Жылі ў нашым слаўным горадзе выдатныя майстры. Працавітыя ўсё гэта былі людзі. І дзень і ўночы завіхаліся яны на працы і здавалася ніколі ім няма спачынку. Ад гэтага заможнаю і ладнаю была ў тыя часы Гародня.
Убачыў вялікі князь і кароль які працавіты і адказны люд жыве ў Горадні і вырашыў дазволіць гарадзенцам пабудаваць месца дзе б яны супольна маглі вырашаць свае праблемы. Тады на цэнтральнай плошчы – на Рынку, дзе кожны дзень хоць раз быў кожны гарадзенец, паставілі Ратушу. Гэта быў велічны будынак з вежай і гадзіннікам і сюды сыходзіліся ўсе гараджане каб раіцца што ім трэба рабіць для гарадзенцаў і для горада.
Доўга Ратуша была асноўным месцам дзе збіраліся гарадзенцы. Гэта быў не толькі сімвал працавітасці гараджан, але ў першую чаргу — згоды паміж імі. Пакуль была згода паміж гарадзенцамі Ратуша расла ў цэнтры горада і чым большай была згода – тым большай рабілася Ратуша. Хутка вежа Ратушы ўзвышалася над усімі будынкамі нават над абарончымі, царкоўнымі і касцельнымі вежамі.
Рамеснікі, майстры і работнікі штодня раненька паднімаліся разам з боем гадзінніка на Ратушы і клаліся спаць разам з боем ратушнага гадзінніка позна ўночы. Так у працы і ў споры шло шчаслівае жыццё месцічаў.
Але адчынілі ў Гародні на той самай плошчы карчму. Месцілася тая карчма акурат насупраць Ратушы. І паціху людзі заместа таго каб прыходзіць у Ратушу і вырашаць там агульныя для ўсіх месцічаў пытанні, пачалі гуртавацца ў карчме. Заместа пытанняў грамады і горада пачалі людзі ў карчме вырашаць свае ўласныя праблемы. Адныя сядалі за адным сталом, другія за другім, трэція за трэцім. Кожны стол рабіў свой закалот і спрабаваў усіх прымусіць прыняць рашэнне толькі на карысць месцічаў якія сядзелі за гэтым сталом. Іншыя сталы ў сваю чаргу рабілі свае змовы каб супраціўляцца першым.
Ніхто не заўважыў як у горад заместа згоды прыйшлі змовы і сваркі. Людзі ўсё менш раіліся ў Ратушы і ўсё больш хадзілі ў карчму згаворвацца хто і што можа зрабіць для іх асабіста, што і як можна ўрваць для сябе. Перасталі людзі думаць пра горад і пра супольнасць…
Як не ўбачылі гарадзенцы таго, што перасталі збірацца ў Ратушы, як не звярнулі ўвагу на ўзнікшыя закалоты, ніхто і не заўважыў, як Ратуша пачала памяншацца. І чым больш сварыліся людзі і чым больш паміж імі не было згоды – тым меншым рабіўся будынак Ратушы.
І вось аднойчы наранку месцічы не прачнуліся пад гукі свайго ратушнага гадзінніка. Калі месцічы выйшлі на рынкавую плошчу – яны ўбачылі што Ратуша знікла. Яна правалілася пад зямлю з-за сораму за людзей якія не хацелі знаходзіць агульную згоду і дамаўляцца паміж сабой. Самае дзіўнае, што людзі так даўно не заходзілі ў Ратушу, што нават забыліся ў якім месцы яна стаяла.
Ад той Ратушы нават сляда не засталося. Колькі людзі не шукалі не здолелі знайсці. І колькі месцічы не спрабавалі пабудаваць новую Ратушу – яна кожны раз то гарэла, то яе разбуралі ў час вайны, альбо яшчэ якая трасца здаралася.
Ратуша – гэта сімвал згоды месцічаў і пакуль не будзе паміж імі згоды, пакуль яны не перастануць больш думаць пра сябе як пра горад і яго праблемы, пра грамаду гарадзенцаў – да таго часу не здолеюць аднавіць старадаўнюю Ратушу Гародні.
малюнак са старонкі: antonsm.livejournal.com
Каментаваць