Усе рубрыкі

Ігар Кузьмініч: Як паўстаў мураваны “Стары Замак” у Гародні

СтарЗамакГародня

 

Некалі даўно Гародня была маленькім горадам абнесеным драўлянай сцяной і земляным валам. Праўда была частка сцяны зробленай з плінфы, такой асаблівай тонкай і быццам разпляжанай цэглы, але гэта быў толькі адзін кавалак сцяны з заходняга боку, які здзіўляў падплываючых да Горадні з мора па Нёмане купцоў. Збольшага абарончыя прыстасаванні – сцены і вежы былі зроблены з дрэва, якога багата было ў Гарадзенскай пушчы вакол места. Адно толькі казалі прыхадні, што розныя часткі сценаў – не давядуць да дабра. Людзі тады меркавалі, што няма сілы ў тым што не знітавана адзінствам.

У тыя старадаўнія часы жыў-быў у Гародні маленькі хлопчык. Гэта быў звычайны хлопчык падобны да цябе. Ён таксама як і ты любіў сваіх бацькоў. Адна бяда была – ніхто з малым не хацеў сябраваць. Усе дзеці былі большыя і не звярталі на малога аніякай увагі.

Аднаго разу, рана на досвітку малы падняўся каб пайсці з бацькамі ў грыбы. Выйшаў ён за гарадскую сцяну пакуль бацькі яшчэ збіраліся і раптам бачыць, а на ўзгорку ляжыць вялікі срэбны вуж з адным зубам які тырчаў угору. Быў той вуж аграмадны, але малы чамусці зусім яго не спалохаўся. Асабліва хацелася хлопчыку дакрануцца да лусак якімі быў пакрыты вуж. Хлопчык дакрануўся да срэбнага боку вужа і той прачнуўся.

— Дзякуй хлопчык што ты мяне збудзіў. Я магу выходзіць з-пад зямлі толькі ўночы і магу заставацца на версе толькі да першых промняў сонца. Калі б ты мяне сёння не збудзіў, я б укамянеў пад ранішнімі промнямі сонца.

Вуж паварушыўся і срэбныя лускі бліснулі чароўнымі промнямі.

— Цяпер я мушу табе аддзячыць, — так кажа вуж, — ты выратаваў маё жыцццё і значыць можаш прасіць усё што пажадаеш.

Хлопчык паглядзеў на вужа ды кажа:

— Што мне прасіць у цябе? Я нічога такога не зрабіў. Мне проста спадабаўся колер твае скуры і я да цябе дакрануўся. Калі ты не будзеш супраць, то я проста хачу з табой сябраваць.

Абрадаваўся вуж што хлопчык нічога не папрасіў для сябе і пагадзіўся сябраваць з ім.

І пачалі яны сябраваць. Вуж запрасіў хлопчыка да сябе ў нару. Аказваецца вуж рыў доўгія тунэлі пад зямлёй. Гэтыя хады йшлі не толькі пад старой часткай гораду, але вялі з аднаго берагу Нёмана да другога і ад адной гары, на якой стаіць Гародня, да другой. Хлопчык быў першым, хто спусціўся пад зямлю ў прарытыя за тысячагоддзі падземныя хады. Удзень, калі свяціла сонца і малому не трэба было дапамагаць бацькам, вуж і малы бавілі час у падзямеллях, а ўвечары яны разам то глядзелі на неба, то глядзелі ў цёмную ваду, то апавядалі адно аднаму байкі.

Вуж, такі страшны для іншых, насамрэч быў вельмі добрым. Вуж нікому і ніколі не шкодзіў. Адзінае чым ён займаўся – рыў у зямлі хады. Для гэтага вужу патрэбныя былі аграмадныя зубы, якія некалі тырчалі з ніжняй пашчэмкі ўгору і так палохалі людзей. Але зараз у вужа застаўся толькі адзін доўгі зуб – бо капаючы ў зямлі свае хады другі зуб ён зламаў. Цяпер новыя хады капаць было зусім нязручна і вуж радаваўся што можа бавіць час з малым.

І так здарылася, што аднаго разу маланка патрапіла акурат у драўляную сцяну і абарончыя сцены згарэлі. Узгадалі людзі прароцтвы прыхадняў і зразумелі, што прыйшла бяда.

Як зніклі драўляныя сцены, то адчулі ваўкі, што жылі ў пушчы вакол Горадні, што могуць напасці. І пачалі людзі заўважаць з кожным днём усё больш і больш ваўкоў вакол гораду. Хутка ўжо нават выходзіць з гарадзішча было небяспечна. Страшна ўсім стала. Нават ваду не было як прынесці.

І вось назбіралася тых ваўкоў вакол нашага горада так шмат, што усё вакол здавалася шэрым, а ў паветры стаяў ваўчыны пах і ўночы ўвесь лес свяціўся жоўтымі агенчыкамі ваўчыных вачэй.

Гарадзенцы зразумелі што сёння ўночы ваўкі нападуць на горад. Але як толькі настала ноч і ваўкі пачалі падбірацца да гарадзішча, раптам з-пад зямлі выпаўз аграмадны вуж з адным зубам.

Спалохаліся тады ваўкі срэбнага вужа ды адступіліся. Але ведалі ваўкі што вуж можа выходзіць толькі ўночы і вырашылі дачакацца раніцы каб напасці на людзей.

Гарадзенцы ў жаху чакалі ўзыходу сонца, бо было тых ваўкоў так многа, што пра паратунак не было нават мовы.

І вось пачало віднець. Тады паглядзеў вуж на маркотнага хлопчыка і вырашыў яму дапамагчы. Кажа вуж:

— Не бойся хлопчык, я застануся і абараню цябе, бо ты мой сябар! Разам з табой я абараню ўсіх жыхароў горада, бо яны блізкія табе людзі, а значыць – яны, таксама як і ты, мае сябры. Памятаю што некалі выратаваў ты мне жыццё, то і я цябе выратую…

А хлопчыке тады кажа:

— Не, я ведаю, што калі ты застанешся – у промнях сонца ты ўкамянееш!

— Так, — адказвае вуж, але я пражыў даволі, і час прыйшоў мне саслужыць найлепшую службу свайму самаму лепшаму сябру.

З гэтымі словамі лёг вуж вакол гарадзішча і ўзяў свой хвост у зубы. Вуж зрабіў кола па самым ускрайку трэцяй гары, а гарадзенцы стаялі ўсярэдзіне гэтага срэбнага кола зачараваныя. Замкнулася чароўнае вужынае кола.

З першымі промнямі сонца вуж укамянеў і пераўтварыўся ў срэбныя сцены каменнага замку. Там дзе была галава і рот вужа ўтварыліся вароты, а адзіны велізарны зуб пераўтварыўся ў высокую баявую вежу.

Пастаялі тады ваўкі, пастаялі, але зразумелі, што рады не дадуць гораду з такімі каменнымі мурамі ды пакінулі гарадзенцаў у спакоі.

З таго часу не толькі ваўкі, а шмат якія ворагі спрабавалі захапіць нашу слаўную Гародню, але ніхто не мог узяць сцены каменнага Старога замка сілай. Старыя казалі што гэта дзякуючы замкнутаму колу і чароўнай срэбнай лусцы вужа які і сёння бароніць нашчадкаў свайго лепшага сябра…

Малюнак ўзяты са старонкі: wouk.livejournal.com

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>