Усе рубрыкі

Калі б у мяне быў конь — Генадзь Аўласенка

Хто заводзіць
Кацяня,
Хто сабаку
Ці шчаня…
Толькі гэта мне не трэба:
Завяду сабе каня!

Завяду абавязкова
І дадому прывяду,
Падаб’ю яму падковы,
Булаву сабе знайду…

Папрашу дазволу ў мамы
Адлучыцца на тры дні,
Ды і ў казку паімчуся
На гарачым
На кані!

Ну а там
Злаўлю Кашчэя,
Праганю
Бабу-Ягу!
А сустрэну
Бармалея –
І яго перамагу!

Не збаюся
Карабаса,
Надзяру
За бараду,
А Шар-хана,
Тыгра злога,
У звярынец
Адвяду!

Палаўлю я ўсіх,
Хто дрэнны,
Злосны,
Сквапны
Ці дурны…
Хай жывуць
У добрых казках
Толькі
Добрыя адны!

Але мама мне сказала:
- Ты спяшаешся дарма!
Што ж за казка
Пра Кашчэя,
Калі там
Яго няма?

Зло павінна быць
У казцы! –
І з усмешкай дадала:
- З кім тады змагацца
Добрым,
Калі там
Не будзе зла?

І яшчэ сказала мама:
- У кватэры
Для каня
Мала месца…

А назаўтра
Мне прынесла
Кацяня…

Крыніца: сайт пісьменніка Генадзя Аўласенкі

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>