Усе рубрыкі

Ігар Кузьмініч: Пра тое як Нёман атрымаў сваё імя

Nioman3

Гародня стаіць на рацэ Нёман. Гэта ведаюць усе гарадзенцы. А ці ведаеце вы чаму наша рака так называецца? І што азначае слова Нёман? Ну то слухайце:

Некалі даўно, вельмі даўно біла на нашай зямлі крыніца жыцця. Шмат у тыя часы было вады  на нашай зямлі. З-за гэтага амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі было вялікае балота.

Балота было пасярэдзіне Беларусі і папрасілі звяры ды птушкі ў Божанькі правесці просты канал ад балота да мора. Каб балота стала меншым ды каб дарога простая была адразу да мора.

Доўга так божаньку прасілі ці не, мы гэтага не ведаем, але нарэшце вырашыў ён што трэба такі канал зрабіць. Тады Божанька паставіў свой палец у сярэдзіне таго балота і пацягнуў свой палец да Балтыйскага мора разгорваючы такім чынам русла ракі.

Як цягнуў Божанька пальцам – зямля разляталася па два бакі. Пыл і грохат усюды стаяў. Цягне Божанька русла, а ў яго проста на шляху, буслянка з малымі буслянятамі стаіць.

Спалохаўся тады бусел за сваё гняздо і сваіх дзетак і кінуўся ляцець да Божанькі. Падляцеў ён да Божанькі ды пачаў клекатаць-верашчаць што было моцы. І так бусел яму растлумачвае і гэтак. Спрабаваў растлумачыць, што русла ракі акурат ідзе да буслянкі – да гнязда бусла. З-за  незразумелага клякатання спыніўся Божанька і пачаў услухацца. Слухаў, слухаў таго бусла, але што той казаў, так і не зразумеў, бо бусел надта спалохаўся і ад гэтага спяшаўся каб сказаць многа і шмат усяго патлумачыць…

Nioman

Адзінае што зразумеў Божанька дык гэта тое, што нельга весці русла проста, а трэба абкружыць нейкую перашкоду. І абвёў тады Божанька вакол гнязда пальцам. Ад гэтага, калі глядзець з вышыні на нашую раку, мае яна простае русла, але недзе бліз Гародні робіць вялікае паўкола, а далей цячэ проста.

І вырашыў Божанька назваць гэтую раку і пачаў думаць як назваць. А паколькі бусел галгытаў нешта незразумелае і не мог адразу Божанька разабраць што той ад яго хоча, то вырашыў выкарыстаць такое слова, якое будзе незразумела нашым дзядам. І назваў божанька нашую раку на незразумелай нам мове.А што тое слова азначае? Адзін  Божанька толькі і ведае.

Так з’явілася рака Нёман яшчэ задоўга да таго як з’явіліся тут людзі і так з’явілася яго назва якую і сёння ніхто не можа растлумачыць.

малюнак 1: www.tio.by
малюнак 2: www.be.wikipedia.org

 

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>