Усе рубрыкі

ДРАКОНЧЫК ПА ІМЕНІ ЦВІЧОК. Частка першая — Сяргей Брандт

Пераклад з нямецкай мовы. Інга Зыгнер “ А ты ведаеш які зараз час?”

Зараз сем гадзін раніцы. Маленькі дракончык Цвічок спіць у сваім ложачку і бачыць цудоўны сон пра знойдзены ў зямлі клад. Ён ужо збіраецца адкрыць акаваны меддзю цяжкі куфэрачак, як чуе праз сон словы сваёй мамы Норы:
— Прачынайся, Цвічок, прачынайся!
— Не, не хачу, сонна мармыча дракончык і нацягвае на галаву паласатую коўдру. Яму так хочацца даведацца, што там у куфэрку. Цвічок, уздыхнуўшы, зноў соладка засынае.
— Сынок, ужо чвэрць восьмай гадзіны! – крычыць яму тата Магнус. Аднак з-пад коўдры, якой накрыты сынок, ледзь даносіцца:
— Але я яшчэ не знайшоў ключык да замка і куфэрак пакуль не адкрыты.
І зноў з пакою малога даносіцца нягучнае салодкае сапенне. Тата здзіўлена круціць сваёй галавой і вымаўляе:
— Пра які ты куфар кажаш?
У палове восьмага мама Нора ўпэўнена сцягвае з Цвічка коўдру:
— Цяпер ты абавязкова ўстанеш, соня! Інакш спознешся ў школу.

ГВОЗДИК 004

Дракончык злуецца, бо менавіта ў гэты момант ён ўжо памкнуўся адкрыць знойдзеным ключыкам замочак у куфэрку і паглядзець, што ён змяшчае. Але скарб раптам знік разам са сном і ён няўпэўненымі крокамі ідзе ў ванную.
У сем сорак пяць садзіцца дракончык за стол на кухні. На сняданне грэчневая каша з малаком. Мама ў гэты час робіць бутэрбродзікі для вялікага перапынку ў школе.
Вось і сабраны школьны ранец. Цвічок хутка чысціць зубкі і выбягае на вуліцу.
— Да пабачэння! – крычыць ён сваім бацькам і ляціць, рупліва махаючы крыльцамі, у школу.
— Да пабачэння! – адказваюць бацькі і глядзяць з пяшчотай яму ўслед.
— Няўжо наш сын так і не навучыцца шанаваць свой час? – уздыхае мама Нора.
— Будзем спадзявацца, што гэтаму яго навучаць у школе, — пераканана адказвае тата Магнус.
Застаецца пяць мінут да паловы дзевятага. Пачатак школьных заняткаў роўна ў дзевяць і ва ўсіх дракончыкаў яшчэ ёсць крышачку вольнага часу. Цвічок і Кусайка скачуць на батуце. Гэта так добра ўмацоўвае мышцы ног і вестыбулярны апарат, што вельмі важна для маленькіх пілотаў, якія вучацца ў лётнай школе. Шкада, што Кусайка не можа лётаць – у яго ж няма крыльцаў, але скакаць на батуце яму вельмі-вельмі падабаецца. У дзевяць гадзін настаўніца невялічкага класа звоніць у срэбраны званочак. Усе вучні роўненька становяцца ў лінію на жоўтым пяску.
— Добрай раніцы, дзеці! — вітае іх настаўніца.
— Добрай раніцы¸ Эма! – дружна адказваюць ёй вучні.
— Сёння на нашым новым уроку мы будзем адпрацоўваць перавароты ў паветры, — гаворыць Эма. — У кожнага будзе толькі 30 секунд, каб паспрабаваць. Першай пачне Зі-Зі, а потым у адпаведнасці з алфавітам – усе астатнія. Кусайка сочыць за часам.
Зі-Зі выканала дванаццаць пераваротаў у паветры – цудоўны вынік. Тоўсценькі Хватайка здужаў толькі дзесяць. Зусім нядрэнна, калі ўлічыць, што яго левае крыльца хворае. Кожны паспрабаваў свае сілы і тэхніку пераваротаў у паветры. Але рэкорд лётнай школы дастаўся Лу-Лу, пятнаццаць прыгожых сальта ў паветры. Як не стараўся і не спяшаўся Цвічок, у яго атрымалася толькі дзевяць, але ён нават не турбаваўся з-за гэтага, бо Кусайка змог зрабіць толькі адно адзінае сальта, стоячы на зямлі.
Пе-ра-пы-нак! Дзесяць мінут адзінаццатага. Сядзяць стомленыя, але задаволеныя маленькія пілоты ўсе разам на пясочку і жуюць са смакам свае бутэрбродзікі.
— Мяняю бутэрброд з сырам і вінаградам на што-небудзь іншае, — кажа Цвічок.
— Магу прапанаваць узамен булачку з катлетай і зялёнай цыбуляй! – крычыць Кусайка.
— Мяняемся, — згаджаецца Цвічок.
У 11 гадзін пачынаецца ўрок матэматыкі. Вядзе яго зноў Эма. Яна прыносіць вялікі плецены кошык са спелымі чорнымі вішнямі, каб дзеці маглі іх са смакам падлічыць. У 11.45 усё з’едзена і пералічана. Вучні з ног да вачэй папэцканы салодкім вішнёвым сокам. І настае час яшчэ аднаго цікавага чэмпіянату, “найдалей плюнуць вішнёвай костачкай”.
Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 11.04.14

ЗАКЛЯЦЦЕ СТАРОГА МЛЫНА. Частка трэцяя — Сяргей Брандт

З цыкла “Гісторыі, падобныя на казкі”
Павольна цягнулiся iмгненні, здавалася, быццам i час пад вадой зусiм знiк — толькi адна непраглядная цемень i нiякіх гукаў навокал. Але нейдзе ўнiзе раптоўна загарэлася маленькая, з макавае зерне, іскрыстая кропачка i пачала расцi, а потым знiкла густая чорная цемра i … Сяржук апынyўся на маленькай плошчы вельмi-вельмi цудоўнага мястэчка. Вузенькiя брукаваныя вулачкi, утульныя, упрыгожаныя зялёным хмызняком, дамы пад чарапiчнымi чырвонымi дахамi i кветкi ўсялякiя з усiх бакоў — здалося нават нашаму хлопцу, што ён трапiў зноў у багаты i заможны горад Данцыг. Ды толькі ж той Данцыг застаўся нейдзе на паверхні яго былога жыцця, а хлопцу прыйшлося ступіць у другі невядомы чароўны свет.

1307724850_boloto-02

Агледзеўся Сяржук і знямеў ад нечаканасці, бо ўсюды пад нагамі ляжалі, як першы снег на зямлі, залатыя важкія манеты і звінелі яны пад падэшвамі яго рудых скураных ботаў. А аднекуль зверху павольна апускаліся ўсё новыя і новыя і не было гэтаму дзіву канца. Пачаў хлопец грошы ў кiшэні збiраць i вадзянога дзякаваць, зусiм запяматаваў пра тое, што нельга золата чапаць. І чым больш станавілася ў хлопца жоўтых манет, тым меньш заставалася часу, каб наверх падняцца. Нейкае дзіва невядомае пачало змяняць вадзянога, які сядзеў амаль каля самай вады. Спачатку знікла зялёная луска на скуры, потым адваліўся тоўсты рыбін хвост, пакрыты цінай і імхом. Апошнім штрыхом вецер здзёр сівыя доўгія космы і смярдзючы, пакрыты сліззю капялюш ….Каля цёмнай вады сядзеў, нібы прачнуўушыся, зусім малады чалавек. Ён ніяк не мог успомніць, што здарылася з ім сто гадоў назад, куды ён ішоў і чаму сядзіць адзін каля старога млыну. Памяць вярнулася з першым сонечным промнем і чалавек, устаўшы, заспяшаўся хуткім крокам у напрамку да вёскі, якая стаяла за лесам мо гадоў сто таму назад, а цяпер толькі чорны быльнёг шалясцеў на месцы разбуранных з часам хат.
І як толькі той наверсе зрабіў першы крок да свайго старога жыцця, Сяржук пачаў ператварацца ў нейкую жудасную істоту. Спачатку яго скура пакрылася зялёнай рыбнай луской, памерам з тыя манеты, што ён збіраў, потым замест ног маладых і спрытных утварыўся усяго за некалькі хвілін тоўсты, нібы бервяно, хвост. Валасы зрабіліся доўгімі сівымі космамі.
Здзіраў хлопец луску, здзіраў, толькі яна яго новай скурай зрабілася на доўгія гады.
Рванула істота, рыба з чалавечым тварам наверх, толькі вада зашумела, закіпела пад моцным хвастом і ўсплыла каля драўлянага кола. Раніца толькі пачыналася, ласкавае сонейка паднімалася над лесам, разганяючы мокры туман па завуголлях. Нейдзе прапеў салавейка, яму адказала адразу зязюлька і змоўкла, быццам засаромелася свайго жадання. Некуды плылі стомленыя хмары, уголас іржаў малады конь, шукаючы свайго згубленага гаспадара.
З вачэй вадзянога дзеда вялізнымі кроплямі каціліся бліскучыя слёзы. Яны, трапіўшы ў цёмную ваду, і ператваралыся ў залатыя дзінары, цахіны і дукаты, якія залатымі сняжынкамі апускаліся на рачное дно…
У вялікім смутку сядзіць вадзяны дзед каля старога млыну, усё чакае, што вось-вось заявіцца юнак, зменіць яго на гэтым месцы. Колькі гадоў прайшло, колькі яшчэ праміне і хто закляцце зніме, ведае, напэўна толькі адзін сведак, стары драўляны млын, які як забыты вартаўнік нашай роднай мовы, стаіць амаль каля самага старажытнага лесу…
Такая вось гісторыя адбылася ў вельмі даўнія часы, але яе водгаласы яшчэ ходзяць уначы ад хаты да хаты, зазіраюць у вокны, стаяць пад дзвярыма, ды толькі вось новае пакаленне наша не чуе гэта, не разумее іх, бо само напэўна ператварылася ў тых дзіўных істот разам с Сяржуком. Збірае яно на дне цёмнага жыцця нашага залатыя манеты і ніколі, напэўна, ужо не верне сабе той добры вобраз патрыётаў краіны сваёй. А пакуль здараецца ўсё гэта побач з намі і мы не бачым гэта, то аб якім працягу гісторыі можна тут гаварыць. Не шукай лепшага праз лёгкае, бо сваё апошняе згубіш.

Сяргей Брандт, 05.04.2014

ПТУШЫНАЯ ЗНАХОДКА — Сяргей Брандт

З серыі “Дарагія бацькі, бабулі і дзядулі, а таксама маленькія слухачы”

Сардэчна запрашаем вас ў цудоўнае Каралеўства Дзівоснага Сну! У гэтым каралеўстве адбываюцца такія выдатныя сустрэчы, якія немагчыма ўявіць сабе ў нашым паўсядзённым жыцці. Там жывуць разам дружныя чараўнікі і гномы, зубныя феі і рыцары, драконы і адзінарогі.
Гэтыя гісторыі аб чарадзейных персанажах, якія яркім сваім зместам унясуць новыя моманты ў выхаванне малых, дапамогуць захаваць святло ў дзіцячых сэрцах і, вядома, не пакінуць іх абыякавымі да ўсяго казачнага і стануць асновай нашых вячэрніх сустрэч.
Кожны раз, укладваючыся ў сваіх утульных ложках спаць, вы, дарагія мае слухачы, будзеце атрымоўваць штосьці вельмі незвычайнае і яно стане казачным рытуалам перад прыходам салодкага сну.
Такім чынам, я пачынаю распавядаць сваю першую гісторыю перад сном.
Птушыная знаходка
Аднойчы цёплым летнім ранкам птушкі знайшлі на беразе рэчкі яйцо.
КРОКОДИЛ ЯЙЦО
— Напэўна яно выпала з гнязда? – спытала Салавейка.
— Магчыма і не – адказаў ёй Верабейка – Але не будзем яйцо чапаць пакуль яго мама не прыйдзе.
І каб сагрэць знаходку, яны пачалі збіраць галінкі, мох і лісцікі для вялікага гнязда.
— Аднак, гэта было нялёгка – прашчабятаў Верабейка і ўзляцеў на макушку яйца. Салавейка і яе сяброўка Сойка, натапырыўшы свае пёркі, прыселі па абодва бакі шкарлупіны. Скажу па сакрэту, яйцо было вялізарнае, а птушкі ў параўнанні з ім выглядалі маленькімі. Нажаль, яны нават і чвэрць яго не маглі закрыць сваімі крыльцамі.
— Мы не можам адны сагрэць такое вялізнае яйцо — прапелі яны другім птушкам.
Часу прайшло няшмат, як з яйца пачуўся незвычайны гук і яно раптам падскочыла ўверх. Шкарлупіна раскалолася, з яе выпаўзла маленькая зялёненькая істота.
— Глядзіце, якая цікавая птушка! – з захапленнем пракрычаў Верабейка — Але ў яе чамусьці няма крыльцаў. — Затое ў яе ёсць агромістая дзюба — сказала Салавейка — І вельмі востранькія зубкі.
— Я ведаю, хто гэта такі – праскрыпеў Крыжадзюб, які ўсё аб ўсіх і, што адбываецца навокал, ведаў — Гэта ж маленькі кракадзільчык.
Спалоханыя птушкі ўсё ніяк не маглі супакоіцца:
— І што нам цяпер рабіць? – запішчала Сінічка — Дык ён нас усіх з’есць.
— У любым выпадку мы не можам малое пакінуць тут да прыходу яго мамы – дапоўніла
Салавейка — Але каб мяне з’елі я таксама не жадаю.
— Калі яго патурбаваць, то можна з лёгкасцю папасці яму на вострыя зубкі – выказаўся Крыжадзюб і паляцеў у сваё гняздо. Але, калі праз некалькі хвілін ён вярнуўся назад, то ўсе ўбачылі, што ён трымаў у дзюбе соску:
— Гэта я знайшоў у пясочніцы.
— Проста цудоўна – прапела Салавейка і ўпіхнула соску ў шырока раскрыты рот маленькага кракадзіла.
Кракадзільчык нічога не зразумеў, але соску пажаваў з апетытам. Сойка чамусьці падумала ў голас:
— Як я разумею, наш госць вельмі галодны. Патрэбна пашукаць чым мы яго можам накарміць.
Пасля гэтых слоў Сойка хутка зляцела ўніз і знайшла на вільготнай траве дажджавога чарвяка, прцягнула яго кракадзільчыку, які з задавльненнем праглынуў яе пачастунак.
Аднак, дажджавы чарвяк чамусьці яму не спадабаўся і малы выплюнуў яго на зямлю. У гэты час птушкі ўбачылі, як сярод куста язміну нечакана з’явіўся аграменны зялёны нос.
— Ай, ай, у кусце Кракадзіл – закрычала спалохана Салавейка – Спадзяюся, што ён усё ж нас не з’есць.
Кракадзіл і не збіраўся есці маленькіх птушачак. Ён імкліва падбег да малога і абняў яго.
— Я вельмі рады, што знайшоў цябе, Сынок! У час нашага пераезду на новае месца мы так спяшаліся, што не заўважылі, як згубілі адно яйцо.
Вялікі кракадзіл далікатна пацалаваў малога ў яго зялёны носік і звярнуўся да птушачак:
— Дякую вам, што былі ўважлівымі да майго сыночка і абяцаю, што нікога з вас мая сям’я ніколі не з’есць. А цяпер пойдзем, мой даражэнькі. Твае браты і сёстры, асабліва мама, ужо зачакаліся нас і жадаюць хутчэй убачыць.
КРОКОДИЛ
Маленькі кракадзільчык быў таксама шчаслівы, бо ў яго ёсць мама і сям’я. І вядома, мама лепш за ўсіх на свеце ведае, што больш за ўсё любяць есці яе дзеці. І ніколі не будзе карміць іх дажджавымі чарвякамі.

Сяргей Брандт, 31.03.2014

ЗАКЛЯЦЦЕ СТАРОГА МЛЫНА. Частка другая — Сяргей Брандт

З цыкла “Гісторыі, падобныя на казкі” (Працяг)
…I пайшла гульня шалёная на грошы. А якi вынiк? Kажуць старыя людзi: «Не шукай лепшага праз лёгкае, бо сваё апошняе згубiш”. Так i здарылася: яшчэ нават i першыя пеўнi не праспявалi, а Сяржук наш апошнi залаты дукат, якi заўсёды прыхоўваў на чорны дзень, на стол паклаў. Яшчэ раз бразнулi стомлена косцi аб пачарнеўшае ад пралiтай гарэлкi пакрыцце i ўсё: iдзi хлопец куды хочаш, без грошай, без свайго каня i без сваёй надзеi.
Выскачыў хлопец з карчмы, быццам той чорт, якi пабачыў святы абраз, ды да старога млына пабег. Можа хацеў галаву ад хмелю дурнога ў вадзе астудзiць, а можа i сам пад вадой сваё гора схаваць — хто гэта цяпер ведае, нiколi праўды не раскажа. Толькі да вады чорнай дабег, як пакінулі яго апошнія сілы, ногі падхіліліся, прысеў хлопец на драўляныя ступні. За адну хвіліну прайшло ўсё яго жыццё перад вачыма, прамільгнула і, нават следу не пакінула, як і не было дабра ў ім. Доўга прабыў змярцвелы Сяржук у забыцці, нічога вакол сябе не бачыў, нікога не чуў і калі, на пашарэўшым небасхіле знікла апошняя зорка, ачнуўся, нібы хто ў плечы яго штурхнуў.
млын
Побач сядзеў нейкі калматы, з барадой да зямлі, стары. Дзіравы капялюш хаваў яго твар і вельмі смярдзела балотнай цінай. Стары нешта пільна ў вадзе выглядаў і, шавелячы сінімі губамі, ціха барматаў сабе пад нос. І вось яшчэ што паказалася хлопцу дзівосным: замест ног гэты чалавек меў, пакрыты імхом, здаравенны хвост, які нагадваў хвост сома. А можа і не меў, а можа ўсё гэта толькі нашаму небараку здалося. Але ж, стрымаўшы свой жах, запытаў Сяржук цікавага дзеда, што ён тут робіць у такі ранні час. Стары, нічога не кажучы, на вір каля млына рукой паказаў.
Прыгледзіўся юнак і знепрытоміў, гарачая хваля спачатку ў галаву ткнула, затым да сэрца дайшла і знямела ад нечаканасці. На самым дне, у брудным рачным глеі, ляжала як смецце, нікому не патрэбнае багацце, незлічоныя залатыя цахіны турэцкія, каштоўныя камяні, розныя па афарбоўцы і памерах, посуд цяжкі, якому нават цар мог пазайздросціць, дыяманты бліскучыя ў белай аправе, пярсцёнкі, ланцужкі жоўтыя, завушніцы з бурштынавымі вочкамі, глячкі, запоўненыя ружовым індыйскім жэмчугам, чаркі, срэбраныя з чырвонымі заморскімі яхантамі. Пасярод усёй гэтай бліскучай скарбонкі плавалі вялізныя шчупакі і чорныя налімы, быццам сабакі галодныя, яны ўсё гэта старанна вартавалі.
Вадзянік, а гэта ён і быў, яшчэ прапанаваў хлопцу нырнуць пад ваду, узяць сабе ў кішэню трохі грошай, як бы замест тых, што згубіў Сяржук у карчме, але перасцярог не браць нічога цяжкага, а толькі каштоўныя камяні.
Пра тое, што ў вадзе дыхаць можна, таксама сказаў, і падняўшы правую руку над рачной паверхнасцю, разагнаў сваіх вартаўнікоў у розныя бакі. Не помнячы сябе, нырнуў бедалага ў халодную цёмную ваду. Расступілася вада, прыняла яго і пацягнула на самое дно, быццам праглынула. І чым глыбей юнак наш апускаўся, тым усё больш жудасна рабілася яму. У хуткім часе і святло зверху знікла. Густая начная імгла схавала сабе за пазуху апошні сонечны промень. А ён усё ніяк не мог знайсці пад нагамі аслізлае халоднае дно.
Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 29.03.2014