Усе рубрыкі

Галасаванне

Пакуль няма галасаванняў.

Як касцы пані абхітрылі. Прыказкі пра гультаёў

Публікацыя: kazkiby

У адной пані касцы сена касілі. Утаміліся і ляглі адпачыць. Ажно і пані едзе.

- Уставаймо, хлопцы, бо дастанецца нам ад пані, – кажа адзін касец.
- Ляжыце, хлопцы, скубіце траву, а я ўжо знайду, што сказаць, – адказвае іншы.

Вось пад’ехала пані і пытае сярдзіта:
- Чаго вылежваецеся, гультаі?

А касец ёй:

- Вось, пані, касілі-касілі, ды й дайшлі да такой травы, што каса не бярэ, то мы яе, праклятую, рукамі ірвем.

- А, ну то гэта іншая справа! – прамармытала пані. – То так і далей рабіце…

Зайцы таксама косяць...

Зайцы таксама косяць...

Прыказкі пра гультаёў

1. Гультай за работу, а мазоль за руку.
Калі гультай наракае на цяжкую работу, якая быццам яго ў калецтва ўганяе.

2. Гультай сем рэчаў разгадае.
Калі гультая клічуць на работу, дык ён шмат прычынаў знойдзе на тое, каб не працаваць.

3. Ад работы і коні дохнуць.
Гэтак прыказвае гультай, калі яго прымушаюць да работы.

4. Баба з калёс, калёсам лягчэй.
Прыказваюць, калі бескарысны чалавек адмаўляецца ад кампаніі, ці гультай адмаўляецца ад службы.

5. Работа ня воўк, у лес не ўцячэ.
Прыказвае гультай, што выкручваецца ад работы.

6. У пастушкі няма служкі.
Калі нейкі гультай вымагае, каб яму прыслугоўвалі.

7. Улетку, улетку зраблю сабе клетку! – кажа сабака.
Калі нейкі гультай валацуга стане хваліцца, як ён некалі пабагацее.

Прыказкі – з выдання “Прыказкі Лагойшчыны”

***

Яшчэ па тэме:

You must be logged in to post a comment.