|
Палiчыў з кратом зярняты,
Два разы прабег за хатай.
На градцы паспытаў радыскi,
Адпiў вады з сабачай мiскi.
Хацеў сцягнуць яйка ў павецi,
I не паспеў — прагналi дзецi.
Збанок малочны быў пусты,
Кот зашыпеў — збег у куcты.
Там пасварыўся з мышай хатняй
Iз-за кавалка булкi ладнай.
Пад скрыню лёг, пусты бачок,
Не спiць маленькi пацучок.
Сяргей Брандт, 23.06.2013
Ляцiць над вёскай навальнiца,
Агонь нябесны хмары рве.
Пярун на чорных конях мчыцца,
Вось-вось зямлю вадой залье.
Ад жаху збiлiся жывёлы
У адзiн знямеўшы мокры гурт.
Не бачныя для ўсiх анёлы,
Крылом закрыюць хатнi кут.
Mагутны дуб стары не кленча,
Не гне спiну перад дажджом.
Ён, быццам, волат той, хто вечна
Змагаецца з даўнiшнiм злом.
Абступiць цемра з бакоў хатку,
Пацягнецца i знiкне ў начы.
Там зоркаю гарыць лампадка,
Мелодыяй малiтва прагучыць.
Сяргей Брандт, 22.06.2013
Матухна, матуля
Добрая мая!
Чуеш як зязюля
Плача ў палях?
Мiлы мой сыночак,
Мне i не чуваць.
Вечар доўгi, ночку
Трэба моўчкi ткаць.
Матухна, матуля
Толькi паглядзi,
Як зорачкi-красунi
Мiргаюць дзе-нiдзе.
Мiлы мой, радненькi,
Мне не паглядзець.
Ранiца шарэнька,
З працай не паспець.
Матухна, матуля
Трохi адпачнi.
Сена ўсё згарнулi
Цёплыя дзянькi.
Малы ты, сыночак,
Мне дапамагаць.
А хто спляце вяночак,
Калi я буду спаць?
Сяргей Брандт, 22.06.2013
Я — вядомы чараўнiк!
Прачытаў я мноства кнiг.
Ведаю пра то, пра гэта,
Бо вандрую цераз лета.
Крэблi-Краблi-Бумс.
Бачу думкi дрэваў, кветак,
Сны чытаю малых дзетак.
Ведаю я мову птушак,
Гукi вецярок цярушыць.
Крэблi-Краблi-Бумс.
Мне дапамагаюць зоры,
Чытаць нябесныя ўзоры.
Я — сапраўдны чараўнiк!
Вось я тут, а вось я — знiк…
Крэблi-Краблi-Бумс.
Сяргей Брандт, 21.06.2013
|
|