Некалі на адной лясной палянцы жыў спадар Павучок. Жыў ён таксама, як іншыя павучкі: лавіў мух і камарыкаў. Але надта любіў наш Павучок назіраць узыход сонца. Штораніцы спадар Павучок прачынаўся яшчэ да ўзыхода сонца, мыўся, прыбіраўся і сядаў назіраць за тым, як з цемры выплывае святло і нараджаецца дзень.
Назіраў ён гэтае дзіва, і кожны раз яму здавалася, што ўзыход сонца можна зрабіць не проста цудоўным, яго можна зрабіць дасканалым, а значыць і ладным. Але для гэтага нечага ў прыродзе нехапае.
Усё прырода стварыла для таго, каб узыходы былі цудоўнымі: знайшла месца для палянкі, на якой жыў спадар Павучок, выгадавала высокую траву, з якой можна было назіраць за сонцам, нават выгадавала цёмны і страшны лес, з-за якога выходзіла сонца і пераўтварала гэтае страхоцце ў казку, прапускаючы яркія промні паміж высокіх дрэваў і іх галінак.
Аднойчы ўночы прысніў спадар Павучок сон, як устае сонейка і пачынае купаць свае промні ў кропельках расы, і ад гэтага і палянка, і лес – увесь сусвет — напоўніліся такім цудоўным светам, ад якога проста немагчыма было адарваць вачэй.
Прачнуўся спадар Павучок і зразумеў, што трэба сплесці павуцінку, на якой збяруцца кропелькі расы, і гэта будзе чароўнае люстэрка, у якім будзе купацца сонца і напаўняць жыццём увесь сусвет.
Спадар Павучок быў працавіты і таму не стаў адкладваць тое, што надумаў, на іншы час, але адразу ўзяўся плесці павуцінку. Заднімі лапкамі ён асцярожна даставаў са свайго пузіка тоненькую нітачку павуцінкі і пераплятаў яе з іншымі нітачкамі. Праца гэта была цяжкая, але спадар Павучок думаў толькі пра тое, як радасна стане ўсяму жывому і нежывому ад таго, што свет стаў ладным.
Цэлую ноч ствараў люстэрка для сонца спадар Павучок, і вось прышоў ранак. Сонца выйшла з-за цёмнага лесу і раптам убачыла цэлае возера расінак-пацерак, якія віселі на танюсенькіх нітачках, замацаваных паміж травой. Узрадавалася сонейка, убачыўшы створанае не прыродай, а спадаром Павучком, вытканае з яго самога, — і апусціла свае цёплыя промні ў люстэрка спадара Павучка.
Сонцу так спадабалася павуцінка і сабраная ў ёй раса, што яно стала проста купацца ў пацерках павуціння. Ад гэтага ўся палянка засвяцілася асабліва цёплым і лагодным светам, стала так ціха і так ладна, што нават птушкі перасталі спяваць. Усё жывое назірала, слухала і дыхала прыгажосцю.
Цэлы дзень быў проста святам для ўсіх істотаў палянкі. Але падвечар наляцеў злы халодны вецер і так разгайдаў траву, што павуцінка лопнула і разарвалася.
Тады спадар Павучок узяўся ткаць новую павуцінку, і раніцай увесь свет узвесяліўся і на імгненне ад захаплення заціх, калі сонца купалася ў расе, сабранай павуцінкай.
Увечары каторы раз наляцеў злосны вецер і парваў павуцінку.
І так было кожны дзень, месяц за месяцам, год за годам: цэлую ноч Павучок майстраваў павуцінку для сонца, з ранку да вечара сонейка затрымлівалася, захопленае чароўнай павуцінкай спадара Павучка, а падвечар налятаў злюка вецер і знішчаў павуцінку сонца.
Усе іншыя павучкі прыходзілі да спадара Павучка і пыталіся:
— Нашто ты робіш гэтую павуцінку? Табе гэта трэба? Ніхто табе нават “дзякуй” не скажа, а ты высільваешся, начамі не спіш… Усё роўна вецер не пераможаш.
Розныя іншыя словы таксама казалі спадару Павучку суседзі, адгаворваючы яго, але ён не кідаў сваёй справы. Ён ведаў, што робіць гэта ўжо не для сябе і нават не для іншых. Ён — майстар, які ўладкоўвае свет. Ён той, хто робіць свет дасканалым, і без яго і яго працы свет ніколі не будзе такім ладным.
Ішлі гады, спадар Павучок плёў пасткі для сонейка. І ўсе так прызвычаіліся да прыгажосці і ладу, што перасталі звяртаць асаблівую ўвагу на гэта. Лад перастаў быць дзівам, ён стаў нечым звычайным.
І вось аднойчы наляцеў надзвычай моцны вецер. Спадар Павучок спрабаваў бараніць тое, што засталося ад яго павуцінкі, але вецер быў такі моцны, што падхапіў спадара Павучка і панёс разам з павуцінкай далёка-далёка ад роднай палянкі.
Упершыню за доўгія гады спадар Павучок не паспеў да раніцы сплесці павуцінку для сонца.
Калі ўзышло сонейка, яно не знайшло знаёмай павуцінкі. Не было дзе сонейку купаць свае промні. Засумавала яно і хутчэй перакацілася на другую палянку.
Толькі зараз усе на палянцы зразумелі, якую важную і вялікую справу рабіў спадар Павучок. Але не было больш на палянцы спадара Павучка. Забраў яго вецер.
Так прайшоў адзін дзень, за ім другі і трэці.
А на наступны дзень сонейка, прачнуўшыся, раптам убачыла, што сярод травы на палянцы раскінулася не адна, а адразу некалькі павуцінак. Гэта іншыя павучкі, суседзі спадара Павучка, зразумелі, што акрамя іх ніхто не здолее зрабіць свет ладным.
Затрымалася тады сонейка над палянкай і доўга-доўга гуляла промнямі ў павуцінках.
Удасканальвайце свет вакол вас, рабіце яго ладным, памятайце што ад кожнага з нас залежыць, як гэты свет выглядае сёння і якім ён будзе заўтра.
Усё прырода стварыла для таго, каб узыходы былі цудоўнымі: знайшла месца для палянкі, на якой жыў спадар Павучок, выгадавала высокую траву, з якой можна было назіраць за сонцам, нават выгадавала цёмны і страшны лес, з-за якога выходзіла сонца і пераўтварала гэтае страхоцце ў казку, прапускаючы яркія промні паміж высокіх дрэваў і іх галінак.
Каментаваць