Усе рубрыкі

Сом-агароднік (казка ў вершах)

Жыў у рэчцы сом вусаты, пад карчагай меў ён хату. Ну, не хату, а хаціну: дах – з чароту, сцены – з ціны. Сом хаціну даглядаў: свежай цінай абкладаў, пад карчагай прыбіраў і карчагу праціраў. Словам, клопатаў не меў, ды аднойчы захацеў ён займець свой агарод.

З трыснягу паставіў плот, глей рачны хвастом капаў ды вусамі разграбаў. Так рабіў за градкай градку, каб усё было ў парадку, каб на іх усё цвіло, каб на іх усё расло. Каб пад восень знёс у хату сом свой ураджай багаты, каб і восень і зіму ўсе зайздросцілі яму.

Скончыў сом гарод рабіць. Толькі што ж на ім садзіць? Пасадзіў сом буракі – ды не ўбачыў і расткі, пасадзіў затым капусту – зноўку на гародзе пуста! Што ж такога пасадзіць, каб змагло яно ўрадзіць?
Пасадзіў, бядак, салату – ні лісточка каля хаты. Спрабаваў садзіць суніцы, паліваў вадой з крыніцы… ды й суніцы не ўзышлі, мо няўсхожыя былі?

Вось няўдача дык няўдача! Сом ад гора ледзь не плача. І, здаецца, не лайдак, дык чаму ж выходзіць так?! Доўга думаў, небарака, і падаўся ён да рака. Рак вусы таксама меў – значыць, справу разумеў. Ён гаротніка паслухаў, галаву клюшнёй пачухаў і сказаў:

— Твая бяда, што наўкол адна вада. Тут не вырастуць ніяк, ні капуста, ні бурак, ні салатныя лісты, ні сунічныя кусты. Лепш ікрынак набяры – пасадзі гарод ікры.

Сом здзівіўся:
— Як жа быць? Дзе ж мне той ікры набыць?
— Паплыві да акунькоў, да маленькіх печкуркоў, і да плотак зазірні, і лінкоў не праміні. Там жа, побач, карасі… ды памногу не прасі! Па адной, па дзве, па тры… вось і набярэш ікры! Пакладзі ікрынкі ў рот і плыві на свой гарод. Ды не з’еш яе, глядзі, а на градах пасадзі!

Сом ад радасці скакаць, сябра-рака абдымаць!

— Набяру ікры багата – развяду гарод ля хаты, забуяюць хутка грады… Дзякуй, дружа, за параду!
Так сказаў ён і з ахвотай ухапіўся за работу.

Па чарзе да рыб заходзіць, з імі гутарку заводзіць, падарункі ім прыносіць, а ўзамен ікрынкі просіць: па адной, па дзве, па тры… Назбіралася ікры ну, амаль, паўнюткі рот. Сом хутчэй на свой гарод! Ён плыве, сліну глытае, ды ікрынак не чапае.

Да гароду дацярпеў, ні ікрыначкі не з’еў, нарабіў хвастом рады, пасадзіў ікру туды, глей вусамі загарнуў… пасля гэтага ўздыхнуў, каля плоту стаў чакаць ды і грады вартаваць.

Сом вартуе, сом чакае… а ікра не прарастае! Як ляжала, так ляжыць… ну а час ідзе, бяжыць…
Вось і тыдзень прамінуў, і наступны прамільгнуў. Сом сумуе каля плоту – не расце ікра і ўсё тут! Можа, што не так зрабіў, можа, дрэнна прарыхліў, мо зманіў суседу рак … толькі штосьці тут не так!
Але тыдні цераз тры пачалі з тае ікры вылупляцца (цуд які!) разнастайныя малькі!

Вось з’явіўся печкурок – і адразу ж шасць наўцёк! А за ім тры акунькі… ды як кінуцца ў бакі! А затым аж сто малькоў: акунькоў і печкуркоў, і ліноў, і карасёў, краснапёрак і язёў…

Сом не ведае як быць, што ж яму цяпер рабіць?! А малькі вакол уюцца, а малькі над ім смяюцца, у ціне хаваюцца, у глей зарываюцца, расплываюцца ў бакі акунькі і печкуркі…

Бедны сом разявіў рот: быў гарод – і дзе ж гарод?!

Крыніца: сайт пісьменніка Генадзя Аўласенкі

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>