Усе рубрыкі

НЕЗВЫЧАЙНАЯ ЗІМОВАЯ ПРОСЬБА – Сяргей Брандт

Увесь вечар імжаў дождж, нібы снежань сеяў у адыходзячым годзе на галовы людзей і на дахі хат мак. У гэту пару, асабліва перад Старым Новым годам, на зямлі павінен ляжаць і звонка паскрыпваць пад нагамі прахожых снег. Але замест звонкага скрыпу чулася толькі булькатанне дробных раўчукоў, бурчанне чорных ад сырасці дрэў і плясканне крокаў па цёмных лужынах.

Атрымоўвалася так, што настрою не было нават у самага застуджанага надвор’я, таму што ў такі хмурны вечар яно забылася прыхапіць з сабой парасон і ў другі раз прамачыла ногі.

снежинка

Мокры з падэшваў аж да самага носа, цёплы вецер насіўся па палях, зганяў з карнізаў галубоў, на якіх яны ўтульна ўладкаваліся, завыў плаксліва ў пячных трубах і перад самай поўначчу дамогся ўсё ж такі свайго – разбудзіў маленькага хлопчка, які соладка спаў у маленькім ложачку. Той працёр кулачком яшчэ заспаныя вочкі, падхапіўся з пасцелі і падбег да вялікага акна, але снегу за акном, як у яго дзіцячым сне, нажаль, не было. Хлопчыку вельмі захацелася заплакаць, як раптам ён успомніў словы даўно памершай бабулі. Яна заўсёды казала, што ў цяжкую хвіліну, калі чалавек вельмі-вельмі захоча змяніць штосьці да лепшага, ён заўсёды гэта зможа зрабіць.

Малы павольна прагаварыў, як малітву, апошнія словы і шчасліва ўсміхнуўся. Потым, стоячы перад акном, ён ціха і па дзіцячы шчыра папрасіў вецер, які не перастаючы, ганяў хвалі па лужынах і паліваў са сваёй бяздоннай палівачкі даўно вымытыя тратуары і двары:

— Паслухай, добры вецер, няўжо табе самаму не хочацца раскідаць лёгкі снег на дахі хат, катацца са сняжынкамі з горкі і разам з марозам будаваць трывалыя масты праз стомленыя рэкі? Гарэзнічаць можна і ўлетку, а зараз усім вельмі патрэбен звычайны белы снег. Як жа без яго Стары Новы Год святкаваць?

Ад гэтых дзіцячых слоў вецер раптам збянтэжыўся. Ён жа лічыў, што яго праца самая значная і ніяк не чакаў пачуць пра свае свавольствы. Малы далікатна працягнуў просьбу:

— Прашу цябе, добры вецер, адкладзі на потым усе важныя справы і папрасі хмаркі прынесці з Поўначы пухнаты свежы снег. Я вельмі прашу цябе, вецер…

Хлопчык, пасля ўсяго сказанага, лёг ва ўтульную пасцель і зачыніў вочкі. Калі вецер падляцеў да акна, каб прашумець у вяршынях мокрых клёнаў усяго два словы «Я згодзен!», ён ужо соладка спаў і не бачыў, як змяняецца кожную хвіліну, нібы ў казцы, прырода. А тое, што так імкліва адбывалася за акном, можна было назваць незвычайным дзівам.

Спачатку перастаў ісці дождж і кудысьці зніклі ўсе злосныя дажджавыя хмары. Потым з-за цёмнага змрочнага лесу пацягнула марозным дыханнем Поўначы. Лёгкі марозік зашкліў празрыстым новым шклом лужыны і пачаў распісваць чароўнымі ўзорамі вокны хат. На бяздонна-чорным небе загарэлася мноства прыгожых цікаўных зорачак.

Раптам у струмені халоднага паветра нарадзілася крыштальная далікатная сняжынка. Яна круцілася над хатамі, як быццам спрабавала знайсці толькі адно ёй патрэбнае акно.

За першай з’явілася другая, не менш вытанчаная, трэцяя, чацвёртая… Яны ляцелі, як матылькі на святло, да проймы акна ў пакоі, дзе спаў маленькі хлопчык, і спявалі сваю цудоўную песенку першага снегу. Вецер выканаў просьбу новага сябра і быў вельмі ганарлівы тым, што менавіта ён прынёс у горад перад самымі святамі такі патрэбны ўсім зімовы настрой.

Хлопчык спаў і бачыў у сваім яркім сне цудоўнае зімовае прадстаўленне, дзе ён на вялікай сцэне разам з ветрам рассыпаў пухнатыя сняжынкі на галовы гасцей.

І ад гэтага было так добра, як ніколі ў яго жыцці. Людзі весяліліся, імкнуліся злавіць у далоні шустрыя сняжынкі і з гэтай весялосцю непрыкметна надыходзіў Стары Новы Год.

Вось ужо на працягу дзвух гадзін, не перастаючы, сыпаў лёгкі, нібы шматкі ваты, снег. Людзі прачыналіся, выходзілі ў двары і не пазнавалі ўпрыгожаны горад.

І ніхто з іх не мог сабе нават уявіць, што толькі па просьбе аднаго маленькага хлопчыка, прыйшла доўгачаканая зіма.

Калі чалавек вельмі-вельмі захоча штосьці змяніць да лепшага, то яму нават цёплы вецер можа дапамагчы ў гэтым. ЦІ НЕ ПРАЎДА?

Сяргей Брантдт, 10.01.2014 г.

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>