Усе рубрыкі

Чароўная ружа

rosa

Ў даўнія часы жыў-быў цар. Пры палацы ў яго быў ружовы сад. У садзе рос куст чароўнай ружы. Як ні імкнуўся цар, як ні ахоўвалі царскія садоўнікі гэту ружу, ніяк не маглі ўсцерагчы яе. Толькі пачынала яна распускацца, як нападаў на яе чарвяк-злодзей. І так з года ў год паўтаралася адно і тое ж. Цар ніяк не мог дачакацца сваёй чароўнай ружы. Неяк прыйшоў да цара юнак садоўнік і сказаў:

— Наймі мяне, я ўсцерагу тваю ружу ад чарвяка. Як толькі яна распусціцца, сарву яе, прынясу табе.

— Юнак, — кажа цар, — колькі ў мяне садоўнікаў пабывала, ніводны не ўсцярог яе, дзе ўжо табе зладзіцца?

— Зладжуся, а калі не — вялі караць смерцю.

— Добра, калі здолееш, дык пасцеражы.

Наступіла вясна, новы садоўнік узяў лук і стралу, забраўся пад куст і сеў ружу вартаваць. Пільнуе ён дзень, два дня, тры дня, тыдзень. Нарэшце ружа пачала распускацца, але тут садоўніка ў сон пацягнула…

Тым часам выпаўз чарвяк, накінуўся на ружу, зжор яе і папоўз. Прачнуўся садоўнік, бачыць — няма ружы на кусце. Пайшоў да цара і кажа:

— Цэлы тыдзень, дзень і ноч я вартаваў ружовы куст, а калі ружа стала распускацца, я задрамаў… Адкрываю вочы, а чарвяк ужо паспеў зжэрці ружу. Гэтым разам памілуй, у будучым годзе я распраўлюся з чарвяком.

Cartoon-Clipart-Free-12

— Нічога, — сказаў цар, — гэта чарвяку дарма не пройдзе…

Прайшоў год. Надышла вясна, царскі садоўнік ізноў пайшоў вартаваць куст. Ледзь ружа пачала распускацца, ізноў чарвяк паўзе да ружы. Толькі хацеў садоўнік пусціць у яго стралу, раптам адкуль толькі ўзяўся — прыляцеў салавей, дзяўбнуў чарвяка і паляцеў. Ружа засталася цэлая. Узрадаваўся садоўнік, сарваў ружу і панёс яе да цара.

— Паночку, — кажа ён, — я прынёс табе ружу. Сёння чарвяк ружу зжэрці хацеў, але прыляцеў салавей, дзяўбнуў чарвяка і паляцеў!

— Нічога, — кажа цар, — і салаўю гэта дарма не пройдзе.

images

Прайшоў яшчэ год. Увесну зноў садоўнік адпраўляецца вартаваць ружовы куст; дзень і ноч сядзіць пад ім. Толькі пачала распускацца ружа, ізноў паўзе чарвяк, хоча зжэрці кветку, ізноў той самы салавей ляціць. Толькі хоча дзяўбнуць чарвяка, як ў тое ж імгненне з-пад кустоў цмок — скок! — і праглынуў салаўя з чарвяком. Але ізноў ружа засталася цэлая. Узрадаваўся садоўнік, сарваў ружу і панёс яе цару.

— Пан, — кажа ён, — зараз, як і летась, прыпоўз чарвяк, жадаў зжэрці ружу; прыляцеў салавей і толькі хацеў чарвяка з’есці, як з-пад кустоў цмок выскачыў, на салаўя накінуўся — і абодвух праглынуў. Вось табе ружа — цэлая і спраўная.

— Нічога, — кажа цар, — і цмоку гэта дарма не пройдзе.

Прайшоў яшчэ год. Наступіла вясна, ізноў садоўнік адправіўся вартаваць ружу. Прыйшоў час ёй квітнець. Тут з’явіўся новы чарвяк і да ружы папоўз; прыляцеў салавей і толькі чарвяка дзяўбнуць хацеў, як з-пад кустоў цмок выскачыў і праглынуў і салаўя, і чарвяка. Садоўнік нацягнуў цеціву і пусціў стралу ў цмока — той закруціўся, крывёй абліўся ды акалеў. Садоўнік сарваў ружу і панёс цару.

— Пан, — сказаў ён, — ізноў з’явіўся чарвяк, хацеў зжэрці ружу. Але прыляцеў салавей, дзяўбнуў чарвяка, цмок выскачыў з-пад кустоў, накінуўся на салаўя і на чарвяка, ды абодвух праглынуў. А я калі убачыў гэта, дык нацягнуў цеціву і забіў цмока на месцы.

— Ну і добра, — сказаў цар, — толькі і табе гэта дарма не пройдзе.

Здзівіўся садоўнік і думае: чаму цар увесь час так кажа?

47355065_sadovnik

Думае садоўнік, думае — ні да чаго дадумацца не можа. А спытаць у цара баіцца: што, калі той раззлуецца? Вырашыў садоўнік пачакаць, паглядзець, што далей будзе.

А ў ружовым садзе ў цара быў басейн, дзе купаліся яны разам з царыцаю. Аднойчы садоўнік палез на дрэва, што побач з басейнам расло, каб засохлыя сукі абрэзаць. Раптам бачыць: царыца са сваімі прыслужніцамі да басейна ідзе купацца. Садоўнік пабаяўся ды і застаўся на дрэве.

«Пачакаю, — думае, — выкупаецца царыца, сыдзе, тады і слезу».

Распранулася царыца, увайшла ў басейн, выкупалася, выйшла, пачала апранацца, зірнула ўгару — і ўбачыла садоўніка. Не прамовіла яна ні слова, а пайшла ў палац і ўсё распавяла цару.

— Ведаеш, хадзіла я ў басейн купацца. Выкупалася, апранулася і ўжо збіралася ў палац пайсці, ды раптам убачыла на дрэве садоўніка. Здаецца ён туды загадзя ўлез, бо на мяне падгледзець захацеў.

Як пачуў цар пра тое, раз’юшыўся нібы той леў. Тут жа крыкнуў:

— Ката, ката, ката!

З’явіліся каты, пакланіліся цару.

— Што загадаеш? — пытаюць яны.

— Зараз жа прывядзіце садоўніка і адсячыце яму галаву!

Каты прывялі садоўніка. Садоўнік зразумеў, што яго чакае.

— Пан,  дазволь сказаць два словы, а потым рабі са мной, што жадаеш.

— Добра, кажы.

— Памятаеш, калі ты наняў мяне ў першы год, я прыйшоў да цябе і распавёў, як чарвяк зжор ружу, ты мне сказаў: «Нічога, гэта яму дарма не пройдзе».

Я і на іншы год пайшоў ружу вартаваць. Прыйшоў да цябе і сказаў: «Прыляцеў салавей і дзяўбнуў чарвяка». Ты і тады мне адказаў: «Нічога, і яму гэта дарма не пройдзе».

На трэці год, калі я прыйшоў і сказаў, што з-пад кустоў выскачыў цмок і праглынуў салаўя і чарвяка, ты зноў кажаш: «Нічога, і яму гэта дарма не пройдзе».

На чацвёрты я прыйшоў і сказаў табе: «Я забіў цмока». А ты мне: «Нічога, і табе гэта дарма не пройдзе».

І сапраўды, мне гэта дарма не прайшло, спраўдзіліся твае словы — ты сам захацеў маю галаву зняць!

Дык сёння я табе кажу: і цару гэта дарма не пройдзе.

Пераклад: kazki.by

ужо 6 абмяркоўваюць Чароўная ружа

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>