Усе рубрыкі

Як у людзей з’явілася кукуруза

Паходжанне кукурузы, або маіса, як яе здаўна называлі індзейцы — вялікая загадка для вучоных-батанікаў.

З упэўненасцю можна сказаць толькі тое, што радзіма кукурузы дзесьці на амерыканскім кантыненце (Мексіка, Балівія, Перу), дзе яе здаўна, задоўга да прыходу туды еўрапейцаў, вырошчвалі розныя індзейскія плямёны.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя пры археалагічных раскопках на поўдні ЗША былі знойдзены кукурузныя пачаткі, узрост якіх перавышаў тры з паловай тысячы гадоў!

Але вучоныя ўпэўнены, што гэтая культура яшчэ больш старажытная і ёй ніяк не менш 5, а, можа, і ўсіх 10 тысяч гадоў.

Кукуруза, як ніякая іншая культурная расліна, поўнасцю залежыць ад чалавека. Зярняты жыта ці пшаніцы могуць асыпацца і прарасці, яны паступова пачнуць дзічэць, драбнець, але тым не менш выжывуць.

Зерне ж кукурузы самастойна высыпацца не можа: зярняты трывала сядзяць у ячэйках пачатка ды яшчэ і закрытыя зверху шматслойнай ліставой абгорткай. І ў пшаніцы, і ў жыта знойдзены дзікарослыя продкі.

А ў кукурузы ніякіх продкаў да гэтага часу так і не знайшлі, што не дзіўна, бо “жыць” у дзікай прыродзе кукуруза проста не ў стане. Ствараецца ўраджанне, што далёкія продкі сучасных індзейцаў атрымалі калісьці гэтую культуру ў “гатовым”, так сказаць, выглядзе.

Ад каго ж, у такім разе, яны маглі яе атрымаць?

Згодна з легендамі і міфамі індзейцаў — вядома ж, ад саміх багоў. Але міфы міфамі, а ці ж няма ў іх нейкага рацыянальнага зерня? Ці не маглі быць гэтымі міфічнымі багамі… іншапланецяне? Ці жыхары легендарнай Атлантыды, калі яна і са-праўды некалі існавала?

Але вернемся да кукурузы.
Калі і як пазнаёміліся з ёй еўрапейцы?

Першае знаёмства еўрапейцаў з кукурузай адбылося ўжо пры адкрыцці Амерыкі Калумбам. Убачыўшы жоўтыя бліскучыя пачаткі, маракі Калумба прынялі іх спачатку за залатыя. Яны ж першымі і даставілі кукурузныя пачаткі ў Іспанію.

Нягледзячы на тое, што да золата кукурузныя пачаткі не мелі ніякіх адносін, яны аказаліся адным з самых каштоўных набыткаў еўрапейцаў у Амерыцы. Кукурузу пачалі вырошчваць па ўсёй Паўднёвай Еўропе, завезлі ў Індыю, Кітай, на востраў Ява. Праз Крым кукуруза трапіла ў Расею, і паступова стала адной з важнейшых сельскагаспадарчых культур на Кубані, Украіне, паўднёвай Расіі.

Кукуруза шмат чым адрозніваецца ад іншых збожжавых культур, і адно з гэтых адрозненняў — наяўнасць у кукурузных зярнятах вялікай колькасці тлушчу. З-за гэтага зерне кукурузы вельмі цяжка захоўваць, яшчэ цяжэй рабіць гэта з кукурузнай мукой. Тлушч на паветры хутка прагаркае, робячы горкай і саму муку.

Каб ліквідаваць гэты недахоп, кукурузны тлушч, а дакладней, алей пачалі выціскаць. Вынік атрымаўся нечаканы.

Нечаканы не ў тым сэнсе, што гэта не дапамагло. Дапамагло і яшчэ як — мука перастала прагаркаць. Нечаканай аказалася і якасць атрыманага кукурузнага алею — на смак ён не горшы за аліўкавы.

У нас, на Беларусі, таксама высяваюць кукурузу, але ў асноўным на сілас. Клімат не зусім прыдатны для гэтай цеплалюбівай культуры. Праўда, у апошні час вучоныя вывелі такія раннія сарты, якія могуць даваць насенне і ва ўмовах паўднёвай Беларусі.

Аўласенка Генадзь, часопіс “Рюкзачок”

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>