|
Гiсторыя, якая вельмi падобная на казку
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Вучыўся ў аднаго варажбiта малады хлопец. Вельмi яму хацелася людзям дапамагаць. Грошай на вучобу не было зусiм, бацькоў таксама (памерлi ў дзяцiстве), а як жыць юнаку аднаму i без раднi? Bось i знайшоў сабе працу — зёлкi збiраць у лесе, потым лекi з iх па загаду свайго настаўнiка рабiць. Праца цяжкая, ад ранiцы да вечара на нагах. Ноччу
таксама трэба за зоркамi назiраць i розныя iншыя, не дзённыя справы выконваць – збiраць жабянят, яшчарак, зямлю з могiлак цi густы туман каля балотаў. Усе спатрэбіцца варажбiту, цягнуцца да яго людзi, каб свайму суседу дрэннае зрабiць. Нехта хоча сэрца дзявочае прываражыць, а хтосьці не супраць i душу сваю аддаць замест аднаго толькi жадання. Заплацi грошы i будзеш мець за iх усё, што толькi пажадаеш.
Аднойчы атрымаў вучань ад свайго настаўнiка загад: калі поўны месяц узыйдзе, на балота схадзіць, каранёў дзівасілу нарваць, трошкі піявак чорных, ды камарыных крылаў назбіраць для адной субстанцыі.
Усё б нічога, ды гаворкі розныя пра гэта балота сярод людзей хадзілі, што жыве там на маленькім востраве, які падобны на вялізную купіну, адна знахарка. Дык яна, тая жанчына, чымсьці на жабу падобна і ящчэ мае моц аддаваць загады розным пачварам: змеям, яшчаркам і нават кажанам з камарамі. Жудасна юнаку ў поцемках сярод чароту ды кустоў вярбы камароў шукаць, але да раніцы ўсё павінен у торбу сваю пакласці. Толькі апошнюю піяўку злавіў, як бачыць, што збоку ад смярдзючай тухлай вады, быццам, нехта святло запаліў. Агеньчык зусім малы, не свеціць нават, а як жучок начны жоўтым тлее. Прыгледзеўся юнак, а гэта з чароту і вербных галін хатка на купіне пабудавана і жаб вакол яе столькі, што напэўна з усяго балота сабралі іх на гэта месца. Зялёныя, брыдкія, шэрыя, нават зусім чорныя, сядзелі земнаводныя істоты і ўважліва назіралі чым займаецца тут хлопец. А затым пачвары ў адзін голас разам заквакалі, аж мурашкі па скуры хлопца пабеглі, і дзверы ў хатцы са скрыпам адчыніліся.
З каганцом у руках выйшла гаспадыня, зусім старая і скручаная жанчына, яе бруднае адзенне вісела лахманамі, а тлустыя калматыя валасы тырчалі ў розныя бакі, вочы глядзелі не міргаючы і ад гэтага рабілася яшчэ жудасней. Тонкія, як у жабы, губы расплюшчыліся і юнак пачуў слізкія, быццам ціна, словы:
— Добрай ночы, хлопчык! А я цябе даўно чакаю. Твой гаспадар не расказаў табе, што ты павінен тыдзень ў мяне працаваць, каб атрымаць адзін настой для свайго настаўніка. Бачу, што не ведаеш нічога. Заходзь у хату ноччу, на маім балоце вельмі-вельмі небяспечна. А я цябе гарбатай з вераску пачастую. Заходзь хутчэй, бо туман густы балота накрывае. Зрабіў хлопец крок, не ідуць далей ногі, але што рабіць — у адно імгненне з усіх бакоў туман густы з’явіўся і пачаў хаваць пад сябе і купіны, і хмызняк, і войска жаб. Каб не паспеў ён увайсці своечасова ў хатку, з’еў бы туман, як галодны ненасытны звер і яго, нават слядоў бы не пакінуў.
Унутры памяшканне здавалася не такім маленькім. Пасярод стаяў драўляны, пачарнеўшы ад бруду, стол, некалькі кульгавых лавак у куце, складзены з камянёў агмень. Усюды ляжалі сухія травы, карэнні і многа рознага таго, што ніхто ніколі ў сваім жыцці нават і не бачыў. Паветра ў хаце было цяжкае ад недасушаных балотных гадзюк, трытонаў, кажаноў. Гарэла чорная свечка з нейкага пратухшага здору, але святла яна не прыбаўляла. Гаспадыня працягнула юнаку гліняны кубак.
— Вось, выпі і холад непраходных балот цябе не кране болей, бо зёлкі і замова не дадуць яму зрабіць гэта. Ад кубка ішоў густы духмяны пар, ён быў падобны на пах спелых дзічак, такі знаёмы з дзяцінства.
Хлопец заплюшчыў вочы і глынуў варыва. Адразу сэрца пачало мацней біцца, ўсё пачварнае ператварылася ў цудоўнае, цела зрабілася лёгкім і паляцела вясёлай птушкай у каляровую цемру.
Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 05.08.2014
КАЛАЎРОТ
Цяпер амаль усе забыліся для чаго я ў гаспадарцы патрэбны. Малыя, калі бачаць мяне,
смяюцца: “Вунь, якое кола цікавае!” Можа яно ад драўлянай нейкай машыны. А раней мой музычны спеў быў чутны ў кожнай хаце, асабліва доўгімі цёмнымі вечарамі. Прадзе бабка кудзельку і я побач гуду, спяваю. Дзеці малыя на печцы ляжаць, казкі розныя слухаюць. Гарыць смаляная лучына, агеньчык роўны, бо таксама ўважліва слухае. Нават я пачынаю гудзець цішэй, а за вокнамі вецер шалёны лятае. Надвор’е кепскае, дождж, як з вядра л’е, а ў хаце ўтульна і цёпла. Новы вечар — новае апавяданне бабка апавядае, калаўрот сваё кола круціць і пяе, пяе сваю бясконцую песенку. Потым зробяць з шэрых нітак шарсцяных малым шкарпэткі або цёплыя камізэлькі на зіму і ў кожнай рэчы застанецца цікавая казка. Ці не цуд гэта? Колькі ж гадкоў я сваім гаспадарам праўдай і верай служыла, колькі кудзелі ў добрыя рэчы ператварыла. Ды час прамінуў і кінулі мяне, як смецце непатрэбнае ў паветку. Каб не маленькі хлопчык, напэўна ён нейкі асаблівы хлопчык, схаваў мяне ў пуньцы, акуратна накрыўшы старой саломай. Вось цяпер ляжу з усімі разам, але толькі сёння расказаў пра свае жыццё-быццё, якое нічым адметным не адрозніваецца. Старыя рэчы ў гаспадарцы — непатрэбныя рэчы.
ДРАЎЛЯНЫЯ НАЧОЎКІ
Вось гэта апавяданне будзе апошнім. На кірмашы гаспадар аднаго зусім
маленькага хутарка прыдбаў начоўкі з ліпы ў мясцовага майстра, але калі разлік пачалі праводзіць — трохі грошай не хапіла і ён даплаціў за нас вядро груш дзічак. Так нас потым і назвалі “дзікаватыя”, не ў тым сэнсе, што дзікія, а ў тым, што за дзічкі купленыя. І пайшлі гады, як блізняты ў няспыннай працы: дзетак малых у нас купалі, бялізну мылі, і, нават збожжа захоўвалі. Аднойчы ўзімку малыя дзеці пакуль бацькоў не было, пачалі з горкі ўніз спускацца. Не ўсім прантоў і санак хапіла. Самы малы нас і прыспасобіў для сваёй гульні. Раз скаціўся, другі, а потым на трухлявы камель наляцеў і трэснуў наш бок ад болю.
Вечарам бацькі дахаты вярнуліся і праз слёзы з рэвам выкінулі нас з хаты на прамерзлую дрывотню. Добра, што дзеці потым у сене перахавалі, а праз некалькі месяцаў і самі сваю схованку згубілі. Усё як ва ўсіх, нічога новага. Пакуль працуеш — патрэбны, але калі сапсуюць цябе — адзін ёсць выхад, у печ ці на смецце. А як хочацца ў голас пра сябе
расказаць. Ды толька гэта ёсць марная надзея…
Дарагія чытачы, усе непатрэбныя рэчы зараз чакаюць Вас у школьным краязнаўчым музеі і з’яўляюцца самымі каштоўнымі экспанатамі. Яны распавядаюць наведвальнікам свае цікавыя гісторыі, вучаць нашчадкаў шанаваць і захоўваць спадчыну.
Сяргей Брандт, 21.07.2014
Частка другая
ХВАЁВАЯ БАРАНА
Цяпер я буду распавядаць сваю цікавую гісторыю. Змайстравалі мяне два цесляры
з суседняга мястэчка для маладой сям’і за мех дробнай бульбы і ладны шман сала.
А чым яшчэ плаціць, калі толькі-толькі на зямлю стаў і працаваць пачаў на сябе, а не на пана. Добра мяне змайстравалі, як кажуць людзі, з пачуццём. І пайшла я баранаваць сухі суглінак, наверх выкарчоўваць старыя карані і рэшткі гнілых пнёў. А каб глыбей мае зубы маглі ў зямлю ўвайсці, дык зверху паклалі на мяне некалькі цяжкіх доўгіх цаглін. Першы свой зуб згубіла я, калі натыкнулася на корань даўно згінуўшага дуба. Быццам на жалезную руду патрапіла. Потым яшчэ адзін, затым яшчэ — пакуль мой гаспадар сабе новую сталёвую ў кузні купіў. Мяне ж выкінулі, як непатрэбную, у смецце. Добра што не спалілі. А я магу і далей працаваць. Вось толькі палову зубоў згубленых на новыя замяніць. Праца мяне не палахое. Кажуць людзі, даўно дапамагае ім сталёвы конь, які цягне дзесяць сталёвых барон. Куды мне бяззубай з ім у працы цягацца.
КРОСНЫ
А колькі добрага і патрэбнага мы сваім гаспадарам зрабілі. Дзень грукаем, цялюткі шэры поцемак працуем пры лучыне, узоры неверагодныя тчом. Тут табе і ручнікі шлюбныя для нявест, у кожным з якіх свой прыгожы малюнак і арнамент, і посцілкі льняныя
шэрыя, якія потым з часам на сонцы бялюткімі стануць, як малако, і нават чароўныя
габелены. Гэта зусім іншая справа. Іх рабіць павінен майстар і не ў кожнай хаце ён быў. Наш майстар выконваў розныя заказы, яго творы нават за мяжой добра куплялі,
бо ён сапраўды мог усё жывое перанесці на льняное палатно і нічога не згубіць, ні аб чым не забыцца. А калі разгортвалі яго новы твор, усе ў голас дзівіліся: “Якая цудоўная праца. Якія жывыя валошкі, быццам вецер у полі іх сапраўды калыша”. Але з часам усё змяняецца. Памёр майстар, а дзеці працу яго не перанялі, пайшлі ў сваё жыццё. Нас, як невядомую затым пачвару, кінулі на гарышча і забыліся. Вось бы нам хоць адзін вечар папрацаваць і апошні габелен зрабіць. Ды хто цяпер ведае, што такое кросны. Такая наша сумная гісторыя.
Сяргей Брандт, 16.07.2014
Частка восьмая (Працяг)
ВАЎКАЛАК (Пярэварацень)
У адпаведнасці з народным павер’ем сярод ваўкалакаў існуюць ведзьмакі і заварожаныя. Ведзьмакі і ведзьмы часта па свайму жаданню прымаюць выгляд жывёл і выкарыстоўваюць гэта для дасягення сваіх мэтаў. Каб стаць ваўком, вядзьмак апранае воўчую шкуру, зняўшы яе – становіцца зноў чалавекам.
У некаторых крыніцах апісваецца, што для ператварэння ў звера, вядзьмак апранаў
адмысловы заварожаны пояс. Па іншай версіі, ператварэнне адбывалася, калі вядзьмак
пераступаў ці перакульваўся праз пень, у які быў уваткнуты нож. Такія ваўкалакі рабілі вялікую шкоду, нападаючы на звяроў і людзей. Ваўкалакі, якіх такімі зрабілі ведзьмакі, не з’яўляюцца небяспечнымі для іншых людзей. Яны, наадварот, ахвяры, што пакутуюць ад свайго стану.
Такія ваўкалакі, ператвараючыся ў дзікіх звяроў, хаваюцца ад усіх у бярлогах і мараць
аб збаўленні ад гэтай долі.Так, яны імкнуліся не нападаць на людзей і жывёл і нават не елі сырое мяса. Згодна некаторым павер’ям, напрыклад украінскім, ведзьмакі і ведзьмы,
жадаючы каго-небудзь зрабіць ваўкалакам, накідаюць на яго воўчую шкуру,
вымаўляючы загавор. Гэтак жа вядзьмак мог пакласці на парог хаты чалавека, на якога ён хоча паўплываць вядзьмарскім шляхам, пояс,
скручаны з лубу, на які ён перш нагаварыў вызначаны загавор.
І чалавек, пераступаючы праз гэты пояс, рабіўся ваўкалакам. Чалавечае аблічча
ён набываў, толькі калі вядзьмарскі пояс ірваўся ці парахнеў.
Па павер’ях, чалавек мог стаць ваўкалакам і пасля смерці. У пярэваратня ператвараўся той, хто пры жыцці звяртаўся за дапамогай да магіі або ўступаў у зносіны са злымі духамі, ведзьмамі, ведзьмакамі і г.д. І наадварот, пярэваратнем мог стаць чалавек, які чымсьці раззлаваў ведзьмака ці ведзьму. І тады вядзьмак, жадаючы адпомсціць крыўдніку, ператвараў таго ў ваўкалака. Для гэтага ён насылаў на сваю ахвяру злога духа, які ноччу з’яўляўся чалавеку з воўчай шкурай. Ён загадваў няшчаснаму надзець яе, і той, не ў сілах супрацьстаяць чарам, апранаў шкуру, пасля чаго пачынаў абарочвацца па начах ваўком і бадзяўся ў гэтым абліччы кожную ноч. На досвітку чары развейваліся, чалавек прымаў сваё ранейшае аблічча.
Таксама ператварыцца ў чалавека мог і чалавек, які памёр без пакаяння. Лічылася,
што пасля смерці ў цела гэтага чалавека ўваходзіць
злы дух і паднімае нябожчыка з магілы. Праўда, сваёй волі гэта істота ўжо не мае,
яна цалкам знаходзіцца ва ўладзе духаў, якія загадваюць яму здзяйсняць
усялякія злыя ўчынкі і шкодзіць людзям. Лічылася, што пасля смерці
стаць пярэваратнем можа і чалавек, які не рабіў пры жыцці благіх учынкаў. Гэта адбывалася, калі праз цела памерлага, што ляжыць на стале, перабягала
котка, сабака ці курыца. Адсюль пайшоў звычай не ўпускаць у хату гэтых жывёл, калі там знаходзіцца нябожчык.
А некаторыя людзі, з самых народзінаў былі ваўкалакамі. Імі рабіліся дзеці, якія з’явіліся
на свет ў выніку шлюбнай сувязі звычайнай кабеты з ваўкалакам. У такіх людзей, была адна адметная рыса, па якой
іх можна было пазнаць. На галаве ў іх расла ваўчыная поўсць.
Пры чым заўважыць яе можна было нават у
нованароджанага. Згодна некаторым павер’ям, чалавек, які пры жыцці быў ваўкалакам, пасля смерці ператвараўся ва ўпіра. І каб ён не выходзіў з магілы і не піў кроў у жывых людзей, перад тым як яго пахаваць, яму ў рот клалі манету, а рот завязвалі.
Сяргей Брандт, 11.07.2014
Ст. 1 з 6123...5...»Апошняя »
|
|