Усе рубрыкі

Дзяцел, лісіца і варона (народная казка)

Выдзеўб дзяцел у васіне дуплё, збудаваў гняздо і вывеў дзетак — траіх дзятлянятак.

Варона

Дзятлік - лекар лесу

Растуць малыя, а дзяцел цешыцца:
«Выгадую, — думае, — дзяцей — на старасьць падмога будзе…»

Ды недарэмна кажуць:
«Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос?»

Ня ўмеў ён радавацца сам сабе, а раструбіў на ўвесь лес пра сваіх дзяцей. Каго ні спаткае — усім хваліцца:

«Якія ў мяне слаўныя дзеткі! І разумныя, і прыгожыя. Другіх такіх няма ні ў кога…»

Дачулася пра гэта лісіца.
Захацелася ёй маладых дзятлянятак пакаштаваць.
Але як-жа іх з гнязда дастаць?
На дрэвы лазіць лісіца спрыту ня мае.

Дзяцел дзяцей гадуе, — корміць, поіць, а лісіца каля асіны пахаджвае, зубы выскаляе і ўсё думае, як дзятлянятак ізь сьвету зьвесьці.
І надумалася-такі.

Падыходзіць аднойчы да асіны ды давай хвастом па камлі стукаць.

Расказ пра дзятла на беларускай мове

Ліска

Высунуў дзяцел галаву з дупля:

— Што ты, лісічка, робіш? Навошта маіх дзяцей пужаеш?
— Вось як, — кажа лісіца, — дык у цябе і дзеці ёсьць?
— Ёсьць, — адказвае дзяцел. — І такія-ж слаўныя дзеткі!

— Ну дык выганяй іх вон, ды сам выбірайся, бо я зараз буду дрэва секчы…
— Навошта табе гэта дрэва? — пытаецца дзяцел.
— Як гэта навошта? На дровы папілую, у печы паліць буду!
— Ой, лісанька, ой, матанька! — пачаў прасіцца дзяцел. — Дай хоць дзяцей пагадаваць, тады і сячы сабе дрэва. Куды-ж я цяпер з малымі падзенуся?

А лісіца яшчэ мацней стукае хвастом па дрэву:

— Не магу я чакаць, пакуль ты дзяцей пагадуеш!
Хто ж вінаваты, што ты якраз на гэтай асіне гняздо зрабіў! Мала лесу было, ці што?

— Яно то праўда, — кажа дзяцел, — лесу нямала. Ды хто мог ведаць, што табе гэтая старая трухлявая асіна на дровы спатрэбіцца…

— Трэба было запытацца, раней чым гняздо рабіць, — злуецца лісіца. — Сам вінаваты.

Пачухаў дзяцел сваю стракатую галаву:

— Што-ж мне рабіць, лісанька? Дай раду.

Аблізалася хітрая лісіца, пакруціла хвастом ды кажа:

— Ськінь мне адно дзіця, тады ня буду секчы дрэва.

Падумаў дзяцел — шкада дзіцяці.

— Пачакай, лісічка, хоць да заўтра, — просіцца ён. — Дай хоць трохі з дзяцей пацешыцца.
— Добра, — згадзілася лісіца. — Прыйду заўтра.

Казка лисица и дзяцел

Варона-кумушка

Сядзіць дзяцел у дуплі, бядуе і ўсё думае, як яму ад лісіцы ўратавацца. Ды нічога прыдумаць ня можа. Нічога ня зробіш, прыдзецца аддаць адно дзятлянятка, хоць двое яму застануцца.

Тым часам прылятае да яго ў госьці кума — шэрая варона.

— Так і так, — кажа ёй дзяцел, апусьціўшы нос. — Не да гасьцей мне кумка: маё роднае дзіця лісіца адбірае…

Варона была птушка старая і разумная, не такая, як іншыя.

— Дурань ты, — кажа яна, — не аддавай!
— Дык-жа лісіца дрэва ссячэ і ўсё роўна загубіць нас.
— Гэта яна толькі страшыць цябе. Як прыйдзе заўтра, ты скажы ёй: «Сячы сабе, я цябе не баюся!».

Зарадаваўся дзяцел, падзякаваў вароне-куме за разумную параду і нават добра пачаставаў яе за гэта жукамі-караедамі.

Прыбягае назаўтра лісіца.

— Ну, дзяцел, — кажа, — скідай дзіця, а то зараз дрэва сьсяку.

А дзяцел высунуў свой доўгі нос з дупля і кажа:

— Сячы сабе, я цябе не баюся!

Здзівілася лісіца — адкуль толькі дзяцел розуму набраўся?

— Хто цябе навучыў так гаварыць? — пытаецца яна.
— Сваячка мая — варона-кума, — смела адказаў дзяцел.

Узлавалася лісіца на дзятлаву куму — шэрую варону.
«Пачакай-жа, — думае, — я ёй не дарую гэтага».

І пайшла прэч, глытаючы сьліну.

Думала яна, думала, як вароне адпомсьціць, і надумалася-такі.
Выбегла на палянку, лягла і прыкінулася мёртвай.

Убачыла гэта варона з дрэва.
«Эгэ, — зарадавалася яна, — нядрэнная спажыва валяецца».

Тут яна крыльлямі — мах, мах! І, як бачыш, каля лісіцы апынулася. Дзяўбанула спачатку ў хвост, каб праверыць, ці сапраўды лісіца мёртвая. А тая — нават не зварухнулася. Ляжыць, як дохлая.

Варона пасьмялела, падскочыла да галавы і ўжо намерылася дзяўбануць у вока…
А лісіца як усхопіцца ды цап варону за нагу!

— Ага! — зарагатала лісіца, выскаліўшы зубы. — Папалася мне на абед замест дзятляняці. Будзеш ведаць, як дзятла вучыць.

— Ну што-ж, — кажа варона, — перахітрыла ты мяне. Цяпер я толькі аднаго баюся: каб ты ня мучыла мяне так, як твая маці мучыла маю маці.

— А як-жа яна мучыла? Нешта я ня памятаю.
— Бо ты малая тады была…

— Дык раскажы хоць, — зацікавілася лісіца.
— Добра, раскажу, — згадзілася варона.

— Было яно так. Твая маці злавіла маю маці. Вось як ты мяне цяпер.
— Ну, вядома, — перапыніла яе лісіца. — Мая маці была не такая дурная, як твая.

— Так, так, — адказала варона.
— Яна, і праўда, была разумная, твая маці, бо не захацела есьці маю маці зь пер’ем: пер’е-ж нясмачнае!

— Вядома, нясмачнае, — падтакнула лісіца.
— Дык твая маці зрабіла вось як: узяла два рэшаты, усадзіла туды маю маці, потым склала рэшаты адно да аднаго ды як пусьціла з крутой гары, дык на маёй маці ні пярынкі не засталося — усё чыста асыпалася.

Брр! — скаланулася варона. — Гэта самая страшная пакута для нас, варон…

«Добра-ж, — падумала лісіца. — Ня буду я дурнейшай за сваю маці».

Дастала яна два рэшаты, усадзіла туды дзятлаву куму ды і пусьціла рэшаты з крутой гары. Рэшаты разьехаліся ў бакі, а варона ўзьнялася і паляцела на дрэва!

Тэкст прыводзіцца па выданні “Беларускія казкі”, Мюнхен, 1957.

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>