Спраўляў карась імяніны,
купіў карась пуд мякіны,
і напёк з яе бліноў
для сваіх гасцей-ліноў.
— Ліны-ягамосці!
Запрашаю ў госці!
На мае ймяніны,
на бліны з мякіны!
Адказалі ліны:
— Сам каштуй свае бліны!
Хто ж пячэ бліны з мякіны,
ды яшчэ на імяніны?
Сказаў карась:
— Вінаваты!
Паплыў карась хутка з хаты.
Ад хаты — да брамы,
ад брамы – да крамы.
Там купіў мукі і грэчкі,
распаліў у рэчцы печку.
Шчыраваў да ранку,
напёк абаранкаў,
бублікаў, пірожных,
піражкоў тварожных,
варэннікаў з макам,
іншых прысмакаў…
Зноў па рэчцы плыве,
зноў сяброў-ліноў заве:
— Ліны-ягамосьці!
Калі ласка ў госці!
У хату-хаціну
з балотнае ціны,
на маё на свята,
ды на стол багаты!
Ліны ў госці прыплывалі,
усе стравы спрабавалі.
Самі спрабавалі,
дзетак частавалі…
Віншавалі карася…
Тут і казка мая ўся!
Крыніца: сайт пісьменніка Генадзя Аўласенкі
Каментаваць