Усе рубрыкі

Карней Чукоўскі — Блытаніна

Замяўкалі кацяняты:
“Мяўкаць годзе адзінока!
Хочам мы, як парасяты,
Рохкаць!”

А за імі – качаняты:
“Не жадаем болей кракаць!
Хочам мы, як жабяняты,
Квакаць!”

Свіначкі замяўкалі:
Мяў,мяў!

Котачкі зарохкалі:
Рох, рох, рох!

Качачкі заквакалі:
Ква, ква, ква!

Курачкі закракалі:
Кра, кра, кра!

Верабейка прыскакаў
Як карова замычаў:
Му-у-у!

А прыбег мядзведзь
І роўма равець:
Ку-ка-рэ-ку!

А зязюля на суку:
“Не хачу крычаць ку-ку,
Як сабака, пабрашу:
Гаў, гаў, гаў!”

Толькі заінька
быў паінька:
Ён не мяўкаў
І не рохкаў –
Пад капустаю ляжаў,
Па-заечы лапатаў,
Зверанятак неразумных
Ушчуваў:

“Хто закліканы цырыкаць –
То не муркайце!
А закліканы хто муркаць –
Не цырыкайце!
Не бывваць вароне кароваю,
Не лятаць жарабятам пад хмараю!”

Смяхунчыкі-звераняты –
Парсючкі, медзведзяняты –
Больш сваволяць, што ёсць духу –
Зайку не жадаюць слухаць.

Рыбы ў полі ўсё гуляюць,
Жабы ў неба ўзлятаюць,
Мышы котачку злавілі,
У мышалоўку пасадзілі.

Ліскі ў запале
Узялі запалкі
І да мора паспяшылі,
Мора – р-раз – і падпалілі.

Мора полымем гарыць,
Выбягае з мора кіт:
“Гэй, пажарныя, бяжыце!
Нам хутчэй дапамажыце!”

Доўга, доўга кракадзіл
Мора сіняе тушыў
Пірагамі і блінцамі,
Сушанымі нат грыбамі.

Кураняткі, квокчучы,
Палівалі з бочачкі.

Прыплывалі два яршы,
І пайшлі ў ход каўшы.

Прыбягалі жабяняты,
З цэбара лілі багата.

Тушаць, тушаць – не патушаць,
Заліваюць – не зальюць.

Матылёк тут прылятаў
І крыламі памахаў,
Стала мора патухаць –
І патухла.

Узрадаваліся звяры!
Смех пачуўся, заспявалі,
Вушкамі захлопалі,
Ножкамі затопалі.

Гусі сталі гагатаць,
Па-гусінаму крычаць:
Га-га-га!

Кошачкі замуркалі:
Мур-мур-мур!

Птушкі зацырыкалі:
Цык-цырык!

Коні заіржалі:
І-і-і!

Мухі загудзелі:
Ж-ж-ж!

Жабяняты квакаюць:
Ква-ква-ква!

Качаняты кракаюць:
Кра-кра-кра!

Парасяты рохкаюць:
Рох-рох-рох!

Мурачку люляюць,
Міленькай спяваюць:
Люлечкі-люлі!
Люлечкі-люлі!

Пераклаў Валянцін Лукша

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>