Усе рубрыкі

Пяць чароўных гораў, альбо як узнікла назва Гародні

Harodnia
Некалі даўным-даўно нашыя дзяды шукалі сабе найлепшае месца на зямлі. Было тое ў часы даўнія-старадаўнія, калі ў людзей не было яшчэ імёнаў, і калі шукалі людзі сабе новыя месцы для жыцця і перасяляліся з аднаго месца на другое.

Людзям імёны не давалі, бо яны ніяк сябе не праяўлялі. Кожны рабіў тое, што яму належала, і асабліва стараўся не вылучацца сярод іншых. “Цішэй будзеш — больш працягнеш”, — гэтак у тыя часы думалі людзі. А ў наваколляў назваў-імёнаў не было, бо ўсе тыя мясціны, што спатыкалі людзі ў вандроўцы, былі новыя ды незнаёмыя. А запытаць у каго, як яны называюцца, не было рады, бо ці людзей у новых мясцовасцях не было, ці калі каго раптам спатыкалі — былі занадта варожыя і нічога пра свае мясціны не расказвалі.

І вось калі зусім ужо выбіліся з сілаў нашыя дзяды і вырашылі спыніцца на балоце, да якога яны дабраліся, прыйшоў да аднаго са старэйшын ўночы сон. І сніў ён, што вось плыве яго народ у чоўнах па рацэ, а ўсюды толькі лес і балоты, і раптам далёка, там, недзе па-над лясамі, на даляглядзе бачаць людзі чатыры белыя слупы святла. Гэтыя слупы свецяцца і клічуць да сябе, паднімаюцца над чорным лесам проста ў неба.

І вось плывуць чаўны доўга-доўга, але і ўдзень і ўночы бачаць тыя слупы святла. І вось аднойчы на досвітку бачаць, што першы слуп святлау сыходзіць ад гары, якая знаходзіцца на правым беразе ракі, па якой яны плывуць. А за паваротам ракі – яшчэ тры гары, і найбольш яркае святло сыходзіць ад трэцяй гары.

Падняў тады старэйшына ўсіх сваіх людзей і сем’і іх і расказаў ім пра свой сон, і вырашылі людзі, што сон прарочы, і што паказвае ён, дзе знаходзіцца іх пракаветная зямля, і дзе яны нарэшце здабудуць спакой. Сабраліся яны тады з апошнімі сіламі і паплылі далей.

Доўга яны так плылі, і вось аднойчы на досвітку бачаць нашыя дзяды па правым беразе гару, а за паваротам ракі — яшчэ тры гары. І здагадаліся людзі, што гэта тое месца, якое было паказана ім ў прарочым сне.

Прысталі тады чаўны да той трэцяй гары, і ўзышлі нашыя дзяды з сем’ямі сваімі на гару, над якой у сне было найбольш яркае святло, а вакол бачаць толькі лес-пушчу непралазную.

І раптам бачаць пятую гару, якая была схаваная за тымі чатырма гарамі, што стаялі на самым беразе. А над той пятай гарой лунае насілу бачнае чырвона-чорнае святло.

Спалохаліся тады людзі таго святла і пачалі былі ўжо казаць, што трэба кінуць гэтае месца ды плыць далей. Але ўзгадалі пра сон і зразумелі, што нездарма ім дадзена менавіта гэтае месца пяці гораў, і што само месца неяк праявіць сябе ці дасць людзям праявіць сябе. Падумалі і засталіся, але загадалі нікому, крый божа, не заходзіць на пятую гару.

Вырашылі так, ды пачалі драўляныя сцены на гары ўзводзіць, хаты сабе будаваць ды абжывацца на паказаным у прарочым сне месцы.

Так і жылі нашыя дзяды разам са сваімі сем’ямі, а месца, на якое прыплылі, ніяк не маглі прыдумаць, як назваць, і казалі толькі: “Я пайду на тую гару, я прыйшоў з той гары, нельга ісці на пятую гару”. Бо акрамя таго, што знайшлі месца з пяццю горамі, ніякіх асаблівасцей ў гэтай мясцовасці не было. Адно пяць гораў ды лес.

Аднаго разу пайшла маленькая дзяўчынка ў пушчу крынічку гаючай вады знайсці, ды так нахадзілася, што ў гушчарох заблудзіла. Ішла яна лесам то ўгору то долу ды раптам бачыць, што на пятую гару выйшла, хоць гэтага зусім не хацела. Памятала яна, што забаронена было заходзіць на тую пятую гару.

Толькі дзяўчынка агледзелася, ажно бачыць на гары вялікі вогненны цмок ляжыць ды на яе дзівіцца, а вакол вогненага цмока старыя абпаленыя кавалкі чаўноў ды чалавечыя косткі валяюцца.

Убачыў вогнены цмок маленькую дзяўчынку ды кажа:
— Я жыву на гэтай гары! Гэта мой дом! Ніхто не можа паднімацца на маю гару акрамя мяне. Ты парушыла правіла, а значыць ніхто з вас жыць тут больш не будзе! Бачыш косткі вакол мяне? Гэта ўсё, што засталося ад людзей, якія раней сюды прыплывалі і заходзілі на пятую гару!

Спалохалася тых словаў дзяўчынка.

А цмок працягвае:
— Калі ты прыйшла на маю гару, то і я магу прыйсці на тваю гару! За тое, што ты патурбавала мяне на маёй пятай гары, сёння ўночы я прыйду на гору, дзе вы жывяце, каб усіх вас з’есці!

Замаркоцілася тады дзяўчынка, але не за сябе яна баялася, а за тых людзей, якія былі на сярэдняй гары і не ведалі нічога. За сваіх суродзічаў яна баялася і вінаваціла ў тым, што здарылася, толькі сябе.

Тады вырашыла дзяўчынка папярэдзіць людзей і кінулася бегчы, што было сілаў, з пятай гары ўніз. А цмок як дунуў чорным дымам — так дзяўчынцы вочы і заплюшчыў. Зусім перастала дзяўчынка бачыць.

Пачулі людзі на сярэдняй гары, што робіцца на гары забароненай, і зразумелі, што іх чакае вялікая небяспека. І зрабілі так, як заўсёды рабілі: сцішыліся, разбегліся па сваіх хатах і пачалі чакаць, што будзе.

А дзяўчынка йшла і йшла ў гушчары, каб прыйсці на сваю гару, але нічога не бачыла і ад гэтага зусім заблудзіла. І так крыўдна стала малечы, што яна людзей падвяла і, галоўнае, што нічога зрабіць не можа, каб дапамагчы сваім родзічам. Села яна ля паваленага дрэва ды пачала плакаць, і так яна пачала плакаць, так шмат слёзак пачала ліць, што ўтварыўся спачатку маленькі ручаёк, а пазней — і цэлая рэчка. Рэчка бегла ўніз да той ракі, па якой прыплылі людзі, і абкружыла сваёй вадой сярэднюю гару, на якой спыніліся людзі.

Сцямнела, і вогнены цмок вырашыў, што прыйшоў час караць людзей. Спусціўся ён са сваёй гары і не ўбачыў, што вакол сяродняй гары цячэ шырокая ручаіна слёзак дзяўчынкі. Уступіўся вогнены цмок ў тую ручаіну ды раптам разляцеўся на дробныя кавалачкі! Не вытрымаў вогнены цмок вады і разваліўся на дробнае каменне.

Убачылі гэта людзі і ўзрадаваліся. Зразумелі яны, што маленькая дзяўчынка сваімі слёзкамі выратавала іх. Дзяўчынка агарадзіла сярэднюю гару ад вогненага цмока вадой.

З таго часу і пачалі называць гэтае месца агарожаным месцам: Агародна, Гародня, Горадня, Гродна. Сама дзяўчынка ўжо ніколі не вярнулася, але пераўтварылася ў крынічку, і цяпер гэтая рэчка называецца Гараднічанка. Гараднічанкай называецца ручай у гонар учынку маленькай дзяўчынкі, якая агарадзіла і гэтым абараніла, выратавала людзей.

З таго часу стары горад наш, Гародня – стаіць на пяці горах: на першай гары зараз знаходзіцца Пабернардынскі касцёл і каталіцкая семінарыя, на другой гары — Новы замак, на трэцяй, сярэдняй, гары – Стары замак, на чацьвёртай гары – Каложская царква, а на пятай – Пасад, які пачынаецца ад пажарнай каланчы.

малюнак са старонкі: tforum.info

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>