Усе рубрыкі

Як мухаморы вайну пачыналі

Неяк ранкам мухаморы былі вельмі не ў гуморы. На палянцы на лясной, пад высокай пад сасной яны ўсе сабраліся, дружна павіталіся і, слова за слова, пачалі размову. Усе ўраз апавядалі, на суседзяў паглядалі, патыліцы чухалі, толькі сябе слухалі…

Мухамор

Раптам бачаць: грыбнікі ідуць лясной сцежкай і бяруць баравікі, бяруць сыраежкі. Падасінавік знайшлі – узялі адразу. А да іх не падыйшлі, нават бокам абыйшлі і далей сабе пайшлі… Гэткая абраза!

— Што за ганьба! Што за сорам! – закрычалі мухаморы. – Грыбнікі нас зневажаюць! Як ідуць – не заўважаюць, а бяруць баравікі! Што за гонар ім такі?! Сыраежкі мусяць браць – іх жа ледзь з зямлі відаць! Мы ж за ўсе грыбы вышэйшыя, мы куды як прыгажэйшыя – дык чаму ж не бачаць нас?!

Баравік

Баравік ім у адказ:
— Вы, вядома, шмат вышэйшыя за нас! Вы, магчыма, прыгажэйшыя за нас! Толькі вас не заўважаюць нездарма – бо карысці аніякай з вас няма, адна толькі шкода…
— Гэта што за мода: гэтак нас зневажаць, гэтак нас абражаць! – усклікнулі хорам усе мухаморы. – За такую абразу выклікаем адразу увесь род ваш грыбны на бой лясны! Калі мы вас здолець зможам, у баі вас пераможам – з лесу выселім мы вас! Вось такі наш будзе сказ!

Пачалі тут мухаморы гуртавацца, пачалі яны да бою рыхтавацца. Пачалі ваяводу выбіраці для сваёй для мухаморавай раці. Вось адзін мухамор на пень узлез, закрычаў, загукаў ён на ўвесь лес:

— Гэй, мухаморы, і з лесу, і з бору! Збірайцеся да сасны, рыхтуйцеся да вайны! Да бою, да паходу… а я – за ваяводу!
— А чаму гэта ты за ваяводу?! Не давалі мы на гэта сваёй згоды! – закрычалі мухаморы дружным хорам.

Тут на пень, услед за першым мухаморам, другі хутка ўзлез. Зноў крычыць на ўвесь лес:

— Выбірайце мяне – і ў гэтай вайне мы ўсіх пераможам! А з іншым – не зможам!
— Лепей ты памаўчы! – яму трэці крычыць. – Не з тваёй галавой мухамораў весці ў бой! Ну, а я не падвяду: вас на бітву павяду, буду вамі кіраваць, а інакш – не здабраваць!

Глядзь – чацвёрты ціха лезе на калоду:
— Так і быць – буду я за ваяводу!

Ну, а пяты яго цягне за нагу:
— Я і сам ваяводам быць змагу!

Тут усе мухаморы раскрычаліся хорам. Кожны кожнага абражаў, кожны кожнаму пагражаў, кулакамі махаўся, у плечы штурхаўся, усяляк абзываўся – да вайны, адным словам, рыхтаваў…

А калі замарыліся крычаць – вырашылі мухаморы распачаць вялікі бой… паміж сабой!

А ўсе грыбы збіраліся, з мухамораў смяяліся. Плёскалі ў ладкі, елі аладкі, квасам запівалі, мяне частавалі. А я ў грыбоў гасцяваў і аладкі каштаваў, запіваў іх квасам… ну, а сам тым часам гэту казку напісаў і вам яе расказаў.

Крыніца: Сайт пісьменніка Генадзя Аўласенкі

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>