Сёння ў Беларусі адзначаецца Радаўніца — Дзень памінання нябожчыкаў.
Гэта адно з найстаражытных святаў, што сыходзяць каранямі ў паганскія часы. У гэты дзень праваслаўныя наведваюць могілкі, моляцца аб спачынку душ сваіх блізкіх. У Беларусі Радаўніца з’яўляецца афіцыйным непрацоўным днём.
Фота Марыі Жылінскай
Беларуская прымаўка:
На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, вечарам скачуць.
Па традыцыі ў гэты дзень непажадана было штосьці сеяць альбо садзіць. Напярэдадні Радаўніцы гаспадыні рыхтавалі стравы для памінання на могілкі, прычым колькасць страў павінна быць няцотнай. Усё прыгатаванае складалася ў вялікую хустку, туды ж дадавалі асвячоныя на Вялікдзень фарбаваныя яйкі. Раніцай людзі ішлі ў царкву, паміналі блізкіх, а пасля абеду адпраўляліся на могілкі.
Жанчыны на могілках галасілі, а мужчыны павінны былі катаць асвячонае яйка. Потым усе моўчкі сядалі вакол могілак, гаспадыні выстаўлялі шматлікія стравы. Урачыстая трапеза пачыналася з запрашэння нябожчыка. Пасля трапезы трохі ежы і гарэлкі пакідалі для нябожчыкаў, а астаткі раздавалі жабракам.
Дзень памінання продкаў сканчаўся ў карчмах весяла, з песнямі ды скокамі.
Каментаваць