Усе рубрыкі

Казачка пра Пятра, Казу і Каляды

Гэтая казачка пра часы даўнія-старадаўнія. Было гэта так даўно, што ніхто не памятае калі. А казачку гэтую мне расказала сама Каза на мінулыя Каляды.

Жыла-была каза...

Жыла ў тыя даўнія часы Каза. Залатыя рожкі, тоненькія ножкі, мяккая паўсцінка ды шэрая спінка. Нястомная яна была. Штодня раненька ўставала, сонца клікала ды па зямлі нашай скакала. А там, дзе Каза ходзіць – жыццё родзіць, дзе Каза нагой — там бульба капой, дзе Каза рогам — там жыта стогам, да чаго Каза дакранаецца – тое абуджаецца.

З рана і да позняй ночы скакала нашая Козачка, жыццё памнажаючы. Ужо і Сонейка стоміцца ды кажа:

— Козачка мая, Козачка, пойдзем спаць, стамілася я.

А Каза Сонейку ў адказ: 

— Так, так, пойдзем. Адно, заскочу ў садок, каб яблачкі ўрадзілі.
— Ну, —  пытаецца Сонейка, — цяпер усё?
— Так, так, толькі на рэчку загляну, каб рыбкам што есці было.

Таму доўгія ў тыя часы былі дні і кароценькія ночкі. Толькі ляжаш спаць, а ўжо ранак. Ад таго цёпла на нашай зямлі было, увесь час толькі лета. А зямля радзіла – нават параўнаць няма з чым!

І жыў у тыя часы Пятро. Слаўны быў гаспадар. Гандлем займаўся. Добра ўмеў гандляваць, бо пераканаць мог любога. Добра ўмеў размаўляць па-беларуску, а да таго ж і на чужых розных мовах спраўна гаварыў.

І ўсё ў Пятра было добра: і здароўе, і каханне, і гаспадарка. Заможны ён быў, але пра грамаду сваю не забываў. Траціну ўсіх заробкаў на тое, каб ладзіць дарогі, масты ці на іншыя агульныя патрэбы, аддаваў, і на нямоглых, якія самі зарабіць не маглі. Ведаў ён, што талент у гаворцы яму дадзены, каб людзей радаваць, карысць ім прыносячы, а не каб грошы хаваць ці сябе выстаўляць. За гэта не толькі багацце меў гандляр Пятро, але і павагу кожнага.

Але была адна бяда ў Пятра: не было ў іх з жонкай дзяцей. А дзяцей Пятро любіў і бедаваў з-за таго, што іх не мае.

І надумаў Пятро да сябе ў хату Казу запрасіць, каб яна ў сям’ю дзетак і шчасце прынесла.

Сустрэў раз Пятро Казу ды і кажа:

— Чуў я, што ты шчасце ў дом прыносіш. Зайдзі, пасядзі ў нас на слоне! Зачакаліся мы з жонкай дзетак малых.
— А што? — кажа Каза. — Чалавек ты добры, прыстойны. Чаму б і не пасядзець? Адчыняй хату!

Зайшлі яны ў хату, а Пятро Казе:

— Можа квасу вып’еш з дарогі?
— Добра! Квасу вып’ю і адразу пайду, бо справаў маю яшчэ шмат, не магу затрымацца, — адказвае Каза.

Наліў Пятро квасу ды пытаецца:

— Дык можа ты чаго з’ясі? Мая жонка добрую куцю з мёдам гатуе.
— Добра! – згадзілася Каза. — Куцю я ніколі не ела, то пакаштую.

Паставілі куцю перад Казой, а Пятро байкі ёй баіць пра жыццё, пра свет. А Каза заслухалася ды й забыла, што трэба йсці. Зусім загаварыў яе Пятро. Сядзіць каза, Пятра слухае ды куцю есць. А як толькі даядае, жонка новай куці лыжку падкладае.

Так і засталася Каза ў Пятра ў хаце.

Сонца бачыць – няма Казы, ды і пайшло да сябе дахаты. Не стала каму сонца падганяць, таму дні сталі кароткімі, а ночкі доўгімі.

З-за таго, што Каза не хадзіла, не скакала па лясах і агародах, трава пачала жоўкнуць, лісце ападаць, і прыйшла на зямлю восень, а за ёй і зіма. Холадна стала, і замест дажджу пачаў падаць снег.

Дзіўна ўсё гэта было людзям бачыць, бо ніколі яшчэ на Зямлі не было зімы. Раней толькі лета і было.

Апранулі яны кажухі...

Апранулі яны кажухі...

Пачалі людзі збірацца ды раду радзіць, што ім рабіць далей і як ім Казу шукаць, каб яна лета вярнула.

Апрануліся яны ў кажухі, як Каза, зрабілі зорку нашую беларускую васьміканцовую заместа сонца і пайшлі па хатах шукаць, дзе Каза спынілася, і развесяліць яе, калі яна стамілася.

З хаты ў хату ходзяць, Каляду водзяць...

З хаты ў хату ходзяць, Каляду водзяць...

З хаты ў хату ходзяць, Каляду водзяць...

З хаты ў хату ходзяць, Каляду водзяць, Казу шукаюць, у людзей пытаюць. Да кожнага як зайдуць, то людзі дзякуюць, што яны Казу шукаюць, падарункі розныя даюць.

І прыйшлі калядоўшчыкі да Пятра, а ён з Казой за сталом байкі ёй бае, а жонка Казе куцю падкладае. У хаце Дастатак і Шчасце разам з імі за сталом сядзяць, куцю ядуць, Пятра слухаюць.

І прыйшлі людзі да Пятра...

І прыйшлі людзі да Пятра...

Зайшлі людзі, толькі пачалі казаць, а Пятро ім:

— Добры дзень, вам госцейкі! А што вы так прыйшлі ці Казу нашую павесяліць? Бачыце, Каза стамілася. Можа развесяліце яе як? Давайце песню ў славу Казе разам заспяваем!
— Го-го-го каза, го-го-го шэра… — панеслася па хаце.

Бачыць Пятро, што спадабалася песня Казе, зараз будзе выходзіць з хаты. Тады Пятро кажа:

— Дзякуй вам, людзі, што прыйшлі да нас у хату. Каза ў мяне ў гасцях, таму дастатку і шчасця многа маю, то я ім з вамі падзялюся. Даставайце свой мех!

І аддаў Пятро людзям траціну шчасця і дабра. Абрадаваліся калядоўшчыкі і пайшлі па хатах. А Каза кажа:

— Не пашкадаваў ты шчасця для людзей. Добры ты гаспадар, то яшчэ ў цябе пасяджу.

І яшчэ Каза засталася,  пакуль дзеткі малыя не з’явіліся. А як нарадзіліся ў Пятра з жонкай дзеткі – дзве дачкі і два малюпахі сыночкі, — развіталася Каза з Пятром і пайшла іншым людзям шчасце і дабрабыт несці.

Шануюць людзі казу...

Каб Каза прыходзіла, ставяць людзі на Каляды куцю, бо вельмі Каза куцю з мёдам любіць. А як завітае Каза да каго ў госці ды ўбачыць, што не дзеліцца сваім шчасцем гаспадар з людзьмі, пакрыўдаваць і адысці можа. Таму і стараюцца ўсе, як могуць, дагадзіць Казе і калядоўшчыкам, каб шчасце ў іх хаце затрымалася…

Сказка про козу

Гэтая казачка пра часы даўнія-старадаўнія. Было гэта так даўно, што ніхто не памятае калі. А казачку гэтую мне расказала сама Каза на мінулыя Каляды. Жыла ў тыя даўнія часы Каза. Залатыя рожкі, тоненькія ножкі, мяккая паўсцінка ды шэрая спінка. Нястомная яна была. Штодня раненька ўставала, сонца клікала ды па зямлі нашай скакала. А там, дзе Каза ходзіць – жыццё родзіць, дзе Каза нагой — там бульба капой, дзе Каза рогам — там жыта стогам, да чаго Каза дакранаецца – тое абуджаецца…

ужо 2 абмяркоўваюць Казачка пра Пятра, Казу і Каляды

Каментаваць Аркадзь Жураўлёў Скасаваць камментар

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>