|
Таемнасць Балотных Ялiн,
Яна абступае знянацку.
У плачы чорных галiн
Пачуеш сумоту, не ласку.
Замшэлая з часам сцяна,
Сустрэне адразу з дарогi.
Маўчыць з раўчуком цiшыня,
Дрыгву не вартуюць аблокi.
У поўнач туман ад балот,
Не бачна даўгая сцяжынка.
Да самых дубовых варот
Здранцвелых, як тая скарынка.
I не адпусцяць нiяк,
Сваю таямнiчасць нiколi,
Нi рэчка, нi хвоi, нi грак,
Нi нават адлiга на полi.
Таемнасць Балотных Ялiн,
Яна абгарнае знянацку.
У плачы намокшых галiн,
Пачуеш сумоту ды ласку.
Сяргей Брандт, 24.03.2013
У Кацi — новае пальто,
У Цiны — вершыкi Барто.
У Слаўкi — камiзэлька
I кот на батарэйках.
У Iры — плацце ў кветкi,
(Зайздросцяць Iры дзеткi.)
У Лёнькi — доўгая вуда,
Шалаш i плыт каля маста.
У Лены – жоўты мячык,
Таўсты глiняны глячык.
„У Дзiмкi — кажа Толiк —
Ёсць жабяняткаў слоiк.
Мо хопiць нам злавацца?
Давай пачнём — мяняцца!”
На выгане ля крайнiх хат
Мяняюць хлопцы жабянят.
Сяргей Брандт, 25.07.2013
Даражэнькi бегемоцiк,
У цябе вялiкi роцiк.
У цябе таўстая спiнка,
I не маеш ты шчацiнкi.
Пад ваду хаваеш вочы
I равеш, бо есцi хочаш.
У цябе мяккiя пяткi
I не робiш ты зарадкi.
На бачку сваім ляжыш
I як трактарчык храпiш.
Даражэнькi бегемоцiк,
У цябе таўсты жывоцiк.
Трэба спортам занiмацца,
Скакаць, бегаць i смяяцца.
Вадзяны, ты, добры конiк,
Вось табе мой парасонiк.
Сяргей Брандт, 24.07.2013
Змайстраваў хлапчук Андрэйка
Iз паперы журавельку.
Мае птушка крылы, хвост
I даўгую дзюбку-нос.
Толькi нешта не ляцiць,
Трэба птушку пакармiць.
Паляцiць затым праз плошчу,
Ветрык крылы запалошчыць.
Даляцiць да рэчкi сiняй
Праз альшаннiк, праз асiннiк.
Дамоў пэўна не вярнецца,
Жыць у вёсцы застанецца.
Сярод леса ёсць калейка,
Рыпiць калодзеж-журавелька.
Ваду цягае для людзей,
Малы, ляцi сюды хутчэй!
Сяргей Брандт, 24.07.2013
|
|