Усе рубрыкі

Як Івонка сон шукала — Ірына Беларусава

Добры вечар мае маленькія сябры! Набегаліся, набалаваліся за дзень, час адпачыць прыйшоў. Заплюшчвайце вочкі і слухайце новую казку пра гарэзу Івонку.

Як Івонка сон шукала

Цеплы летні вечар у весачцы. Сям’я Івонкі зрабіла ўсе справы, павячэрала і збіралася спаць. Дзяўчынка адзела піжаму, лягла ў ложак, залезла пад коўдру, заплюшчыла вочкі і чакае сон. Чакае, чакае, а ен усе не ідзе. Круціцца маленькая, варочаецца з боку на бок, а сон не ідзе. Пазвала яна Антоську і Савоську да сябе, яны леглі побач і хуценька заснулі. Вырашыла Івонка, што сон уцек ад яе. Яна ціхенька вылезла з ложку, накінула на сябе вялікую матуліну хустку і пайшла шукаць сон.

На дварэ трошкі пахаладала, на небе, нібы ліхтарыкі, свяцілі зорачкі, ад усмешкі месячыка было добра відаць шлях да лесу. Маленькая Івонка, маленькімі ножкамі, маленькімі крокамі пайшла у лес шукаць свой сон…
Вось і лес, цемна ў ім. Пачуліся нейкія гукі, крыкі. Страшнавата стала Івонцы, але яна віду не падае і пытаецца:

— Хто гэта крычыць? Чаму не спіць? Ці таксама сон згубіўся?
— Як хто? Гэта я , Сава. Усе совы і пугачы сьпяць толькі ў дзень!- лыпнула свамі круглымі вачыма сава.
— А ўночы што вы робіце?
— Лятаем, здабычы шукаем.
— А Вы не бачылі мой сон?
— Вось неразумная дзяўчынка, я сны толькі днем бачу, ідзі далей, не мяшай мне.
— Выбачайце цетачка Сава,- ціхенька адказала Івонка і пайшла далей шукаць свой сон.

Ідзе яна лясной сцяжынкай, мацней у хустку ўкутваецца і песеньку напявае:

“Спяць усе ўначы,
Спяць і людзі і кусты,
Спяць Савосік і Антосік,
А мой сон схаваў свой носік….”

Раптам начная спадарожніца чуе нейкія гукі пад елачкай, нехта фыркае, “топае”… і маленькі калючы камячок коціцца прама пад ногі.

— Вожык, дабранач! Я Івонка. Ад меня ўцек сон і я шукаю яго ў лесе.Ці не сустракаў ты мой сон?- заскакала дзяўчынка.
— Добрая ноч ці не, гэта якім паляванне будзе. Не сустракаў я твой сон і свой таксама. Я начны звярок. Палюю на мышэй, яшчарак, змей па начах. У цемені добра бачу.Ідзі далей Івонка, можа і знойдзеш свой сон,- і вожык пабег пад елкі.

Стала зусім цемна, спадарожніца прыстала , прылегла на траву пад сосенкамі….і незаўважыла, як заснула.
А тым часам, дома, прачнуліся Антоська і Савоська, глядзь, а Івонкі няма. Ціхенька, каб не разбудзіць спадара са спадарыняй, выйшлі з хаты.

Антоська ўзяў след Івонкі, і вандроўнікі пайшлі шукаць сваю сяброўку. Пакуль дабраліся да леса, пачало віднець. Дайшлі да ўзгорачка і пад сасной убачылі Івонку, якая скруціўшыся калачыкам і накрыўшыся хусткай, салодка спала. Каток і сабачка ўзрадаваліся і давай лізаць шчочкі Івонкі. Тая расплюшчыла вочкі, замаргала і засмяялася:

— Антоська, Савоська я сон знайшла, ен такі САЛОДКІ!!! А вы мяне знайшлі, Дзякуй вам сябры! І пойдзем хутчэй дахаты, а то матулечка хутка праснецца і спужаецца, што нас няма дома.

У добрым настроі сябры пайшлі дамоў.

Вось такая казка пра начную спадарожніцу Івонку, ад якой уцек сон, а яна яго шукала і знайшла. ДАБРАНАЧ мае маленькія сябры, салодкіх вам сноў!

Баю-баю, Люлі-люлі,
Малышы ўжо паснулі…
І сабачкі і каты
Павярнулісь на бачкі,
Буслы ў гнездах леглі спаць,
У небе зорачкі гараць.
Баю-баю, Люлі-люлі,
Малышы ўжо паснулі.
Будуць ноч салодка спаць,
Сны шчаслівыя прысняць.
Баю-баю, Люлі-люлі,
Баю-баю, Люлі-люлі…

03.12.2012 г.

1 казачнік нешта сказаў Як Івонка сон шукала — Ірына Беларусава

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>