Усе рубрыкі

Казка пра жоўты Экскаватар

Неяк прыехаў у наш горад Гародню жоўты Экскаватар. Чаму ён быў жоўты ніхто не ведаў, але людзі казалі, што гэта ад празмернай пыхі, ад таго што нікога не слухаў, лічыў што сам ўсё ў свеце ведае.

І не само тое што ён быў пыхліва-жоўты рабіла для горада праблему, а тое, што гэты экскаватар не хацеў узгадняць што і як трэба рабіць у горадзе ні з кім. Той Экскаватар шчыра, ад усяго свайго сэрца хацеў зрабіць гарадзенцаў шчаслівымі, але быў перакананы, што ён лепш ведае што трэба гораду і гарадзенцам.

Перш за ўсё вырашыў Экскаватар, што ў нашым горадзе павінна быць «красіва». Ніхто з гарадзенцаў не быў супраць гэтага, хоць

мала хто разумеў што такое «красіва». Прыгожа, ладна, яшчэ неяк было зразумела, але «красіва» – гэта было нешта новенькае.

Паглядзеў Экскаватар на дарогі і вырашыў выправіць і пашырыць іх, бо падумаў так сабе Экскаватар, людзям жа ш будзе зручней ездзіць на машынах. Ды і гарадзенцы не былі супраць такіх правак. Але выпраўляючы дарогі Экскаватар пачаў карчаваць дрэвы, а разам, здратаваў старую брукаванку, зруйнаваў некалькі будынкаў, бо тыя перашкаджалі пашырэнню, а да таго ж былі вельмі старымі і на думку Экскаватара не выглядалі «красіва».

Выправіўшы пару дарогаў Экскаватар асмялеў і ў яго з’явілася бачанне таго як павінен выглядаць наш горад. Гарадзенцы прыходзілі і ціха пачалі пытацца, а ці не варта ў тым ці іншым месцы пасадзіць дрэвы заместа таго каб іх карчаваць, але Экскаватар не звяртаў увагу на гэтыя заўвагі. Ён жа рабіў «красіва» не для сябе, а для іншых і для гэтага не шкадаваў не сваіх сілаў, ні часу, ні саляркі за якую плацілі гарадзенцы…

Тады паглядзеў, што паркі нашыя занадта загушчаныя і вырашыў іх пачысціць, а заадно вырашыў выправіць крывыя берагі Гараднічанкі – рэчкі якая працякае ў горадзе. Зрабіў «красівыя» берагі, выдраў кустоў’е і вялікая дрэвы ў старым парку, а тыя дрэвы што засталіся пачалі хварэць ды паміраць ад такой актыўнай дзейнасці на беразе…

Гарадзенцы другі раз прыйшлі да жоўтага Экскаватара і кажуць, што варта не знішчаць дрэвы, а параіцца з гараджанамі і вырашыць як павінен выглядаць парк каб не гінулі зялёныя сябры нашага горада. Але Экскаватар зрабіў выгляд, што не чуў што яму казалі. Ён жа рабіў «красіва» не для сябе, а для гэтых някемлівых гарадзенцаў, рабіў каб ім было лепш…

Тады прыдумаў Экскаватар цэнтральныя плошчы паправіць, а заадно ходнікі зрабіць «красіва» з пліткі і заклаў усюды дзе магчыма, ну і паколькі плітка яшчэ засталася, вырашыў і Заапарк гарадзенскі паправіць і зрабіў яго з бетону, пліткі і жалеза, а кусты і дрэвы – канешна ж выкарчаваў, бо гэта было не «красіва».

А плошчы цэнтральныя раскапаў, выразаў дрэвы і пліткаю «красіва» заклаў, а збоку дарогу шырокую, каб людзям было зручней ездзіць па цэнтру паклаў ды заадно мост пашырыў каб машын больш праз цэнтар магло ездзіць.

Глядзіць экскаватар, падабаецца яму ўсё што ён зрабіў. Але неразумныя гарадзенцы пачалі лямантаваць і супраціўляцца планам Экскаватара зрабіць «красівым» увесь горад. І чым больш Экскаватар прыдумляў планаў і чым больш рабіў «красіва» – адразу вылазілі некалькі неразумных гарадзенцаў якія перашкаджалі экскаватару працаваць. «От ты скажы!» – так думаў сабе экскаватар, «Я тут упіраюся, шчасце ім будую, а гэтыя небаракі плёнтаюцца пад маімі нагамі і адно перашкаджаюць ды замінаюць. Раззлаваўся тут экскаватар. Ды колькі можна! У мяне ёсць план як зрабіць «красіва». А гэтыя крыкуны і гарлапаны лезуць мне ў вочы ды лезуць!

Толькі стары будан захоча знесці экскаватар, а там ужо гарадзенцы, толькі дарогу пашырыць – ізну яны, пра нейкія там раскопкі, захаванне спадчыны і іншую лухту вярзуць, а ў экскаватара – сціслыя тэрміны! Яму да маразоў усё скончыць трэба, а тут яшчэ гэтыя затрымкі!

Што людзі не рабілі, як не спрабавалі данесці сваё бачанне горада – нічога ў іх не атрымлівалася, але аднаго ранку жоўты экскаватар не выехаў у горад. Узрадаваліся тады гарадзенцы,, падумалі што нарэшце прыслухаўся экскаватар да іх… Але гэта проста салярка ў экскаватара скончылася. Стаіць экскаватар і чакае калі салярка з’явіцца каб далей рабіць «красіва».

Экскаватар забыў, што ён толькі машына, якая павінна служыць людзям. Гэта людзі павінны казаць яму што і як трэба рабіць, а справа любога экскаватара, нават самага жоўтага – найлепшым чынам зрабіць так як вырашылі гарадзенцы.

малюнак са старонкі: ru.123rf.com

 

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>