапамог!
МЯДЗВЕДЗЬ. Ён, гэта… не хацеў вас пакрыўдзіць! Ён проста нас усіх пашкадаваў, вось…
ВЯСНА. Сапраўды, сястрыца, хопіць табе на мяне крыўдаваць! Вазьмі Снегавіка!
ЗІМА. Ну, няхай так і будзе! Вазьму! ( Раптам смяецца.) Напэўна, мне і сапраўды адпачыць ад вас трэба! Стамілася я тут з вамі! ( Снегавіку.) Ідзем, памагаты!
Яны ідуць прэч, Снегавік паварочваецца, махае ўсім рукой.
СНЕГАВІК. Я вярнуся! Чакайце мяне наступнай зімой!
ЗАЙЦЫ.( Разам.) Будзем чакаць! Вяртайся хутчэй!
МЯДЗВЕДЗЬ. Не хутчэй, а, гэта… у свой час, вось!
ДАЎГАВУХ. Вось я і кажу: у свой час!
ТАЎСТУН. Мы чакаць будзем!
З’яўляецца Сарока, садзіцца на дрэўца.
САРОКА. Апошнія навіны! Самыя апошнія навіны!
ДАЎГАВУХ. Спазнілася ты, балбатуха!
САРОКА. Як гэта? Чаму гэта?
ТАЎСТУН. Ды таму, што самыя апошнія навіны толькі што тут адбыліся!
САРОКА. Як гэта, тут? Чаму гэта, тут? Як жа я іх ведаць не буду!
МЯДЗВЕДЗЬ. Не будзеш ведаць, дык… гэта… цішэй у лесе будзе, вось!
САРОКА. Ды я і так ужо здагадалася! Аб усім ужо здагадалася! Вясна ў лес прыйшла, вось што!
ВЯСНА. Сапраўды! Цяпер можаце лічыць, што ў лес прыйшла сапраўдная вясна!
К А Н Е Ц
Крыніца: сайт пісьменніка Генадзя Аўласенкі
Каментаваць