Некалі даўно, яшчэ калі зоркі не паспелі заняць належнае ім месца, і калі толькі з’явіліся нашыя продкі, жыў Свет і Цемра. Свет меў вочы, а цемра была сляпая, бо там дзе ёсць свет можна бачыць, а там дзе цёмна можна толькі адчуваць ды слухаць.
Нічога ў свеце не было прыгажэйшага за Свет і Цемру. Два пачаткі звязаныя між сабой. Яны ніколі не змагаліся. Проста света ніколі не хапала каб асвяціць усё ў космасе, а Цемра заўжды была там куды свет не даходзіў.
Йшоў час а цемра не пераставала туліцца Святла, а Свет не пераставаў казытаць цемру сваімі промнямі.
Аднаго разу ўбачыў Свет Цемру. Было гэта нялёгка, бо там дзе ёсць свет няма цемры. Свет вельмі любіў дзівіцца на сябе і думаць які ён прыгожы. Свет пражыў доўгае жыццё пакуль нарэшце зразумеў, што акрамя яго Свету ёсць Цемра. Але назіраючы за сабой Свет аднойчы заўважыў, што Свет відаць толькі дзякуючы таму што недзе далёка, так куды промні святла не даляталі ёсць Цемра.
Прыгледзеўся свет да Цемры і зразумеў што нічога больш ладнага чым Цемра няма. Без Свету няма цемры, а без цемры няма свету. Яны былі патрэбны адзін аднаму. Гэта былі дзве часцінкі якія складалі адно.
І тады пачаў Свет расказваць Цемры якая яна ладная, сваёй халоднай прыгажосцю. Нарэшце закахаліся Свет і Цемра і нарадзіліся ў іх два сыны блізняты.
Бацька гэтых хлопцаў быў Свет, а маці Цемра, таму і хлопцы былі вельмі падобныя адно да аднаго, але затое адзін быў такі светлы, што ажно прамяніўся, а другі быў чорнай-чорнай ценню свайго брата.
Браты вельмі любілі адзін аднаго і былі заўсёды разам. Здавалася немагчыма было аддзяліць аднаго ад другога. Ніхто і ніколі не бачыў іх паасобку.
А паколькі яны былі падобныя адзін да аднаго, то зразумела, што ім падабалася тое самае. Братам падабалася вандраваць ў космасе ад адной галактыкі да другой. Так доўга яны вандравалі і вось аднойчы браты пачулі цудоўны спеў.
Гэты спеў быў надзвычай ладны. І прыляцелі браты на зямлю і пачалі шукаць хто гэта так ладна спявае. І як толькі паднялі яны галаву ў начное неба, а на ім яны ўбачылі Поўню. Гэта была самая ладная дзяўчынка якую браты толькі бачылі.
Поўня была то светлая і ярка свяціла на Зямлю, то напалову была цёмная, а напалову светлая, то гуляючы з хлопцамі паказвала з цемры вузенькі рэз свайго твару, а іншы раз зусім станавілася чорнай.
Поўня мела не толькі ладны голас які прыцягваў усё на Зямлі, але яна была сама напалову светам, а напалову цемрай. Ну і вядома абодва брацікі закахаліся ў Поўні.
Закахаліся і паляцелі да да Поўні. Прылятаюць ды кажуць: “Поўня ты такая ладная, што няма нічога лепшага за цябе ў цэлым космасе і мы абодва цябе кахаем. Але мы браты і мы не можам самі вырашыць каму адступіцца ад цябе, а сварыцца між сабой мы не хочам. Таму выбяры з нас аднаго сабе мужам, і мы пагодзімся з тваім выбарам. Як вырашыш, так і будзе!”
Тады кажа Поўня: “ Абодва вы мне падабаецеся, таму не магу з вас выбраць хто мне любы. Ляціце на Зямлю, зрабіце сабе зброю. І той хто пераможа будзе маім мужам!”
Засмуціліся браты, але нічога не зробіш, самі паабяцалі зробіць усё як яна прыгаворыць.
Паляцелі браты на Зямлю і ў першыню раздзяліліся адзін ад аднаго. Зрабілі сабе латы, мячы і шчыты, узялі сабе коней. У аднаго рыцара ўвесь рыштунак быў белы, а ў другога чорны. Так пераўтварыліся брацікі ў Белага і Чорнага рыцара.
Раз’ёхаліся Белы і Чорны рыцары ды пачалі біцца не на жыццё, а насмерць. Белы рыцар нясе з сабой святло, а Чорны цемру. Толькі тут на Зямлі Святло аддзялілася ад Цемры і яны пачалі змагацца між сабой. Святло-дабро пачало супрацьстаяць Цемры-злу. Святло бароніць людзей і ўсё жывое, а зло спрабуе яго знішчыць.
Так яны змагаюцца паміж сабой. Змаганне рыцараў цягнецца бесперапынна. Калі пачынае перамагаць адзін наступае дзень, калі перамагае другі – прыходзіць ноч. Панаванне ночы роўнае панаванню дня, а гэта таму што маюць браты аднолькавыя сілы. Як толькі адзін думае зрабіць нешта другі адразу разумее што той хацеў бы зрабіць.
А поўня з неба за імі назірае і каб падбадзёрыць абодвух у бойцы бесперапынку робіцца то светлай, а то зусім цямнее. Яна як і раней падабаецца як аднаму так і другому, і таму роўна столькі сама часу і свае ўвагі дае кожнаму з іх.
Так і б’юцца Белы рыцар і Чорны рыцар. Але б’юцца яны так даўно, што ўжо і забыліся што яны некалі былі братамі. Цяпер гэта не проста рыцары, а свет на зямлі змагаецца з цемрай. Дабро змагаецца са злом.
Белы рыцар сын Света, які нясе святло, цеплыню, жыццё, змагаецца са злом. Без нашага Белага рыцара цемра і страх апанавалі б Зямлю. Толькі Белы рыцар здольны абараніць усё жывое на Зямлі ад загібелі. Белы рыцар на белым кані, з белым мячом і ёсць наш знак, наш герб.
Каментаваць