Замяўкалі кацяняты:
“Мяўкаць годзе адзінока!
Хочам мы, як парасяты,
Рохкаць!”
А за імі – качаняты:
“Не жадаем болей кракаць!
Хочам мы, як жабяняты,
Квакаць!”
Свіначкі замяўкалі:
Мяў,мяў!
Котачкі зарохкалі:
Рох, рох, рох!
Качачкі заквакалі:
Ква, ква, ква!
Курачкі закракалі:
Кра, кра, кра!
Верабейка прыскакаў —
Як карова замычаў:
Му-у-у!
А прыбег мядзведзь
І роўма равець:
Ку-ка-рэ-ку!
А зязюля на суку:
“Не хачу крычаць ку-ку,
Як сабака, пабрашу:
Гаў, гаў, гаў!”
Толькі заінька
быў паінька:
Ён не мяўкаў
І не рохкаў –
Пад капустаю ляжаў,
Па-заечы лапатаў,
Зверанятак неразумных
Ушчуваў:“Хто закліканы цырыкаць –
То не муркайце!
А закліканы хто муркаць –
Не цырыкайце!
Не бывваць вароне кароваю,
Не лятаць жарабятам пад хмараю!”
Смяхунчыкі-звераняты –
Парсючкі, медзведзяняты –
Больш сваволяць, што ёсць духу –
Зайку не жадаюць слухаць.
Рыбы ў полі ўсё гуляюць,
Жабы ў неба ўзлятаюць,
Мышы котачку злавілі,
У мышалоўку пасадзілі.
Ліскі ў запале
Узялі запалкі
І да мора паспяшылі,
Мора – р-раз – і падпалілі.
Мора полымем гарыць,
Выбягае з мора кіт:
“Гэй, пажарныя, бяжыце!
Нам хутчэй дапамажыце!”
Доўга, доўга кракадзіл
Мора сіняе тушыў
Пірагамі і блінцамі,
Сушанымі нат грыбамі.
Кураняткі, квокчучы,
Палівалі з бочачкі.
Прыплывалі два яршы,
І пайшлі ў ход каўшы.
Прыбягалі жабяняты,
З цэбара лілі багата.
Тушаць, тушаць – не патушаць,
Заліваюць – не зальюць.
Матылёк тут прылятаў
І крыламі памахаў,
Стала мора патухаць –
І патухла.
Узрадаваліся звяры!
Смех пачуўся, заспявалі,
Вушкамі захлопалі,
Ножкамі затопалі.
Гусі сталі гагатаць,
Па-гусінаму крычаць:
Га-га-га!Кошачкі замуркалі:
Мур-мур-мур!Птушкі зацырыкалі:
Цык-цырык!Коні заіржалі:
І-і-і!Мухі загудзелі:
Ж-ж-ж!Жабяняты квакаюць:
Ква-ква-ква!Качаняты кракаюць:
Кра-кра-кра!Парасяты рохкаюць:
Рох-рох-рох!
Мурачку люляюць,
Міленькай спяваюць:
Люлечкі-люлі!
Люлечкі-люлі!
Пераклаў Валянцін Лукша
Каментаваць