Усе рубрыкі

Алег Хаменка: Ў жыцці без казкі наогул немагчыма

Лідэр гурта “Палац”, аўтар праекта “Беларускія народныя казкі для дзетак” Алег Хаменка распавёў пра тое, як цяпер ён разам з дзіцячым фондам ААН ЮНІСЭФ клапоціцца пра набліжэнне аўдыё-казак да кожнай сям’і, працуе над іх візуалізацыяй і мяркуе, што беларускія пісьменнікі напішуць і выдадуць новыя прывабныя кніжкі беларускіх казак.

Год таму з’явілася аўдыёверсія “Беларускіх народных казак”, але праект на тым не спыніўся. Як жыве і развіваецца праект на сённяшні дзень?

Мы якраз сустрэліся з дзяўчатамі з ЮНІСЭФ і пагаварылі аб тым, як працягнуць надалей гэтую працу, таму што галоўнае, канешне, не сам выхад праекта і магчымасць набыць кампакт-дыскі, а тое, каб гэтыя дыскі і ідэі пайшлі ў народ.

Казкі – гэта вельмі-вельмі важная рэч, якая павінна прыйсці да дзіцяці з самага пачатку. Інакш як ты яму распавядзеш пра тое, што хтосьці бывае сквапны, што цябе могуць падмануць і гэтак далей. Менавіта ў казках усё гэта рапавядаецца. Такім чынам, з самага дзяцінства з маленькім чалавекам можна абмеркаваць усе тыя рэчы, якія бываюць у жыцці. Таму без казкі наогул немагчыма.

Наколькі была запатрабаваная аўдыёверсія з пункту гледжання гадавога досведу існавання праекта?

Калі б зоркі беларускай эстрады прадавалі столькі кампактаў, колькі прадалося казак, дык, можа быць, яны былі б Майкламі Джэксанамі. Я жартую, канешне.

Але наклад быў даволі вялікім і нават дадрукоўваўся. Але ж гэта быў вельмі вялікі праект. Гэта ўсё ж такі 10 кампакт-дыскаў, і не кожны мог рэальна іх набыць, таму што гэта была даволі дарагая рэч.

Таму зараз я вельмі спаздяюся, што выйдзе такі праект, які будзе ўжо ў фармаце mp3 і на адной кружэлцы можна будзе знайсці ўсе гэтыя казкі. Але мы б не хацелі, каб кампакт-дыск прадаваўся, хочам, каб ён распаўсюджваўся праз ЮНІСЭФ. Мне здаецца, што гэта прынясе больш плёну і карысці – не грашовай, а культурнай.

З пункту гледжання развіцця праекта, што б вам хацелася зрабіць надалей з гэтымі казкамі?

Самае галоўнае – мы не рабілі праект у ролях. Ведаеце, раней выходзілі такія вінілавыя плыты з казкамі, дзе і гук падбіраўся, і акцёры розныя гаварылі. – то быў такі аўдыёспекталь. У гэтым праекце хацелася захаваць самы звычайны расповед: гэтак, як распавядала бабуля, як распавядалі казкі дзяды – ад аднаго чалавека, з нейкімі сваімі асаблівасцямі, якія былі важныя. І гэта, канешне, атрымалася.

А цяпер мы проста шукаем, што магло б быць такім, каб сапраўды прынесла разуменне таго, што ёсць беларуская казка. Па вялікім рахунку, беларускія казкі чытаць, калі ты сам-насам з кнжкай, не вельмі цікава. Беларускія казкі абавязкова трэба распавядаць, і калі яны ідуць лінгвістычна, калі гэта не літара, а слова, то гэта такая ўсё ж такі прыгажосць і нават скарбніца мудрасці.

У чым таямніцы расповеду казак?

У тым, што ты распавядаеш гэта, як быццам ты гэта пражыў: і пра тую жабу, і пра тых ваўкоў, і пра чарадзейныя рэчы, і пра нейкія сацыяльныя рэчы, якія ёсць у казках. Трэба распавядаць пра гэта ак пра штосьці зусім знаёмае. Ты ж не скажаш свайму дзіцяці: во, глядзі, наша суседка такая і такая, а ў выглядзе казкі можна расказаць пра ўсіх такіх людзей.

Ці будзеце вы развіваць казкі ў відэанапрамку?

Так, ёсць ідея, што ўсё ж такі мульт з’явіцца.

Калі казаць пра сённяшні дзень праекту, цікава даведацца, колькі людзей працуе над яго развіццём?

У гэтым праекце прымала ўдзел Ларыса Рыжкова. Дарэчы, яна адна з самых вядомых у Беларусі казачніц, якая распавядае казкі са сцэны. Я запрашаў Тамару Лісіцкую, якая таксама чытала казкі ў аўдыёпраекце.

Зараз я дакладна ведаю, што можна будзе спампаваць казкі ў маім выкананні, а можа, з цягам часу, і ў выкананні іншых людзей.

Таксама я вельмі ўдзячны Паўлу Юрцэвічу – гэта чалавек, які ўсё гэта запісваў і з якім мы рабілі мантаж; Валодзя Баранаў, з якім мы вельмі шмат размаўлялі аб тым, як можа выглядаць гэты праект; Вячаслаў Галевіч, які мне, па сутнасці, сказаў: “Алег, трэба будзе дапамагчы – дапамагу!”. Вось гэта мае сябры, якія мелі дачыненне да першапачатковага стварэння праекта.

А цяпер усё “абрастае”, людзі ідуць насустрач, і ўсё ж такі нейкая папулярнасць гэтаму праекту надаецца, таму што праект вялікі, і вельмі хочацца, каб да яго далучыліся людзі не толькі для атрымання грошаў, а каб пайшоў новы подых беларускай казкі.

Канешне, я вельмі паважаю Толкіена, Андэрсана, рускую народную казку, але вельмі важна, каб якраз беларуская казка ўзышла на тое месца, якое ёй належыць.

Зараз існуе вялікая праблема з пошукам нармальных кніжак беларускіх народных казак, з нармальнымі ілюстрацымі і гэтак далей. Можа, вы думаеце і пра друкаванае развіццё праекта?

Усё ж не ахінеш. За мной яшчэ і музыка, і фестывалі, і шмат чаго іншага. Хацелася б пакуль што звярнуць увагу. Але ж я думаю, што потым, калі спадабаецца, падцягнуцца і друкарні, і нашыя пісьменнікі, якія пераасэнсуюць нейкія беларускія казкі і зробяць літаратурныя версіі.

Хацелася б, каб на падставе беларускіх казак з’явіліся тэатральныя пастаноўкі, святы, якія наогул ладзяць дзеці, таму што яны шукаюць якую-небудзь тэматыку – касманаўты, рэкет, яшчэ што-небудзь. Мне здаецца, што можна было б якраз у казках знайсці вось такую бездань самых прыгожых каштоўнасцяў, якія могуць стаць падмуркам кожнага дзіцячага свята.

І канешне, права дзіцяці на сваю спадчыну, на свае карані, якое трэба захоўваць, і ў першую чаргу праз казкі, песні, легенды, паданні, гісторыі, якія звязаны з родным народам.

Вы на сваіх канцэртах чытаеце казкі людзям?

Было. Але ж пакуль гэта было аднойчы. З другога боку, напэўна, я ж не самы лепшы казачнік. Усё ж такі ёсць артысты, ёсць падрыхтаваныя людзі, якія, мне здаецца, гэта могуць зрабіць значна цікавей. Але проста нагадаю, што ў кожнай вёсцы было тры-чатыры чалавекі, да якіх дзеці бегалі, каб паслухаць казкі. І такіх людзей павінна быць безліч.

Якая ваша самая запаветная казачная мара?

У мяне ёсць запаветная мара зрабіць калядны фэст-шэсце, каб калядныя валачобнікі хазділі па галоўных праспектах нашай краіны і каб было такое: ідуць калядоўшчыкі Ленінскага раёна, ідуць калядоўшчыкі Кастрычніцкага раёна, каб усе рыхтаваліся.

У Беларусі можа з’явіцца такі сапраўдны карнавал, шэсце, якое будзе праходзіць якраз на Каляды, у той жа час, калі праходзіць і бразільскі карнавал. Марыцца, каб людзі, пабываўшы на бразільскім, паляцелі на самалёце ў Мінск паглядзець, што такое зімовы карнавал.

І каб нашыя калядоўшчыкі, так, як і хадзілі раней у вёсках, з’яўляліся (канешне, ужо на новым узроўні) і ў гарадскіх умовах. Не ведаю, ці здолею здзейсніць гэта, але гэтая мара мяне зараз вельмі клапаціць.

Крыніца: Radio.Tut.By, скарочана

ужо 6 абмяркоўваюць Алег Хаменка: Ў жыцці без казкі наогул немагчыма

  • казкі — гэта файна, аўдыяказкі — добрая дапамога бацькам. Але як маці, шчыра вам скажу, што для мяне гэта — не самая вялікая праблема. Казкі можна знайсьці ў кніжках ці сеціве і пачытаць самой.
    Мульты — без мультоў па беларуску таксама можна абыйсьціся.
    Што мяне хвалюе — адсутнасьць дыскаў з ІЕЛАРУСКІМІ ДЗІЦЯЧЫМІ СЬПЕВАМІ. Калі не ведаеш дзіц сьпеваў — што зробіш? звычайны чалавек сам спеў не прыдумае. А сьпеў так добра запамінаецца, вучыцца мова, адчуваюцца словы. Што ж сучасным бацькам застаецца: Песьняры, некалькі фалькл сьпеваў, Калыханкі (брр.. мае пад іх ніколі не засыналі, а ў дзень гэтая сумная музыка зусім не захоплівае).. Зусім нядаўна выйшла Сабака Чапа — бадай што адзіны нармальны дыск для дзяцей са сьпевамі. Можна знайсьці на дзеткі.орг пару добрых старых сьпеваў (Літарынка, дзед барадзед). Ёсьць некалькі неблагіх сьпеваў у касэце ‘Азбука не забаўка’, яшчэ некалькі пачулі праз радыё Рацыя (Казка Малышам). Гэтага вельмі мала! Дый тое, што чулі па радыё не ўсе словы разабралі. Сьпяваць няма чаго!!!

    Хацела б папрасіць Алега Хаменку ды й іншых музыкаў, можа б вы папрацавалі на стварэньнем дзіц папулярных сьпеваў, калі ласка!

  • Галя, шмат чаго чаго не хапае. Калі параўняць з расейскам ці нават украінская дзіцячай плыняй, дык можна сказаць, што беларускай і няма наогул — так, статпагрэшнасць. Але ж патроху рухаецца ўсё наперад. І да песен хутка дойдуць рукі, я ўпэўнены. З тэкставага кантэнту проста пачынаць прасцей:)

    Дарэчы, нас з’явілася магчымасць зараз захоўваць шмат файлаў, так што хутка тут будзе добры дзіцячы беларускі архіў, спадзяюся, бібліятэка і форум:)

  • вядома, шмат чаго не стае. Я зусім не супраць намаганьняў Хаменкі, але казкі знайсьці можа любы, хоць не ў кніжках, то на сеціве, і пачытаць іх можа любы, нават рускамоўны чалавек, што вырас ці жыве Ў Беларусі. А сьпеў я сама прыдумаць і прыгожы сыграць не змагу. Казку паслухаў і пераказаў. А сьпеў слухаеш шмат разоў, ён запамінаецца, мелодыя гучыць, завучваюцца словы. Нават рускамоўныя дзеткі, як спадабаецца сьпеў будуць яго на мове арыгінала сьпяваць. Вось я і мяркую і ПРАПАНУЮ, што Алег Хаменка, зь ягонымі талентамі, зрабіў бы яшчэ больш, каб запісаў СД з дзіц сьпевамі. Можна нават не прыдумляць, а запісаць тыя што ўжо ёсьць у нотах (магу падзяліцца), бо я музычны акампанімент не зраблю, таму дзеці сьпяваюць тры з паловаў бел сьпева, чатыры з паловай англамоўныя сьпевы ў перакладзе на беларускую і процьму англамоўных сьпеваў па-ангельску. :(

    • добра, будзем мець на ўвазе гэты момант. ну і пакуль летні адпускны сезон, заадно пабольш ужо існых песенек тут напосцім:)

  • anton

    и правда, детских песен на белорусском я практически не слышу с детства… да и те, что были, какие-то “тужливые” все… (извините, что по-русски)

  • […] Алег Хаменка: Ў жыцці без казкі наогул немагчыма […]

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>