Усе рубрыкі

АПОШНІ ДЗЕНЬ ЛІПЕНЯ — Сяргей Брандт

Туман схавае далягляды
Перад вялікім летнім святам.
Каб абнавіць жыццё святочным
Ён пыл прыб’е вільготнай ноччу.

Galakhov-Nikolai-July-on-the-Volga-River-gal23bw

Расой лугі напоіць, ранкам
Пральецца белым уздоўж ганка.
Грыбніц у хвойнік нацярушыць
І абтрасе свавольна грушы.
Стаміўшыся прысне за лесам,
На павуцінцы дыямант развесіць.
Калі прамень над вёскаю пральецца,
Туман да вечара нябачным застанецца.

Сяргей Брандт, 31.07.2014

Крыніца ілюстрацыі: Galakhov-Nikolai-July-on-the-Volga-River-gal23bw.rar

КАЛІ ШЧАСЦЕ ІДЗЕ ЗА ТАБОЙ УСЛЕД — Сяргей Брандт

На адным лясным хутары жыла сям’я панскага лясніка: бацька, маці і тры сыны. Старэйшы меў ужо амаль дваццаць гадкоў, сярэдні толькі сямнаццатае лета сустрэў і малодшы — зусім маленькі дзесяцігадовы хлопчык Цімошка. Розныя былі браты па сваіх поглядах на жыццё і па адносінах да простага беднага люда. Адзін грошы, заробленыя ў скарбонку хаваў, ніводнага грошыка на пазыку ці на добрую справу нікому не даў. Другі — толькі па дзеўках ды па святах хадзіў, танчыць любіў, спяваў добра ён і шукаў сабе жонку-прыгажуню і, каб яна прыгажэй за паненку тварам сваім была. А малодшы Цімошка заўсёды хворым птушкам, звярам дапамагаў, бабульцы вады прынесці ці дроў да печы, вось ён побач. Жыла сям’я небагата, але гаспадарка дагледжанная і спраўная была, бо працавалі браты супольна з раніцы да вечара.
Аднойчы па лясной сцяжынцы ў суседнюю вёску шчасце людское бегла. Песні вясёлыя спявала гарэзліва скакала на ножках, як маленькае казляня. Скакала і не заўважыла паляўнічую яму, зробленную на дзікіх свінней. Звалілася ўніз, а вылезці наверх не можа, вельмі глыбока. Пачало крычаць і прасіцца:
— Людцы дарагія, ратуйце! Выцягніце мяне з ямы, любое жаданне выканаю.

f595f7eefa8bbaa0ef6f3bba9a7fa5bb

Побач у лесе старэйшы сын лясніка грыбы на поліўку збіраў, лямант пачуў і першы да пасткі падбег, а там нешта жоўтае і жвавае сядзіць. Пытаецца хлопец:
— А што ты за звер мне невядомы?
А тое жоўтае і адказвае яму:
— Шчасце я, чалавек! Чаго ты хочаш атрымаць ад мяне?
Пачухаў патыліцу старэйшы сын і кажа:
— Мех грошай срэбраных хачу.
— Хочаш, дык трымай. А цяпер мяне выцягні, але таго ўжо і след з грашыма прастыў. Сядзіць шчасце далей, сляза па шчацэ коціцца і раптам:
— Прывітанне, — стаіць сярэдні сын на краі пасткі і пытае:
— Ты што за стварэнне такое? — яму брат калі на хутар мех з грашыма прынёс — усе і расказаў. Стварэнне слёзы выцерла і кажа:
— Шчасце я, чалавек! Што табе ад мяне патрэбна?
— Ну, дык жонку хачу, прыгажуню такую, што свет не бачыў, тварам, каб прыгажэй за паненку была.
Толькі сказаў, бачыць побач прыгажуня стаіць і такая, што нават сонейка пачырванела ад яе прыгажосці.
— А цяпер мне дапамажы! — просіць шчасце.
Але няма нікога побач, ціха ў лесе Амаль да самых поцемкаў шчасце ў яме сядзела. Потым чуе, ідзе нехта, а гэта Цімошка малы з вёскі бег на хутар. Там ён дапамагаў адной бабульцы сена ў копы складваць. Глядзіць малы, а ў яме нейкі смешны зверык сядзіць, плача. І пытаецца:
— Як ты, малое, сюды трапіла? Напэўна за птушкамі ганялася і пастку не заўважыла? Ты хто такі? На бабраня зусім не падобны. Шчасце я, хлопчык.
— Давай я цябе шчасце наверх выцягну!
Сказаў — зрабіў, хлебам пачаставаў і слёзы бедалазе далонькай выцер. А потым дахаты пабег, дзе яго яшчэ праца чакала. А шчасце пастаяла на сцяжынцы, усміхнулася шчыра і за хлопчыкам услед пайшло. Як жа не пайсці за тым, хто цябе выратаваў і нават узнагароды за гэта не папрасіў. Такім людзям патрэбна дапамагаць не грашыма, не прыгажосцю, а добрай парадай у патрэбных справах. А што ты хацеў бы атрымаць ад шчасця, калі яно ідзе за табой ўслед.

Сяргей Брандт, 25.07.2014

Крыніца малюнка http://music-fantasy.ru/materials/ravel-moya-matushka-gusynya

ВОЛЬНАМУ — ВОЛЯ, ШАЛЁНАМУ — ПОЛЕ — Сяргей Брандт

ГЕРОЮ НЕВЯДОМАГА ПАЎСТАННЯ 1863 г. БАЛЯСЛАВУ КАЛЫШКА

Мокрыя дошкi на плошчы бязмоўнай —
Счарнеўшы ад болю нямы эшафот.
Дождж марасiць, туман шэраю воўнай,
Лета с крывёю ў паўстанчаскi год.

Баляслаў Калышка (1)

Пятля з канаплянай бруднай вяроўкi
Цяпло катаванага доўга хранiць.
Паны за сталамi з вясёлай суполкай
Жыццё памiнаюць, грак чорны крычыць.

Не зняў капялюш, не ўстаў на каленi,
Лагоднай усмешкай глядзеў на людзей.
На плошчы бязмоўнай цяпер толькi ценi,
Смерць двойчы зрабiла жыццё карацей.

Што будзе далей? Як заўсёды свiтанак.
Забудзе народ пра паўстанчаскi год.
Вясковец стамiўшыся сядзе на ганак,
Навошта яму той з крывёй эшафот.

Сяргей Брандт, 24.07.2014

Непатрэбныя рэчы — Сяргей Брандт

kalaurot1
КАЛАЎРОТ
Цяпер амаль усе забыліся для чаго я ў гаспадарцы патрэбны. Малыя, калі бачаць мяне,
смяюцца: “Вунь, якое кола цікавае!” Можа яно ад драўлянай нейкай машыны. А раней мой музычны спеў быў чутны ў кожнай хаце, асабліва доўгімі цёмнымі вечарамі. Прадзе бабка кудзельку і я побач гуду, спяваю. Дзеці малыя на печцы ляжаць, казкі розныя слухаюць. Гарыць смаляная лучына, агеньчык роўны, бо таксама ўважліва слухае. Нават я пачынаю гудзець цішэй, а за вокнамі вецер шалёны лятае. Надвор’е кепскае, дождж, як з вядра л’е, а ў хаце ўтульна і цёпла. Новы вечар — новае апавяданне бабка апавядае, калаўрот сваё кола круціць і пяе, пяе сваю бясконцую песенку. Потым зробяць з шэрых нітак шарсцяных малым шкарпэткі або цёплыя камізэлькі на зіму і ў кожнай рэчы застанецца цікавая казка. Ці не цуд гэта? Колькі ж гадкоў я сваім гаспадарам праўдай і верай служыла, колькі кудзелі ў добрыя рэчы ператварыла. Ды час прамінуў і кінулі мяне, як смецце непатрэбнае ў паветку. Каб не маленькі хлопчык, напэўна ён нейкі асаблівы хлопчык, схаваў мяне ў пуньцы, акуратна накрыўшы старой саломай. Вось цяпер ляжу з усімі разам, але толькі сёння расказаў пра свае жыццё-быццё, якое нічым адметным не адрозніваецца. Старыя рэчы ў гаспадарцы — непатрэбныя рэчы.

корытоДРАЎЛЯНЫЯ НАЧОЎКІ
Вось гэта апавяданне будзе апошнім. На кірмашы гаспадар аднаго зусім
маленькага хутарка прыдбаў начоўкі з ліпы ў мясцовага майстра, але калі разлік пачалі праводзіць — трохі грошай не хапіла і ён даплаціў за нас вядро груш дзічак. Так нас потым і назвалі “дзікаватыя”, не ў тым сэнсе, што дзікія, а ў тым, што за дзічкі купленыя. І пайшлі гады, як блізняты ў няспыннай працы: дзетак малых у нас купалі, бялізну мылі, і, нават збожжа захоўвалі. Аднойчы ўзімку малыя дзеці пакуль бацькоў не было, пачалі з горкі ўніз спускацца. Не ўсім прантоў і санак хапіла. Самы малы нас і прыспасобіў для сваёй гульні. Раз скаціўся, другі, а потым на трухлявы камель наляцеў і трэснуў наш бок ад болю.
Вечарам бацькі дахаты вярнуліся і праз слёзы з рэвам выкінулі нас з хаты на прамерзлую дрывотню. Добра, што дзеці потым у сене перахавалі, а праз некалькі месяцаў і самі сваю схованку згубілі. Усё як ва ўсіх, нічога новага. Пакуль працуеш — патрэбны, але калі сапсуюць цябе — адзін ёсць выхад, у печ ці на смецце. А як хочацца ў голас пра сябе
расказаць. Ды толька гэта ёсць марная надзея…

Дарагія чытачы, усе непатрэбныя рэчы зараз чакаюць Вас у школьным краязнаўчым музеі і з’яўляюцца самымі каштоўнымі экспанатамі. Яны распавядаюць наведвальнікам свае цікавыя гісторыі, вучаць нашчадкаў шанаваць і захоўваць спадчыну.

Сяргей Брандт, 21.07.2014