Жылі-былі каток і пеўнік. Збудавалі яны хатку пры лесе.
Кажа раз каток пеўніку:
— Я пайду ў лес на ўловы, а ты зачыніся й нікога ня пускай у хатку.
І пайшоў.
Ажно прыбягае ліска пад акенца ды просіць:
— Пеўнік, пеўнік, адчыні!
Памяла мне пазыч.
Прыехалі госьці з Замосьця, няма чым печ вымесьці, пірагі пячы.
А пеўнік на гэта:
— Зводзіш ты мяне, зводзіш, ты мяне абманеш. Не адчыню я хаткі й табе нічога ня дам.
— Ах, які ж ты злосны! — кажа ліска.
— А я не маню, каб я жыла. Ну, калі ня верыш, дык падай мне памяло праз аконца, галубок!
Адчыніў пеўнік акенца і дае ёй памяло, а ліска не за памяло, а за яго — ды наўцекі.
Стаў пеўнік галасіць:
Коціку-браціку,
Мяне ліска схапіла,
Зубамі крыльцы шчаміла,
Ды нясе мяне ў цёмныя лясы,
За высокія горы,
У глыбокія норы!
Ратуй мяне!
Шкада стала коціку пеўніка.
Ён ў пагоню пагнаўся.
Лісіцу дагнаў, за валасы надраў, пеўніка адабраў.
— Ну, — кажа пеўніку, — глядзі ж, больш нікому не адчыняй хаткі. Бо цяпер пайду далей, за горы.
І ў другі раз прыбягае ліска.
— Пеўнік, пеўнік, адчыні! Пазыч мне лапату, прыехалі госьці з Замосьця, няма чым пірагі ў печ садзіць.
— Не, — кажа пеўнік, — не адчыню, бо ты мяне зрадзіш.
— Не, не, пеўнічку, далібо не абману.
Дык пеўнік, як добры дурань, адчыніў дзверы і лапату дае, а ліска за пеўнічка і ў ногі.
Яшчэ мацней стаў крычаць пеўнік:
Коціку-браціку,
Мяне ліска схапіла,
Зубамі крыльцы шчаміла,
Ды нясе мяне ў цёмныя лясы,
За высокія горы,
У глыбокія норы!
Ратуй мяне!
Ледзьве пачуў коцік пеўнікаў крык, бег ды бег — насілу ліску з пеўнікам дагнаў. І як стаў лісіцу за патыліцу драць! Пусціла лісіца пеўніка ды ходу.
Прывёў коцік пеўніка дахаты.
Назаўтра йзноў кажа яму:
— Сёння я пайду яшчэ далей. А ты ж глядзі, не ашукайся. Бо калі ізноў паслухаеш ліскі, дык яна цябе з’есць.
А ліска пад акном пільнавала.
Як толькі каток адыйшоўся, яна ізноў пад аконца прыбегла.
— Пеўнік, пеўнік, адчыні! Ехалі баяры, рассыпалі проса, няма каму пазбіраць! Хадзі памажы.
— Хлусіш! — кажа пеўнік. — Ты йзноў хочаш мяне ашукаць.
А ліска хітра смяецца ды адказвае:
— А які ж ты недаверлівы! Ды глянь жа сам, калі ня верыш! А я пабягу хутчэй проса збіраць.
А сама схілілася за сьцяну. Выхінуўся пеўнік праз аконца, а ліска — хоп! — за яго ды ў лес. Крычэў, крычэў пеўнік, але коцік яго ўжо не пачуў.
Прыходзіць коцік дамоў, а ў хатцы нікога няма, і аконца адчынена.
Здагадаўся коцік, што ліска пеўніка схапіла.
Горка стала коціку.
І пачаў ён у дарогу збірацца — пеўніка ратаваць.
Надзеў боты-скараходы, да боку шаблю прычапіў, узяў з сабою скрыпачку й пайшоў.
Ішоў ды ішоў, ішоў ды ішоў, сустракае зайчыка.
— Зайчык, зайчык! Ці ня бачыў ты ліскі бягучы, пеўніка нясучы?
— Бачыў, — кажа зайчык, — вось у тую нару пабегла.
А у лісчынай хаце ўжо ў печы паліцца, ў сагане вада грэецца, нож ляжыць навостраны, каб пеўніка рэзаць.
Сеў каток ля той нары ды на скрыпцы зайграў, запяяў:
Дылі, дылі, скрыпачка,
Залатыя струначкі!
А ў норцы лісачка,
А ў ліскі новы двор,
Тры дачкі на выбор.
Ліска перапыніла работу на кухні.
Пасылае старэйшую дачку Чучалку:
— Паглядзі, Чучалка, што там за паніч пад варотамі пяе?
Выйшла Чучалка, а коцік яе — хоп! — за карак ды ў торбу.
А сам яшчэ гучней грае ды спявае.
Пасылае ліска сярэднюю дачку Пачучалку.
— Схадзі, паглядзі, Пачучалка, чаму гэта Чучалка так забавілася, мабыць, дужа важныя панічы прыехалі?
Выбегла Пачучалка, падскокваючы, за вароты.
А коцік яе — хоп! — за карак ды ў торбу.
А сам яшчэ гучней грае ды сьпявае:
Дылі, дылі, скрыпачка,
Залатыя струначкі!
А ў норцы лісачка,
А ў ліскі новы двор,
Тры дачкі на выбор.
Адна тая Чучалка харошая,
Другая Пачучалка прыгожая
А трэйцяя меншая,
Мабыць прыгажэйшая.
Ліска аж аблізнулася, так спадабалася ёй каткова песня.
— Ідзі й ты, — кажа да меншай дачкі. — Пэўна там знатныя панічы прыехалі.
Выбегла й трэйцяя дачка.
А коцік і яе — хоп! — за карак ды ў торбу.
Тады ўжо і сам ў хату лісчыну ўбег ды закрычэў:
— Гэй, ты, старая лісіца! Дзе пеўніка падзела?
— А мой жа ты, сакалочак! А мой жа ты каласочак! — адказвае лісіца. — А я й повідам ня бачыла, а я й почутам ня чула!
— Аддай пеўніка, — яшчэ мацней крыкнуў коцік, — бо як бач сваіх дачок аглядаць ня будзеш! — і замахнуўся шабляю.
Спалохалася лісіца.
Аддала пеўніка, а сабе дачок забрала.
З тэй пары разумнейшы стаў пеўнік.
І сталі яны з коцікам дружна жыць.
А ліска й дагэтуль сватоў чакае.
Ніхто яе дачок замуж не бярэ, бо дужа ж яны хітрыя…
Каментаваць