Усе рубрыкі

Як “размаўляюць” жывёлы па-беларуску? Як размаўляць зь імі?

Усё радзей дзеткі чуюць і бачаць жывёлаў. Яны – персанажы казак. Чытаючы ці распавядаючы дзеткам казкі, варта часьцей агучваць галасы жывёлаў. Малыя тут ж падхопліваюць “му-у, іга-га, ко-ко-ко …”, не чакаючы нават канца сказу.

Дзеці ахвотна адказваюць на пытаньні “А як жа гаворыць конік? Іга-га … Конік іржэ. Скажы “і-га-га”! Дзіця радасна паўтарае.

  • Кароўка мычыць: му-у!
  • А авечка? Бляе: мэ-э!
  • Індык (вымаўляецца “йіндык”) – балбоча (або гялдэча): гулды-гулды!
  • Жывелы дрэвы па беларуски

    Малюнак: marazmashka

    Голас курыцы залежыць ад ейнага стану. Сакоча – ходзіць зь яйцом (так!). Калі курыца зьняслася, ў гнязьдзе ляжыць яйка, не яйцо. Курыца кудахча, калі спужалася або зьнесла яйка. Клохае, калі адчувае патрэбу выседжваць куранят (у яе падымаецца тэмпэратура) або ўжо водзіць куранятак. Калі квактуха (дзяцініха) бачыць каршуна, яна працяжна гучна “каркае” амаль як варона: к-р-р-р! І лётам-подбегам разам з пісклятамі шукае які-небудзь схоў.

    Бык раве (бушуе), сабакі брэшуць “гаў-гаў” (калі выюць, — быць бядзе), ваўкі выюць “ву-у—у”, лісы брэшуць таксама (толькі кароценька і “чыста”), мышы пішчаць “пісь-пісь”, камар прыблізна таксама, чаму і завецца “піскун”, сьвіньня рохкае, пчолы гудуць, вераб’і ціўкаюць, кот “пяе курню”, калі яму прыемна.

    Падзывалі, прынаджваючы свойскіх жывёл (не “хатніх”!), адкідаючы канчатак з суфіксам (або пачатак) ад назвы жывёлы ці сьлібізуючы нешта гукаперамальнае:

  • цёл–цёл-цёл
  • кось-кось-кось (і соў-соў-соў , ідзі, дам аўсу)
  • пылі-пылі-пылюткі (і ціп-ціп-ціпы; не цып-цып-цып!)
  • кызя-кызя, вечка-вечка, вуль-вуль-вуль (качак)
  • зюль-зюль-зюль (гусянят-зюлянят)
  • кыці-кыці (кіс-кіс радзей).
  • Карову, сабаку, каня звалі па імені: Красуля (Красулька), Цыган, Вогір. Інтанацыйна размаўлялі як зь людзьмі.

    “Кызя-кызя” яшчэ зьвярталіся да конікаў, калі, злавіўшы іх у траве, садзілі на дзіч (на назе ці на пальцы) прыціскалі дзюкай-носікам да дзіча і гаварылі: “Кызя-кызя, дай мазі, а то зарэжу на гразі!”. Лічылася, што “кызева мазь” дапаможа зьвесьці дзіч.

    Адганялі жывёл ад шкоды ці заганялі ў хлеў кароткім воклічам “апсік (ката), ашкыр (авечак), аюсь(сьвіней), апыль (курэй і куранят), агыля (гусей), авуць(качак), акызя, пайшлі ў хлеў, пайшла ў поле, аюсь куды(калі трэба “забегчы” ды завярнуць ў іншы бок).

    Жывелы дрэвы па беларуски

    Гукі навакольля

    Калі лічылкі, напрыклад, даюць дзіцяці першае адчуваньне рытму ды рыфмы, як бы выгукнутае ім самім, бо шмат словаў не абазначаюць нешта пэўнае, то слоўцы кшталту “шавыр, дыб-дыб, кох-кох, валюх” і да т.п. гукапераймальна фіксуюць ўвагу дзіцяці на акустычных эфэктах наваколльля.

    У розных мовах, мясцовасьцях, суполках і нават сем’ях яны могуць адрозьнівацца. Аднак пэўнае агульнае падабенства заўважаецца.

    Нашыя ластаўкі шчабечуць. Нямецкія – “цвічэрн” (zwitschern). “ШЧБЧ”-“ЦВЧ” – клубок падобных шыпячых гукаў. Ангельскія – “твітраюць” (twitter) – ТВТР…

    Адсюль інтэрнэтаўкі твітэр: ён узьнік напачатку як праграма “кароткага шчабятаньня” на вялікіх нарадах і канфэрэнцыях, калі ўзьнікала патрэба камунікацыі ў разьдзеленых недалёкіх памяшканьнях.

    Наш певень кукарэкае, нямецкі сьпявае “кі-ке-рэкі”, а сьпеў ангельскага больш падобны на “прозу” нашага індыка: кок-э-дудл-ду (cock-a-doodle-doo)!

    Вось невялічкі сьпіс гукавых уражаньняў ад навакольля, якое чулася полацка-ветранскім дзецям гадоў 70 таму:

  • скапыты-скапыты (конь галопам па любой дарозе);
  • цок-цок (конь рысьсю па цьвёрдай дарозе – брук, асфальт, бітая дарога-бальшак);
  • дзынк (шыба трэснула, каменьчык папаў у шкло);
  • шаў-шаў (ляціць чарада “простых” гусей, варон, буслоў);
  • шАмша-шАмша (людзі “шэмруць”, разносячы нядобрыя плёткі, чынячы зло);
  • валюх (нехта няўклюдны, тоўсты ці тоўста апрануты зваліўся з высокага “далоў” або перакуліўся цераз нейкую агароджу; можа быць і мядзьведзь);
  • таўхель, штурхель (некага штурхнулі локцем ці плечуком, знарок або і не);
  • шась-шась (труцца-калышацца павязаныя паркамі венікі ў пастуха на плячы, які гоніць кароў з паствы);
  • квяк-квяк (чалавек ідзе па гразі);
  • хамыль-хамыль (мядзьведзь бяжыць, куляючыся “галопам” па лесе, пераскокваючы праз кусты).

Аўтар: Пётра Садоўскі

Пачытаць трохі больш яго разважанняў тут.

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>