Усе рубрыкі

Пра мядзведзікаў, якія не слухалі свайго тату

У адным горадзе жылі два брацікі-мядзведзікі. Вельмі яны былі ўпартыя. Як што сабе ў галаву ўваб’юць, што ты ім не кажы, нікога слухаць не хацелі. А яшчэ мядзведзікі вельмі любілі казкі. Кожны дзень на надворак да мядзведзяняткаў прылятала старая варона і баіла ім казкі.

Казки таты
Малюнак: www.pbase.com

Аднаго разу сказала яна, што самую чароўную казку можна не толькі пачуць, але і пабачыць, калі пачынаецца першы снег. Першы снег паступова ахінае зямлю, накрывае дрэвы, камяні, высокую сухую траву, дахі дамоў і так распавядае чароўную казку. Кожны год першы снег баіць новую казку і той, хто яе пачуе і пабачыць, будзе сам складаць казкі.

Мядзьведзікі ніколі не бачылі снегу і не ведалі што такое зіма, бо толькі вясной выйшлі першы раз на надворак. Паколькі казка першага снегу была чароўнаю, захацелася мядзведзікам пабачыць і пачуць казку першага снегу. А яшчэ мядзьведзікам вельмі хацелася самім навучыцца расказваць казкі. Баяліся яны, што могуць прапусціць першы снег, а значыць і прапусціць чароўную казачку.
Аднаго разу кажуць яны свайму тату-мядзведзіку:

- Тата, мы хочам дачакацца першага снегу, таму мы не будзем спаць ні ўдзень, ні ўночы.

А тады тата ім адказвае:

- Сынулі мае любімыя, спаць трэба, каб быць дужымі і моцнымі. Калі вы спіце вы назапашваеце сілы каб вучыцца, бегаць і весела бавіць час. Адпачынак патрэбен усім. Адпачываюць і набіраюцца сілаў праз сон жывёлы і расліны. Адпачынак і падзарадка патрэбная сотавым тэлефонам, каб можна было граць у гульні і размаўляць. Нават вашыя машынкі на акамулятары павінны адпачыць і назапасіць электрычнасць у сілкаванне каб ездзіць. Не хвалюйцеся! Цяпер толькі пачатак восені, да першага снегу яшчэ далёка. Я вам скажу, калі будзе першы снег.

Што тата не рабіў, як сваіх сыноў не пераконваў, нічога не дапамагала. Як мы і казалі, мядзведзікі былі ўпартыя і не хацелі слухаць свайго тату. Таму яны не клаліся спаць ні ўдзень, ні ўночы, а ўсё цікавалі каля акна, калі будзе першы снег.

І вось аднойчы тата радасны прыйшоў ды кажа:

- Ну ўсё, мае сыночкі! Сёння пасля абеду пойдзе першы снег, так што рыхтуйцеся да казачкі.
Мядзведзікі добра пад’елі і селі ва ўтульнае крэсла, якое паставіў перад акном тата. І толькі яны ўладкаваліся і сабраліся былі глядзець казачку, як заплюшчылі вочкі і… заснулі. Яны доўга не спалі і таму мо-о-оцна змарыліся.

І як толькі мядзведзікі заплюшчылі вочкі, на зямлю пачалі ціха апускацца першыя сняжынкі, апавядаючы чароўную казку. Але мядзведзікі яе ўжо не бачылі і не чулі: яны ціха пасопвалі ў мяккім крэсле.

З гэтай пары мядзведзікі не могуць убачыць чароўную казачку, бо кожны год спяць цэлую зіму.

Нават самым упартым малюпахам варта прыслухоўвацца да таго што кажуць іх бацькі, тады сілы будуць вучыцца і свет змяняць, падурэць і казачку паглядзець.

Казки таты

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>