На застылай роўнядзі ляснога ручая восень згубіла жоўты кляновы ліст. Паглядзела на яго і скінула некалькі дробных рознакаляровых хваёвых іголак. Потым прыцерушыла крыху жоўтай саломай з суседняга поля і ўсміхнулася. Чагосьці асаблівага не хапала ў афармленні. І шчодрай рукой, нібы ў рамку змясціла белаватым туманам абрасіла руды беражок.
З кожным новым мазком восеньская карціна набывала глыбіню незвычайных тонаў і разнастайных прыродных фарбаў. Мастачка нават язычок ад задавальнення высунула, калі дадала на палатно халодны бляск зіхатлівых зорак. Стамілася вельмі, адпачыць прысела.
Але вясёлы ветрык унёс некаторыя папраўкі да карціны. Ён усё перамяшаў у сярэдзіне, пакінуўшы шмат вольнага месца па краях. Давялося небараку зноў перарабляць. Так яна і працуе, пакуль мароз не скуе лёдам яе непараўнальны сюжэт і не засыпле пышнасць колераў прыгаршчамі белага снегу.
Сяргей Качанаў-Брандт, 10.08.2014
Каментаваць