Жыў-быў на сьвеце адзін хлапец, які любіў ганяцца за ветрам і зьвісаць з воблака да гары нагамі.
Аднойчы, у час сваёй стандартнай працэдуры, якая ганяла хлапцу кроў з аднаго месца, на якім звычайна людзі сядзяць, у іншае — якім думаюць, яго напаткала нечаканая ідэя.
– А што, калі я паеду ў сталічны Кснем вучыцца на мага? Што я — горш за іншых?!
Як падумаў, так адразу і вырашыў. І так у яго было заўжды.
Сабраўшы свой няхітры рыштунак, разьвітаўшыся са старэнькімі бацькамі, Бусел — так звалі нашага героя — купіў квіток на параплян.
Не пасьпеўшы перавесьці дых і ачомацца ад пералёту, Бусьлік ужо крочыў па густа асьветленых вуліцах Кснему, шукаючы Дом студэнтаў, у якім яму выпадала жыць бліжэйшыя пяць год.
Неўзабаве выйшаўшы на вуліцу Чырвонага ката, вандроўнік апынуўся перад велічэзным хмарачосам неакрэсьленага колеру, які нагадваў яму якісьці местачковы муніцыпалітэт. З Дому выбягалі ўвесь час вясёлыя шкаляры, каб папускаць ля ганку бурбалак і голасна пазубаскаліць.
Да вечару таго дня ўсё было зроблена. Бусьлік засяліўся ў адну кельлю з трымя такімі самымі кандыдатамі ў магі. Дзіўныя былі гэтыя хлопцы, як і сам іх сусед. Першы, Сарат Самавар, увесь час шукаў сувязяў з найвыбітнейшымі магамі, каб калісьці сядзець за Вялікім сталом, мець шыкоўную мятлу для палётаў па начным Кснеме і асобны ў ім замак.
Бегунок Гузак меў замашкі іншага масштабу і кшталту, бо для яго першасную каштоўнасьць уяўлялі тры простыя рэчы: здаровы сон, здаровы лад жыцьця і здаровыя нэрвы. Уладак Бочка, трэці сусед Бусьліка, быў нечым падобны да Самаварыка, як клікалі яго знаёмыя.
А што ж Бусьлік?
А наш герой, як і калісьці, лятаў па вечарох на зоркі, а ўдзень — вісеў на аблоках.
Апынуўшыся ў першай Акадэміі магаў у Сюрбеле, хлапец з мястэчка на Барысфене паставіў перад сабой мэту добра вучыцца. Вучыўся ён багата і старанна, бо з дому да яго дасылаліся пераважна папрокі, а не талеры. З дапамогай ведаў Бусьлік пачаў разумець тыя рэчы, якія раней былі для яго недасяжнымі і хаваліся пад покрывам ночы.
Так мінула пяць доўгіх год.
Аднойчы, калі нашаму герою заставалася зусім трошкі да атрыманьня ступені мага, а на вуліцы сьпявалі птушкі, зь ім здарылася нешта невытлумачальнае і незразумелае. У той дзень Бусьлік амаль не бегаў па паветры, а ляжаў на сваім кельным ложку. Раптам ён пачуў сьмех, які разьлятаўся па пакоі тысячамі дробных званочкаў.
– Хто тут!? — мала не да столі падляцеў ад нечаканасьці Бусьлік.
І тут ён пабачыў нешта такое, што прымусіла яго сэрца стукаць як перфаратар. На шафе, куды ён звычайна вешаў свае плашчы і мантыі, сядзеў ЁН. ЁН усьміхаўся ў свае абвіслыя сівыя вусы і гайдаў галавой, працінаючы Бусьліка вострым позіркам.
– Як ты мне абрыд, Бусел, — сказаў незнаёмец і чмыхнуў сваім даўгаватым носам. — Колькі ты яшчэ будзеш дапякаць мяне сваімі бясконцымі пытаньнямі, на якія ты сам у стане знайсьці адказ?!
– Якія пытаньні?! Ды хто вы такі?! — толькі і здолеў выціснуць зь сябе хлопец.
– Ты і сам ведаеш якія, чалавеча, — стары быў непахісным ў сваёй загадкавасьці. — Ты пытаеш багата, і пра розныя рэчы. Але я табе дам толькі адзін адказ, нават не адказ, а толькі падказку. Слухай мяне ўважліва! Золата – гэта не тое, што ў кішэні, а што зьзяе знутры. Золата не так далёка. Яго трэба толькі лепей разглядзець.
– Якое золата?!! Аб чым ты кажаш, стары?!! — закрычаў Бусел, але незнаёмец ужо стаяў на падваконьні, распростваючы свае крылы. — Дай мне яшчэ хоць адну падказку!!
– Золата сьвеціцца і гарыць, — кінуў на разьвітаньне дзед і зьнік у адначасьсі.
А Бусьлік застаўся сядзець на сваім ложку з разяўленым ртом і акругленымі вачыма. У гэтую ноч ён не спаў, а думаў пра загадкавае здарэньне, а болей пра тое, што яму сказаў незнаёмец. І было гэта двойчы дзіўна, бо ўжо як месяц Бусьлік як-раз і думаў увесь час пра нешта сьветлае….
Дакладней, ён мроіў пра Вогненную Прынцэсу, якую ўпотай ад усіх ласкава клікаў Агеньчыкам. І гэтая мроя не пакідала яго нідзе. І нельга ад яе было схавацца нават за Вясёлкавым мастом, куды ня лёталі нават самыя адчайныя.
Калі б хлопец не бачыў Агеньчыка, заўжды зь ім адбывалася нешта няладнае. Адразу прастора напаўнялася мільёнамі гукаў, паветра афарбоўвалася водарам азону, а ўнутры ўсё пякло і бурліла.
Яна праходзіла побач зь ім як камета, як вогненны шар. Промні яе растоплівалі ўсё зьледзянелае і зацьвярдзелае. Пасьля кожнага такога спатканьня Бусьлік доўга не мог адысьці і ляцеў куляй у туманнасьць Андрамеды, дзе ніхто не мог яго згледзіць. Там хлопец усаджваўся на самую сьпічастую зорку і марыў, шчасьліва усьміхаючыся.
– Золата…золата…прамень…дзівацтваў струмень…
Бусьлік ляжаў і ніяк не мог не думаць аб ЁЙ. Ён ведаў, што так сур’ёзныя магі не робяць. Але ці можа да канца зразумець банальныя рэчы той, хто любіць гуляць па аблоках…?
— Ага!! Дык вось яно тое Золата, пра якое мне казаў стары!!! Вось чаму ўвесь сьвет круціцца вакол мяне, калі я размаўляю зь ЁЙ!!!
Бусьлік падляцеў як рэактыўны самалёт. Накінуўшы свае няхітрае убраньне, ён з разьбегу стартаваў з пісьмовага стала, і, зрабіўшы разьвітальны віраж над Домам, паляцеў з усіх крылаў да ЯЕ.
– Не тое золата, што ў кішэні, — думаў у час свайго палёту Бусьлік, — а тое, што сьвеціцца знутры! І паляцеў яшчэ шпарчэй…
…
(Арфаграфія аўтарская)
Каментаваць