Казкі-загадкі: Брат і сястра
Жылі-былі брат і сястра. Брат быў ружовашчокі, а сястра, наадварот, – смуглявая. У брата было толькі адно сонейка, а ў сястры – месяц рагаты і тысячы зорак.
Жылі яны спачатку дружна, а потым пасварыліся.

Малюнак: Lisa Evans
Сястра ўсё пасмейвалася з брата:
- Што ты з адным сонейкам гуляеш? Вось у мяне, бачыш, колькі зорак! З імі гуляць куды цікавей.
Маўчаў брат.
- Я згодна памяняцца з табою. Вазьмі мае зоркі, а мне сонца аддай.
- Не, сястрыца, сонейка для мяне мілей!
Пасварыліся брат з сястрою і перасталі сустракацца. Прыйдзе брат і сонейка з сабою прывядзе, а сястра ўцячэ, схаваецца. Чакае, пакуль брату не захочацца адпачыць.
Заўважыла сястра: як толькі яна прыходзіць, людзі адразу працу кідаюць, спаць кладуцца. Крыўдна ёй стала.
- Чаму ты не працуеш, калі я прыходжу? – спытала яна ў аднаго Чалавека.
- Я добра папрацаваў, пакуль твой брат быў. Зараз адпачыць трэба.
Яшчэ больш крыўдна стала сястры:
- Дык, можа, мне зусім не прыходзіць?
- Не, чаму ж! Хіба змог бы я столькі зрабіць, каб не адпачываў? – адказаў Чалавек і папрасіў:
- Вы, калі ласка, заўсёды прыходзьце, толькі паасобку.
Хто з вас, дзеці, здагадаўся, як завуць брата і сястру?
Аўтар: Расціслаў Бензярук
Адгадка:
Паказаць схаваны тэкст
***
Тыя, хто гэта прачытаў, таксама цікавіліся:













Новыя каментары