Усе рубрыкі

Галасаванне

Пакуль няма галасаванняў.

Лісіца і дрозд

Публікацыя: Asilak

Жылі Дзед і баба дзед і баба. Дзед у лес хадзіў дровы сячы, а баба дома была, пірагі пякла.

Аднаго разу злавіў дзед у лесе дзікага парсючка і прынёс яго дахаты. Харошы быў парсючок – стракаценькі ды паласаценькі. Пачала баба парсючка карміць – і цестам, і мукою, і сьвежаю травою. Але, вядома, дзік – яму жалудоў давай. Цягне яго ў лес па жалуды.

Нічога ня зробіш, пачала яго баба ў лес пускаць, жалуды зьбіраць. Цэлы дзень ён у лесе гуляе, а нанач дахаты бяжыць. Такі добры парсючок быў!

Добры парасёнак...

Аднойчы бяжыць ён у лес, а насустрач яму галодны воўк. “Парсюк-парсючок, дзік-дзічок, – кажа воўк, – я цябе з’ем“.

Парсючок хітры быў, падумаў і адказвае: “Ня еш мяне, шэры воўк, лепш ідзі са мною на жалудовую палянку: там чарада гусей ходзіць“.

А воўк да гусей быў вельмі ахвочы. Паверыў ён дзічку-парсючку і пайшоў за ім на жалудовую палянку. На дарозе была вялікая воўчая яма. Парсючок яе ведаў ды абыйшоў, а воўк – бух у яму! І сядзіць там.

Назаўтра парсюк зноў пайшоў на жалудовую палянку.
Ідзе ды ідзе, сустракае яго лісіца.

- Куды ідзеш, парсючок?
- Па жалуды.
- Вазьмі і мяне з сабою.
- Ну хадзем.

Ідуць яны, ідуць, падыйшлі да ямы.
Парсючок абыйшоў яму, а лісіца – бух! – ваўку на галаву.

На трэйці дзень сустракае парсюка заяц.

- Куды ідзеш, парсючок?
- Па жалуды.
- Вазьмі і мяне з сабою.
- Ну хадзем.

Дайшлі да ямы – і заяц туды паляцеў!

Стала іх цяпер у яме трое: воўк, лісіца і заяц.
Сядзяць яны ў яме, захацелі есці.
Лісіца кажа:

- Давайце крычаць: хто слабей крыкне, таго з’ядзім.

Крыкнуў воўк – моцна.
Крыкнула лісіца – таксама ня слаба.
Крыкнуў заяц – зусім слаба, толькі піскнуў.
Ну, яго і з’елі.
Воўк усе косьці паеў, а лісіца кішкі сабе ўзяла і ў пясок закапала.

Назаўтра ўзноў прагаладаліся.
Лісіца дастала кішкі ды есьць патроху.

- Што гэта ты, кумка, ясі? — пытаецца воўк.
- Кішкі.
- Дзе ты іх узяла?
- Лапаю сабе жывот распарола і дастала, – адказвае лісіца.

Воўк паверыў, распароў сабе кіпцюрамі жывот ды сканаў.
Лісіца і яго з’ела.

Лісіца-сястрыца...

Тут прыляцеў да ямы дрозд.
Просіцца ў яго лісіца:

- Дроздзік-драздок, вызвалі мяне з ямы!
- Як жа я цябе вызвалю? – пытаецца дрозд.
- Накідай у яму галля, і я вылезу.

Дрозд накідаў галля, лісіца вылезла з ямы і кажа:

- Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
- Вызваліў.
- Накармі ж цяпер мяне.
- Як жа я цябе накармлю?
- Вунь баба на поле ідзе, міску бліноў кясе. Ты заляці ёй наперад ды сядзь на дарозе.
- І ўсё?
- Усё.

Паляцеў дрозд і сеў пасярод дарогі. Баба ўбачыла дразда, паставіла міску з блінамі і кінулася яго лавіць. А лісіца схапіла бліны ды за кусты. Наелася бліноў, прыйшла ізноў да дразда:

- Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
- Вызваліў.
- Накарміў?
- Накарміў.
- Цяпер напаі.
- Як жа я цябе напаю?
- А вунь, бачыш, чалавек бочку з квасам вязе. Ты ўзляці на бочку ды дзяўбі затычку.
- І ўсё?
- Усё.

Паляцеў дрозд, сеў на бочку ды давай затычку дзяўбсці.

Убачыў гэта фурман, схапіў кол ды па дразду! Па дразду! Дрозд узляцеў угару, а фурман з усяе сілы — па бочцы! Па бочцы! Бочка разбілася і ўвесь квас выліўся. Цэлая лужына налілася. Паехаў чалавек, бядуючы, далей, а лісіца напілася з лужыны, колькі ёй хацелася, ды ізноў да дразда пабегла:

- Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
- Вызваліў.
- Накарміў?
- Накарміў.
- Напаіў?
- Напаіў.
- Цяпер пацеш ты мяне.
- Як жа я цябе пацешу?
- А вунь на таку дзед з бабаю гарох малоцяць. Ляці туды і садзіся на лоб то бабе, то дзеду.
- І ўсё?
- Усё.

Паляцеў дрозд на ток, сеў бабе на лоб. Убачыў дзед дразда, ды — трах! — бабе цэпам. Але не па дразду, а па бабіным лобе. Дрозд фыркнуў і перасеў на дзедаў лоб. Тады баба з крыкам: «Кыш!» — бах цэпам дзеду ў лоб!.. Лісіца аж качаецца ад смеху.

Набілі баба з дзедам сабе гузакоў, кінулі малацьбу ды пайшлі дахаты сабе прымочкі на лобе ставіць.

А дразду хоць бы што – паляцеў сабе ў лес, пасвістваючы…

Смяецца дрозд...

***

Яшчэ па тэме:

You must be logged in to post a comment.