На адным лясным хутары жыла сям’я панскага лясніка: бацька, маці і тры сыны. Старэйшы меў ужо амаль дваццаць гадкоў, сярэдні толькі сямнаццатае лета сустрэў і малодшы — зусім маленькі дзесяцігадовы хлопчык Цімошка. Розныя былі браты па сваіх поглядах на жыццё і па адносінах да простага беднага люда. Адзін грошы, заробленыя ў скарбонку хаваў, ніводнага грошыка на пазыку ці на добрую справу нікому не даў. Другі — толькі па дзеўках ды па святах хадзіў, танчыць любіў, спяваў добра ён і шукаў сабе жонку-прыгажуню і, каб яна прыгажэй за паненку тварам сваім была. А малодшы Цімошка заўсёды хворым птушкам, звярам дапамагаў, бабульцы вады прынесці ці дроў да печы, вось ён побач. Жыла сям’я небагата, але гаспадарка дагледжанная і спраўная была, бо працавалі браты супольна з раніцы да вечара.
Аднойчы па лясной сцяжынцы ў суседнюю вёску шчасце людское бегла. Песні вясёлыя спявала гарэзліва скакала на ножках, як маленькае казляня. Скакала і не заўважыла паляўнічую яму, зробленную на дзікіх свінней. Звалілася ўніз, а вылезці наверх не можа, вельмі глыбока. Пачало крычаць і прасіцца:
— Людцы дарагія, ратуйце! Выцягніце мяне з ямы, любое жаданне выканаю.
Побач у лесе старэйшы сын лясніка грыбы на поліўку збіраў, лямант пачуў і першы да пасткі падбег, а там нешта жоўтае і жвавае сядзіць. Пытаецца хлопец:
— А што ты за звер мне невядомы?
А тое жоўтае і адказвае яму:
— Шчасце я, чалавек! Чаго ты хочаш атрымаць ад мяне?
Пачухаў патыліцу старэйшы сын і кажа:
— Мех грошай срэбраных хачу.
— Хочаш, дык трымай. А цяпер мяне выцягні, але таго ўжо і след з грашыма прастыў. Сядзіць шчасце далей, сляза па шчацэ коціцца і раптам:
— Прывітанне, — стаіць сярэдні сын на краі пасткі і пытае:
— Ты што за стварэнне такое? — яму брат калі на хутар мех з грашыма прынёс — усе і расказаў. Стварэнне слёзы выцерла і кажа:
— Шчасце я, чалавек! Што табе ад мяне патрэбна?
— Ну, дык жонку хачу, прыгажуню такую, што свет не бачыў, тварам, каб прыгажэй за паненку была.
Толькі сказаў, бачыць побач прыгажуня стаіць і такая, што нават сонейка пачырванела ад яе прыгажосці.
— А цяпер мне дапамажы! — просіць шчасце.
Але няма нікога побач, ціха ў лесе Амаль да самых поцемкаў шчасце ў яме сядзела. Потым чуе, ідзе нехта, а гэта Цімошка малы з вёскі бег на хутар. Там ён дапамагаў адной бабульцы сена ў копы складваць. Глядзіць малы, а ў яме нейкі смешны зверык сядзіць, плача. І пытаецца:
— Як ты, малое, сюды трапіла? Напэўна за птушкамі ганялася і пастку не заўважыла? Ты хто такі? На бабраня зусім не падобны. Шчасце я, хлопчык.
— Давай я цябе шчасце наверх выцягну!
Сказаў — зрабіў, хлебам пачаставаў і слёзы бедалазе далонькай выцер. А потым дахаты пабег, дзе яго яшчэ праца чакала. А шчасце пастаяла на сцяжынцы, усміхнулася шчыра і за хлопчыкам услед пайшло. Як жа не пайсці за тым, хто цябе выратаваў і нават узнагароды за гэта не папрасіў. Такім людзям патрэбна дапамагаць не грашыма, не прыгажосцю, а добрай парадай у патрэбных справах. А што ты хацеў бы атрымаць ад шчасця, калі яно ідзе за табой ўслед.
Сяргей Брандт, 25.07.2014
Крыніца малюнка http://music-fantasy.ru/materials/ravel-moya-matushka-gusynya
Каментаваць