Усе рубрыкі

Пiрог з чарнiцамi — Сяргей Брандт

Па вузкай, лясной сцяжынцы, якая пралегла ў сакавітай траве паміж ялін і хвой, прабіраецца, спяшаецца на кароценькіх ножках тоўсты спадар Вусень, каб паспець на дзень нараджэння свайго пляменніка Вінаграднага Слімака. Ледзьве перастаўляе ён важкі плецены кош. І нездарма, у ім пірог з чарніцамі — падарунак для імянінніка.
1-34-390x205

Добрая гаспадыня, жонка Слімака, калі ўся сям’я яшчэ пад бярозавымі лісточкамі спала, назбірала чарніц, пульхнае цеста з белай пшанічнай мукі прыгатавала. Дапамагалі суседзі: масла жоўтае прынеслі ў скрыначцы Лугавыя Конікі, а малака ў бітончык адліла знаёмая Пярэстая Карова. Некалькі яек жонка спадара Вусеня абмяняла ў Вясковых Курэй на смачныя зярняткі з кавуна. Потым ужо ў печы аднаго знаёмага Бабра спякла яна цудоўны пірог.
Сытны, пахучы падарунак атрымаўся. Нават непаслухмяныя вавёрачкі Цірлі і Дзірлі, якія сачылі за прыгатаваннем салодкага ласунка ледзь з верхавіны высокай хвоі ўніз не зваліліся. Пачулі, што цётухна Вусень з рэшткаў цеста спякла для ўсіх малых Лясной Палянкі некалькі піражкоў. Сядзяць падшыванцы у старонцы, за абедзве шчакі частуюцца, абяцаюць быць паслухмянымі, без патрэбы дарослых не турбаваць.
Спяшаецца спадар Вусень, вельмі спяшаецца. Занепакоены, што астыне пірог, смак свой асаблівы страціць, як яго потым халодным на стол падаваць. Лупатыя вочкі зблыталіся лічыць колькі яшчэ раз ножкам павярнуць са сцяжынкі ўправа, каб апынуцца пад арэхавым кустом.
А вось нарэшце і ўтульны домік з альховай кары. З маленькага вузенькага акенца, махае блакітнай хустачкай хораша прыбраны і ў добрым настроі Слімак.
— Іду, спяшаюся, даражэнькі! З Днём нараджэння цябе, шаноўны пляменнік! Накрывай стол, кліч гасцей, святкаваць будзем.

Сяргей Брандт, 01.11.2017

Хворы Анёл — Сяргей Брандт

Чаму такi нязграбны,
Хворы мой Анёл?
Ружанчык надарваўся —
Пацеркi на стол.

ангел
Чаму такi гаротны?
Дзе твае крыло?
І зорачкi нiводнай,
I сцяжынка – шкло.

Чаму такі халодны,
Быццам змерзлы снег?
Мо там у аблоках,
У забароне смех?

Чаму такi счарнеўшы
Твой лагодны твар?
Я паклаў усе вершы
Богу на алтар.

Сяргей Качанаў-Брандт, 26.01.2016

Хто палюе на малых? — Сяргей Брандт

Дзяцей палюе начны жах,
Ён заўжды побач, заўжды ў снах.

Стаiць маўклiва за спiной
I смачна есць страх шэры твой.

жах

Пад коўдрай нават не дыхнуць,
Ён хоча цалкам праглынуць.

Вось расчапiў ён доўгi рот
I пхне твой твар у свой жывот.

У сне цяжкІм жах, як жывы,
Ён расфарбуе брудным сны.

У снах так цяжка ўцякаць,
Прачнiся, хлопчык, досыць спаць.

I як з чароўным цягне ён
Iз сна цябе ў наступны сон.

Нясе на крылах дзяцей жах
Уверх-унiз па доўгiх снах.

Сяргей Качанаў-Брандт, 26.01.2016

Сонейка. Сяргей Брандт

Ой, ты ж маё сонейка,
Распляцi ты коскi мне
Па вясне,
Каб вясёлы птушак спеў
Аж да зорак даляцеў
Па вясне.

со

Ой, ты ж маё сонейка,
Адпрасуй кашульку мне
Па вясне,
Каб вада сястрыца зноў
Падарыла мне любоў
Па вясне.
Ой, ты ж маё сонейка,
Над лясочкам свецiць мне
Па вясне,
Каб тваё заўжды цяпло
Маё сэрца сцерагло
Па вясне.
Ой, ты ж маё сонейка…

Сяргей Качанаў-Брандт, 02.07.2015