У адным беларускім мястэчку жыла-была Мама, і былі ў гэтай Мамы два сыночкі-блізняты. Бацька дзетак памёр, але Мама ўсяляк спрабавала зрабіць так, каб дзеткі ўсё мелі і былі шчаслівымі.
Хлапчукі марылі граць у рок-гурце, і на дзень нараджэння Мама сабрала грошыкі і набыла старэйшаму сыночку гітару, а малодшаму – бубны з медзянымі талерачкамі, якія ёсць толькі ў лепшых музыкаў.
Шчаслівымі былі сыночкі. Штодня яны практыкаваліся і нават самі складалі музыку.
Вельмі Мама любіла сваіх дзетак. Цэлы дзень яна старалася быць са сваімі малюпахамі, а ўвечары, калі дзетак укладала ў ложкі і калі яны засыналі, ішла на працу.
Зранку ўсё было нагатавана, прыбрана. Дзеткі сытыя і добра апранутыя ішлі ў школку, а мама на другую працу.
Але час ішоў, і паціху хлопцы станавіліся дарослымі, жаніліся і выязджалі ў іншыя большыя гарады, дзе і жыць лягчэй, і плоцяць за працу больш. А Маці, як любая маці, спрабавала дапамагчы ім, як мага лепш уладкавацца.
Так сыночкі ажаніліся і ад’ехалі. У кожнага з іх былі свае сем’і, свае дзеткі. Кожны з іх сутыкнуўся з вялікай колькасцю праблемаў, кожны спрабаваў зрабіць як найлепш для сваіх дзетак. І за гэтым усім сыны забыліся пра сваю Маму.
Мама вельмі сумавала па сваіх дзетках. Яна часта тэлефанавала ім і прасіла:
— Прыедзьце да мяне, прывязіце сваіх жонак і сваіх дзетак. Я так хачу паглядзець на іх, прытуліць, пацалаваць…
Але яе дзеткі казалі, што зараз якраз не маюць часу, але крыху пазней абавязкова прыедуць.
Калі прыходзіў час прыезду, Мама рыхтавалася да сустрэчы, але кожны раз дзеткі тэлефанавалі, каб сказаць, што не могуць прыехаць. І кожны раз гэта былі сур’ёзныя, важкія прычыны.
Так ішлі гады, а дзеткі ўсё не ехалі. Пра ўсё яны забылі: і пра Маму, і пра свае мары дзяцінства.
Паступова Мама прызвычаілася да таго, што дзеткі да яе не едуць. Мама перастала цікавіцца тым, што адбывалася вакол. Яна перастала звяртаць увагу на тое, як яна апранаецца, што есць. Вочы ў яе згаслі, і яна паступова перастала сустракацца і размаўляць з іншымі людзьмі. Мама страціла ўсё, што любіла, – сваіх сыночкаў — і таму страціла цікавасць да навакольных людзей і да жыцця. Толькі гітара і бубны нагадвалі ёй пра сыночкаў і трымалі пры жыцці.
Маці перастала выходзіць на надворак, і надворак паступова зарос кустоўем, а пазней дрэвамі і высокай травой. Хата пахілілася, шкло ў вокнах счарнела. Надворак і хата пачалі выглядаць, як у жахлівых-жахлівых казках. Хаты часта гібеюць не таму, што пра іх не клапоцяцца, а таму што ў хаце заціхае жыццё.
Людзі пачалі баяцца гэтага месца, а жанчыны пачалі палохаць сваіх непаслухмяных дзетак тым, што прыйдзе злая цётка і забярэ іх у сваю жудасную хатку.
Так Мама, якую забылі дзеткі, пераўтварылася ў Бабу Ягу. Не, яна не была злая і не палявала на дзетак, але суседзі самі страшыліся яе і з-за таго, што яна пазбягала людзей, лічылі небяспечнай.
І вось аднаго разу ляцеці над хатай, дзе жыла Маці, анёлы. Пачулі, як Матчына сэрца стогне і рвецца ад жалю. Спыніліся анёлы. Паглядзелі адзін на аднаго і вырашылі дапамагчы няшчаснай кінутай Маці.
Бачаць, што на сцяне, проста насупраць Мамінага ложка, гітара старэйшага сына вісіць. Пасядзелі анёлы каля Мамы, падумалі і вырашылі ляцець да яе старэйшага сына, каб абудзіць яго сэрца.
Прыляцелі і пачалі граць на гітары, каб сэрца старэйшага сына тугу матчыну пачула. Але сэрца сыночка моцна спала. Зацягнулася яго сэрца павуцінкай уласных клопатаў. Не магло яно пачуць тугі Мамы, не краналі сэрца гукі яго любімай гітары.
Селі другі раз анёлы каля Мамы. А Мама сядзіць ля вакна, дзетак сваіх чакае ды плача.
Бачаць анёлы: стаяць у пакоі бубны малодшага сына. Падумалі анёлы і вырашылі бубнамі абудзіць сэрца другога сыночка.
Прыляцелі да другога сына, а ён увесь у працы. Працуе, паперы піша і з боку ў бок іх перакладае. Пачалі анёлы вакол яго круціцца і з усяе моцы стукаць ды грукаць ў бубны. Але і гэтага не пачула яго скамянелае ад дурных клопатаў сэрца.
Трэці раз сабраліся анёлы. А Мама ўжо толькі ляжыць на ложку. Так саслабела, што нават ўжо і не плача, толькі апошняя слёзка сама цячэ па яе шчочцы.
Бачаць анёлы, што ратаваць трэба Маму. Тады сабралі анёлы ўсе Маміны слёзкі, узялі кожны па чароўнай дудзе і паляцелі да сыночкаў.
Падзялілі анёлы Маміны слёзкі ды ўлілі іх у мяхі дуды, а потым як зайгралі. Сум і туга паліліся і растапілі зацягнутыя павуціннем і каменем сэрцы сыночкаў. Кінулі ўсе свае справы сыночкі і паляцелі да сваёй матулі.
Хату адчыняюць і адразу да матулі.
— Мамачка, любая, як мы даўно цябе не бачылі! – кажуць сыночкі, а самі Маму абдымаюць ды цалуюць. — Прабач ты нас, сваіх сыночкаў, за тое, што цябе кінулі-пакінулі, забыліся пра цябе. Мы заўжды будзем з табой!
А Маме, як любой маме, нічога больш і не трэба. Толькі, каб дзеткі яе былі здаровенькія, шчаслівыя і яе любілі.
Абрадавалася Мама, што сыночкаў сваіх убачыла, і адразу змянілася. Перастала плакаць і стала радавацца, дзетак сваіх туліць і цалаваць.
Аджываць пачала хатка.
Направілі сыночкі хатку, вычысцілі надворак і ніколі больш не кідалі сваю матулю. Сыночкі часта тэлефанавалі і прыязджалі да сваёй Матулі, прывозілі сваіх жонак і дзетак. А яна жыла доўга і шчасліва.
Калі вы не хочаце, каб ваша мама стала Бабай Ягой, то даглядайце, клапаціцеся і, галоўнае, любіце сваю маму. Толькі так яна назаўжды застанецца самай шчаслівай матуляй у свеце.
нажаль тая самая праблема: не магу паставіць свой мульт на старонку адрас: http://youtu.be/oOnEWemavbY
калі можна дапамажыце:)
Чытала i плакала, два сына яшчэ маленькiя, але ж…
Нажаль часам бывае так як у сярэдзіне казкі… Але і так як у канцы бывае. маю такую надзею.
У мяне таксама два малыя сыны і казка для іх.