Усе рубрыкі

Казка пра плотак – вясёлых малодак

Жылі-былі ў рэчцы плоткі, бесклапотныя малодкі. Жылі-былі, не тужылі, нідзе службы не служылі, анідзе не працавалі. Толькі танцы танцавалі.

Як пачнуць танцаваць – па ўсёй рэчцы чуваць. Узнімаюць хвалі, самі сябе хваляць. Ну, а стрэнуць каго – не адпусцяць так яго: у круг запрашаюць, скакаць прымушаюць.

Пастрачалі неяк рака – закружылі небараку! Галаву згубіў вусаты – тры гадзіны поўз дахаты. Потым стрэлі акуня – танцавалі з ім паўдня: і мазурку, і гапак… Ледзь жывы акунь-бядак!

Стрэлі чарапаху, а тая са страху забегла ў хаціну, зарылася ў ціну і там ляжыць, і ўся дрыжыць. І галавень хаваўся ўвесь дзень, і печкуры сядзяць у нары. А дзе яны – там і ўюны. І карасі, і нават язі ў глей зарываюцца, ад плотак хаваюцца.

А ліны-таўстуны, вялікія хітруны, параілі плоткам, вясёлым малодкам, запрасіць шчупака станцаваць гапака.

Як пайшоў шчупак танцаваць гапак – рукі ў бокі, сам у скокі вакол плотак, вясёлых малодак. Плотак забаўляе, зяпу разяўляе, зубы шчэрыць, кажа: “Час вячэрыць!”.

Убачылі плоткі шчупакову глотку, а ў ёй зубы ў тры рады – ды ад страху хто куды! Хто ў вір, хто ў трыснёг, а хто проста на дно лёг або ў глей зарыўся, ці пад корч забіўся…

Пахаваліся – хто дзе. Стала ціха ў вадзе. Нідзе не скачуць, ніхто не плача, пад корч не хаваецца, у глей не зарываецца, не ляжыць, не дрыжыць ды наўцёк не бяжыць…

А як жа плоткі, вясёлыя малодкі?

А іх нават не чуваць. Заракліся танцаваць!

Крыніца: сайт пісьменніка Генадзя Аўласенкі

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>