Усе рубрыкі

Ігар Кузьмініч: Пра Баранчыка-гультая, які хацеў каб яго проста так кармілі

Воук гультайЖыў быў Баранчык. Звычайны Баранчык, які на першы пагляд нічым не адрозніваўся ад іншых. Меў звычайныя закручаныя рожкі, звычайны беленькі кажушок ды звычайныя маленькія барашкіны капыты.

 

Але быў той Баранчык вялікім гультаём. З ранку да вечара ўсе звяры шчыруюць, ежу сабе на зіму назапашваюць.

Мышкі і хамячкі на палетках зярняты збіраюць, за шчочкі сабе запіхваюць ды ў норкі носяць. Вавёрачкі па лесе лётаюць гарэшкі збіраючы ды ў дупло іх хаваюць. Вожыкі у грыбы ды па ягады штодня бегаюць да сябе ў хатку зносяць.

 

Адзін Баранчык з ранку да ночы стаіць на пагорку ды траўку зялёную павольна перажоўвае.

 

Прылятае да яго аднаго разу Варона ды пытае: “Баранчык, Баранчык, а чаму ты запасаў на зіму не робіш? Што ты зімой есці будзеш?”

 

А Барашак Вароне і адказвае: “А нашто мне штосці збіраць на зіму? Паглядзі колькі травы на полі расце. Няма што рабіць, яшчэ нейкія запасы рабіць… Я і так пражыву!”

 

Тады Варона кажа Баранчыку: “Зіма доўгая ды халдоная і травы зімой не будзе. Каб такую зіму ператрываць – шмат напрацавацца трэба, каб зімой што было есці. Баюся, што ніхто цябе проста так карміць небудзе!”

 

А Барашак ёй і кажа: “Што цяпер пра гэта думаць? Прыдзе зіма – тады і буду думаць дзе і што з’есці!”

 

“Я вось тут доооўга стаю, усёёё бачу. Во і прыгледзеў я, што найлепш Гаспадар працуе ў полі. А колькі ён сена назапасіў! Скірды пад самае неба! Не можа быць, каб ён мяне, такога маленькага, такога ласачку не ўзяў на зіму.

 

А раптам Гаспадара не ўпільную – то да гаспадыні пацягнуся. Гаспадыня, бачыў я, шмат буракоў накапала, яна мяне напэўна возьме! Я ж такі прыгожы, а яна любіць усё што ладнае ды прыгожае” — адказвае Вароне Баранчык.

 

Так і йшоў час ажно да першага снегу. А як снег пайшоў, то і травы ня стала. Халадно зрабілася. Тады зрабілася Баранчыку зусім кепска. “Ну” — думае Баранчык трэба пачынаць ежу сабе шукаць!”

 

Ну то і пайшоў Баранчык на надворак да Гаспадара ды кажа: “Прывітанне Гаспадар. Вазьмі мяне да сябе жыць! Некалі весела мне жылося, пакуль не прышла зіма. Цяпер есці няма чаго і жыць мне няма дзе. Бачыў я што вялізныя, ты Гаспадар, скірды сена маеш. То можа возьмеш мяне да сябе перазімаваць?”

 

Пачухаў патыліцу Гаспадар ды кажа: “Сена ў мяне праўда шмат, але жывуць у мяне тры кароўкі, два валы ды конік. Усе яны мне дапамагаюць ці нейкую карысць прыносяць. Кароўкі мне малачко даюць, валы мне ў полі землю гараць дапамагаюць, а Конік мяне возіць.

 

Не магу я так проста сена аддаваць. А што ты можаш рабіць?”

 

“Ня ведаю…” – адказвае Баранчык, “…я ніколі нічога не рабіў акрамя як есці, піць, спаць ды забаўляцца.

 

Паглядзеў на яго Гаспадар ды кажа: “Гляжу – гострыя капытцы ты Баранчык маеш. Прыходзь да мяне, будзеш па копнах жыта скакаць ды сваімі капытцамі з каласкоў зярняты выбіваць, а за гэта я цябе карміць сенам буду, а твае капытцы ад гэтага не папсуюцца”.

 

Падумаў Баранчык ды кажа: “Не, не магу я да цябе ісці. Як жа ш я буду зярняты малаціць? Я ж свае ладныя капытцы ўпэцкаю ды прыгажосць сваю страчу”. Павярнуўся ды пайшоў ад Гаспадара.

 

Тады пайшоў Баранчык да Гаспадыні. Запыніў яе на надвоку ды кажа: “Прывітанне Гаспадыня. Вазьмі мяне да сябе жыць, палянь які я ладны ды прыгожы!

 

Некалі весела мне жылося, пакуль не прышла зіма. Цяпер есці няма чаго і жыць мне няма дзе. Бачыў я што шмат ты Гаспадыня буракоў накапала. То можа возьмеш мяне да сябе перазімаваць?”

 

Падумала Гаспадыня ды кажа: “Буракоў у мяне праўда шмат, але жывуць у мяне тры парсючкі, дваццаць курачак ды пеўнік. Усе яны мне дапамагаюць ці нейкую карысць мне прыносяць. Парсючкі на Коляды мне каўбаскі ды паліндвічкі даюць, курачкі — яйкі нясуць, а пеўнік за курамі даглядае ды мяне наранку будзіць сваім спевам.

 

Не магу я так проста буракі аддаваць. А што ты можаш рабіць?”

 

“Ня ведаю…” – адказвае Баранчык, я ніколі нічога не рабіў акрамя як есці, піць, спаць ды забаўляцца.

 

Паглядзела на яго Гаспадыня ды кажа: “Гляжу – цудоўнае ў цябе футра. Прыходзь да мяне, я твой кажушок вазьму, а з тваёй воўны нітак нараблю, а з нітак цёплую адзежу звяжу, а за гэта я цябе карміць буракамі буду, тваё футра да вясны і адрасце”.

 

Падумаў Баранчык ды кажа: “Не, не магу я да цябе ісці. Як жа ш я буду без свайго ладнага футра? Я ж буду смешным ды прыгажосць сваю страчу”. Павярнуўся ды пайшоў ад Гаспадыні.

 

Ідзе гэтак, ідзе дарогаю, пад ногі сабе ўзіраецца, а тут раптам чуе: “Гэх Баранчык прывітанне! Куды гэта ты скіраваўся?”

 

Баранчык голаву сваю паднімае, глядзіць, а перад ім шэры Воўк з нагі на нагу скача ды зубамі ад марозу кляцае.

 

“Прывітанне шэры Воўк” – кажа Баранчык. “Ды во іду куды і сам ня ведаю, бо ісці мне і няма куды!”

 

Пакуль была вясна ды лета весела мне жылося, ды во запасаў на зіму я не зрабіў, а цяпер шукаю хто б мяне пакарміў ды ў хату сваю перазімаваць пусціў. Але працаваць ці карысць прыносіць я не хачу”.

 

А Шэры воўк хітры быў, сам сабе думае: “Я ж таксама ніякіх запасаў не зрабіў, дык трэба гэтага Баранчыка да сябе ўзяць, то хоць пад’ем”. А Баранчыку ён гэтага не кажа, але будзе так казаць: “Гы, гы якое гора! Як я цябе разумею! – а сам па баках азіраецца ці не бачыць хто што ён з Барашкам гамоніць. Дык пайдзем да мяне! У мяне і хата вялікая і ежы – ня ведаю куды падзець! Толькі вось аднаго мне не хапае ў маёй хаце – гэта прыгажосці. Пайдзем да мяне ты будзеш мяне сваёй прыгажосцю радаваць, а я цябе за гэта карміць буду”.

 

“А што я за гэта рабіць у цябе буду? Я ж нічога не ўмею, ды і запэцкацца падчас працы я баюся…” – пытаецца Баранчык.

 

“Ды нічога рабіць і не трэба, ты толькі да хаты маёй дайдзі…” – адказвае Шэры воўк. Абрадаваўся Баранчык ды пайшоў у лес з Шэрым Ваўком. З таго часу ніхто больш не бачыў Баранчыка-гультая.

 

Варона казала, што ў лесе засталіся ад Баранчыка толькі закручаныя рожкі, капытцы ды футра.

 

Ну і праўда хто гэта захоча гультая трымаць. А яшчэ карміць і даглядаць яго? Не трэба быць гультаём. Трэба самому ўперад думаць як жыць будзеш калі вясёлыя часы скончацца. Лепш папрацаваць каб сваё мець, як па чужых хатах хадзіць ды ежу сабе кленчыць.

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>