Дзяўчынка Элен у Парыжы жыве,
I кожную ранiцу нешта пяе.
Вiсiць галасок жывы над Манмартам,
Вясёлая песенка, трошачкi з жартам.
У такт з ёй шчабечыць малы верабей,
Галубка спытае: “Што будзе далей?”
Вясёлыя казкi, жывыя рэпрызы,
I сонейка ходзiць па доўгiх карнiзах.
Апошняя спроба, увечар — аншлаг,
Праграма для дзетак „Вавёрка i грак”.
Яе правядзе, як заўсёды са словам.
„Вялiкае дзякуй за родную мову!”
А потым, трымаючы цацкi ды кветкi,
Прамовiць „Бывайце”, паклонiцца дзеткам.
Да хаты дамчыць пад вячор „Сiтраен”,
Дзяўчынку-iскрынку Туровiч Элен.
А ноччу прыснiцца ёй цудасны сон —
Канцэрт у салоне мадам Пампiльен.
Дзе песнi спявае на мове яна,
Бабуля з дзядулем стаяць ля акна.
А неба ўздымае з конiкам сцяг,
Арнамент вясковы — снапкi на палях.
Дзе жыў Багдановiч Чарот i Купала,
Яна ж беларуска — нi многа, нi мала.
Сяргей Брандт, 28.06.2013
Каментаваць