Усе рубрыкі

Купальская казка пра добрага камарыка і яго чароўную дудачку

Стихи про купалье на белорусском языкеЖыў-быў камарык. Усе камарыкі як камарыкі, а гэты быў асаблівы, ён моцна адрозніваўся ад іншых. Калі іншыя камарыкі любілі паляваць уночы, ён любіў дзень і сонца, любіў кветкі і блакітнае неба, а замест носіка ў яго была срэбная дудачка.

Усе камарыкі смяяліся з яго дудачкі:

- Што гэта за камарык, які не можа паляваць і не можа джаліць?

І наш добры камарык моцна перажываў з-за таго, што ён нікому не патрэбны.

Аднойчы, калі камарык сядзеў на кветачцы і грэў на сонцы свае крылцы, ён убачыў чароўнага матылька. Матылёк здаваўся сатканым з павуцінкі і меў васільковыя крылцы.

- Не перажывай! — сказаў матылёк. — Я прыляцеў табе сказаць, што ты не просты камарык, а чароўны. Срэбная дудачка, якую ты маеш, гэта не простая дудачка, а чароўная. Калі ты заграеш на сваёй чароўнай дудачцы перад чалавекам, то ўсё, пра што ён думаў, спраўдзіцца. Але памятай, што ты можаш дапамагчы толькі аднаму чалавеку. Не памыліся!

Абрадаваўся камарык. Цяпер ён ведаў, што адрозніваецца ад іншых не дудачкай, а тым, што мае дапамагаць людзям ажыццявіць іх мары.

Шмат разоў камарык спрабаваў знайсці, каму дапамагчы, але людзі вельмі дзіўныя стварэнні: як толькі чароўны камарык падлятаў да вуха, каб заграць на дудачцы, людзі пачыналі махаць рукамі і адганялі яго.

З часам камарык пачаў думаць, што чароўны матылёк сказаў яму няпраўду, бо людзі не хацелі яго дапамогі.

Аднойчы позна ў вечары, калі камарык ўжо спаў у сваёй хатцы ля берага Нёмана, ён пачуў, як па наваколлі разносілася:

Ой, рана-а-а на Івана-а-а,

На Івана ночка мала-а-а.

Ой, рана-а-а на Йвана-а-а…

Камарык вылез з-пад лісціка дзядоўніка і ўбачыў, што на беразе Нёмана, каля Румлёўскага маста, сабралася шмат людзей. Маладыя дзяўчаты і хлопцы расклалі вогнішча, вадзілі карагоды, спявалі, гралі і танцавалі.

Макчим танк яго сказки

Цікава стала чароўнаму камарыку, і ён паляцеў паглядзець бліжэй. Усе дзяўчаты і хлопцы радаваліся і весяліліся. І вось сярод іх усіх камарык заўважыў адну дзяўчыну з вялікімі блакітнымі вачыма. Гэтая дзяўчына таксама спявала, але ў яе вялікіх блакітных вачах стаіўся смутак. Яна танцавала разам з іншымі, але здавалася, што яна зусім адна.

  • Купалінка, купалінка, цё-ё-ё-ёмная но-о-очка…, — панеслася над Нёманам.

Дзяўчаты пачалі здымаць свае вяночкі і кідаць іх у плынь ракі. Адны вяночкі струмень, чыста лёс, пераносіў далёка-далёка, і дзяўчаты радаваліся, што жыццё будзе доўгім і шчаслівым. Другія вяночкі прыбівала да берага з хлопцамі, і ўсе смяяліся, што гэтыя дзяўчаты хутка знойдуць сваё каханне.

Чароўны камарык заўважыў, што дзяўчына з вялікімі, поўнымі смутку блакітнымі вачыма нерашуча зняла свой вяночак і акуратна паклала на ваду. Вяночак павольна адплыў ад берага. Раптам яго падхапіў вір і зацягнуў пад воду. Вяночак затануў. Усе пачалі супакойваць дзяўчыну, стараліся пажартаваць з ёй, але як толькі ўсе павярнуліся і пайшлі шукаць папараць-кветку, дзяўчына адна зайшла на ўскраек лесу, каб яе ніхто не бачыў, укленчыла і, закрыўшы мокры ад слёзак твар тоненькімі ручкамі, пачала ціхенька плакаць.

Яна плакала, бо думала, што з-за цяжкай хваробы пра якую яна нядаўна даведалася, з ёй можа здарыцца нешта кепскае.

Наш камарык зразумеў, што ён павінен дапамагчы менавіта гэтай дзяўчыне.

Ён падляцеў да яе і крыкнуў:

- Дзяўчыначка! Не плач! Я дапамагу табе.

Але людзі не разумеюць мовы камарыкаў, нават чароўных, і таму дзяўчына пачула толькі: “Б-з-з-з-з-з-з-з”. Яна так моцна плакала, што нават не звярнула ўвагі на камарыка. Тады ён пачаў граць на сваёй чароўнай дудачцы. Дзяўчына прыслухалася. Увесь лес напоўніўся чароўнай мелодыяй. Дзяўчына апусціла рукі і ціха прашаптала:

- Я не хачу больш хварэць. Я хачу быць здаровай і радавацца жыццю.

І як толькі яна расплюшчыла свае блакітныя вочы, яркае полымя на імгненне асвяціла чароўным светам увесь лес. Гэта перад дзяўчынай раскрыла свае пялёсткі папараць-кветка.

Купальская казка

І раптам усё сціхла. Замоўклі нават салаўі ў ранішнім лесе. Усе, хто шукаў папараць-кветку, ведалі, што сёння споўніцца жаданне таго, хто знайшоў папараць-кветку.

- Дай Бог табе шчасця! — падумаў кожны.

Толькі камарык ведаў, што гэтым шчаслівым чалавекам стала дзяўчына з блакітнымі вачыма.

Засынаючы, камарык заўважыў, што ў вочках дзяўчыны з’явілася надзея.

малюнкі ўзяты са старонак:

makasin.info

http://www.sotvorenie.org/news_59.html

http://www.interfax.by/article/5385

1 казачнік нешта сказаў Купальская казка пра добрага камарыка і яго чароўную дудачку

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>