Курсы беларускай мовы для дзетак дашкольнага веку запускае «Мова нанова». За некалькі дзён пасля анансавання на заняткі запісалі больш за 30 дзяцей.
Арганізатар курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка адзначае, што ўвесь мінулы год наведнікі курсаў для дарослых настойліва прапаноўвалі арганізаваць заняткі і для дзяцей. Некаторыя нават спрабавалі прыводзіць малых на звычайныя курсы:
«Ідэя курсаў для дзетак вісела ў паветры ўвесь мінулы год. Самі людзі прапаноўвалі. Мы бачылі, што яны прыводзяць з сабой дзетак на дарослыя курсы. Але зразумела, што выседзець дзьве гадзіны для іх складана. Раней да курсаў для дзетак не даходзілі рукі, бо цягам першага навучальнага году мы арганізоўвалі працэс у Менску і ў іншых гарадах. А вось цягам лета быў час падумаць пра гэта і арганізаваць. Знайшлася цудоўная выкладніца Алена Церашкова, дзякуючы якой гэтыя курсы і стартуюць».
Алена Церашкова, якая будзе весьці заняткі, — маці чатырох беларускамоўных дзетак. Яна піша для дзяцей вершы, казкі, загадкі, песьні, займаецца перакладам, выдала зборнік паэзіі «У поўны рост ці ўстану», а таксама некалькі кніг для дзетак. Алена мае намер арганізаваць навучаньне такім чынам, каб працэс засвойваньня дзеткамі беларускай мовы быў максымальна набліжаны да таго, як гэта адбываецца ў сям’і. Таму на занятках будзе рабіцца ўхіл на камунікацыю паміж дзецьмі і бацькамі:
«Дзеці будуць удзельнічаць у курсах разам з бацькамі. Адна з мэтаў курсаў — абуджэньне цікаўнасьці да беларушчыны менавіта ў сем’яў. Мы ня будзем падмяняць сабой курсы падрыхтоўкі да школы, таму што дзеці 4–6 гадоў павінны гуляцца — гэта іх натуральны стан. Вось мы і будзем зь імі гуляцца, паступова ўцягваючы іх у вывучэньне мовы так, як яно адбываецца натуральным шляхам у сям’і — праз працэс узаемадзеяньня паміж дзецьмі і бацькамі.
Будуць пэўныя тэмы, каб дзеці засвойвалі лексыку блёкамі. Але гэта ня будзе так, калі трэба запісваць пад дыктоўку і вучыць. Будзем імкнуцца падаваць матэрыял вельмі цікава — і празь літаратурныя творы, і праз мульцікі».
Курсы беларускай мовы для дзетак распачнуцца 4 або 5 кастрычніка ў «Галерэі Ў» і будуць праходзіць па раніцах у выходныя дні.
Паводле Радыё Свабода
Каментаваць