У Берасцейскім дзяржаўным універсітэце дзейнічае навучальны гурток «Бацькі.BY», дзе студэнты, будучыя бацькі, вучацца выхоўваць дзяцей у рэчышчы нацыянальных традыцыяў.
Гурток паўстаў з ініцыятывы выкладчыцы ўніверсітэту Вольгі Крусь. Як яна патлумачыла «Белсату», мэта гуртка – «вучыцца быць бацькамі па-беларуску».
У часе штотыднёвых сустрэчаў наведнікі гуртка вывучаюць народную педагогіку, вучацца арганізоўваць народныя святы, даследуюць свой род.
Таксама падчас сустрэчаў гурткоўцы ладзяць гульні, фотавыставы, конкурсы эсэ, канферэнцыі. На свае заняткі «бацькі» запрашаюць вядомых людзей, выкладчыкаў універсітэту. Напрыклад, адну з лекцыяў ладзіў Сафроній Жлоба, вядомы даследчык народнай педагогікі Палесся.
«Ідэя з’явілася з напісаннем дысертацыі, а сам праект ладзіцца з лістапада гэтага года. Меўся быць скончаны ў траўні, аднак калі застанецца зацікаўленасць – будзем працягваць. Мы, вядома ж, не паспеем навучыць выхоўваць дзяцей па-беларуску, але стараемся паказаць, што ёсць альтэрнатыва гэткаму папсоваму выхаванню», – зазначае Вольга Крусь.
Вольга Крусь кажа, што звычайна ў гурток прыходзіць дзесятак студэнтаў. Часта прыходзяць не толькі студэнты, але і проста зацікаўленыя берасцейцы. Некаторыя прыводзяць і сваіх дзетак.
Кастусь Будчак, belsat.eu
Каментаваць