Усе рубрыкі

ПТУШЫНАЯ ЗНАХОДКА — Сяргей Брандт

З серыі “Дарагія бацькі, бабулі і дзядулі, а таксама маленькія слухачы”

Сардэчна запрашаем вас ў цудоўнае Каралеўства Дзівоснага Сну! У гэтым каралеўстве адбываюцца такія выдатныя сустрэчы, якія немагчыма ўявіць сабе ў нашым паўсядзённым жыцці. Там жывуць разам дружныя чараўнікі і гномы, зубныя феі і рыцары, драконы і адзінарогі.
Гэтыя гісторыі аб чарадзейных персанажах, якія яркім сваім зместам унясуць новыя моманты ў выхаванне малых, дапамогуць захаваць святло ў дзіцячых сэрцах і, вядома, не пакінуць іх абыякавымі да ўсяго казачнага і стануць асновай нашых вячэрніх сустрэч.
Кожны раз, укладваючыся ў сваіх утульных ложках спаць, вы, дарагія мае слухачы, будзеце атрымоўваць штосьці вельмі незвычайнае і яно стане казачным рытуалам перад прыходам салодкага сну.
Такім чынам, я пачынаю распавядаць сваю першую гісторыю перад сном.
Птушыная знаходка
Аднойчы цёплым летнім ранкам птушкі знайшлі на беразе рэчкі яйцо.
КРОКОДИЛ ЯЙЦО
— Напэўна яно выпала з гнязда? – спытала Салавейка.
— Магчыма і не – адказаў ёй Верабейка – Але не будзем яйцо чапаць пакуль яго мама не прыйдзе.
І каб сагрэць знаходку, яны пачалі збіраць галінкі, мох і лісцікі для вялікага гнязда.
— Аднак, гэта было нялёгка – прашчабятаў Верабейка і ўзляцеў на макушку яйца. Салавейка і яе сяброўка Сойка, натапырыўшы свае пёркі, прыселі па абодва бакі шкарлупіны. Скажу па сакрэту, яйцо было вялізарнае, а птушкі ў параўнанні з ім выглядалі маленькімі. Нажаль, яны нават і чвэрць яго не маглі закрыць сваімі крыльцамі.
— Мы не можам адны сагрэць такое вялізнае яйцо — прапелі яны другім птушкам.
Часу прайшло няшмат, як з яйца пачуўся незвычайны гук і яно раптам падскочыла ўверх. Шкарлупіна раскалолася, з яе выпаўзла маленькая зялёненькая істота.
— Глядзіце, якая цікавая птушка! – з захапленнем пракрычаў Верабейка — Але ў яе чамусьці няма крыльцаў. — Затое ў яе ёсць агромістая дзюба — сказала Салавейка — І вельмі востранькія зубкі.
— Я ведаю, хто гэта такі – праскрыпеў Крыжадзюб, які ўсё аб ўсіх і, што адбываецца навокал, ведаў — Гэта ж маленькі кракадзільчык.
Спалоханыя птушкі ўсё ніяк не маглі супакоіцца:
— І што нам цяпер рабіць? – запішчала Сінічка — Дык ён нас усіх з’есць.
— У любым выпадку мы не можам малое пакінуць тут да прыходу яго мамы – дапоўніла
Салавейка — Але каб мяне з’елі я таксама не жадаю.
— Калі яго патурбаваць, то можна з лёгкасцю папасці яму на вострыя зубкі – выказаўся Крыжадзюб і паляцеў у сваё гняздо. Але, калі праз некалькі хвілін ён вярнуўся назад, то ўсе ўбачылі, што ён трымаў у дзюбе соску:
— Гэта я знайшоў у пясочніцы.
— Проста цудоўна – прапела Салавейка і ўпіхнула соску ў шырока раскрыты рот маленькага кракадзіла.
Кракадзільчык нічога не зразумеў, але соску пажаваў з апетытам. Сойка чамусьці падумала ў голас:
— Як я разумею, наш госць вельмі галодны. Патрэбна пашукаць чым мы яго можам накарміць.
Пасля гэтых слоў Сойка хутка зляцела ўніз і знайшла на вільготнай траве дажджавога чарвяка, прцягнула яго кракадзільчыку, які з задавльненнем праглынуў яе пачастунак.
Аднак, дажджавы чарвяк чамусьці яму не спадабаўся і малы выплюнуў яго на зямлю. У гэты час птушкі ўбачылі, як сярод куста язміну нечакана з’явіўся аграменны зялёны нос.
— Ай, ай, у кусце Кракадзіл – закрычала спалохана Салавейка – Спадзяюся, што ён усё ж нас не з’есць.
Кракадзіл і не збіраўся есці маленькіх птушачак. Ён імкліва падбег да малога і абняў яго.
— Я вельмі рады, што знайшоў цябе, Сынок! У час нашага пераезду на новае месца мы так спяшаліся, што не заўважылі, як згубілі адно яйцо.
Вялікі кракадзіл далікатна пацалаваў малога ў яго зялёны носік і звярнуўся да птушачак:
— Дякую вам, што былі ўважлівымі да майго сыночка і абяцаю, што нікога з вас мая сям’я ніколі не з’есць. А цяпер пойдзем, мой даражэнькі. Твае браты і сёстры, асабліва мама, ужо зачакаліся нас і жадаюць хутчэй убачыць.
КРОКОДИЛ
Маленькі кракадзільчык быў таксама шчаслівы, бо ў яго ёсць мама і сям’я. І вядома, мама лепш за ўсіх на свеце ведае, што больш за ўсё любяць есці яе дзеці. І ніколі не будзе карміць іх дажджавымі чарвякамі.

Сяргей Брандт, 31.03.2014

ЗАКЛЯЦЦЕ СТАРОГА МЛЫНА. Частка другая — Сяргей Брандт

З цыкла “Гісторыі, падобныя на казкі” (Працяг)
…I пайшла гульня шалёная на грошы. А якi вынiк? Kажуць старыя людзi: «Не шукай лепшага праз лёгкае, бо сваё апошняе згубiш”. Так i здарылася: яшчэ нават i першыя пеўнi не праспявалi, а Сяржук наш апошнi залаты дукат, якi заўсёды прыхоўваў на чорны дзень, на стол паклаў. Яшчэ раз бразнулi стомлена косцi аб пачарнеўшае ад пралiтай гарэлкi пакрыцце i ўсё: iдзi хлопец куды хочаш, без грошай, без свайго каня i без сваёй надзеi.
Выскачыў хлопец з карчмы, быццам той чорт, якi пабачыў святы абраз, ды да старога млына пабег. Можа хацеў галаву ад хмелю дурнога ў вадзе астудзiць, а можа i сам пад вадой сваё гора схаваць — хто гэта цяпер ведае, нiколi праўды не раскажа. Толькі да вады чорнай дабег, як пакінулі яго апошнія сілы, ногі падхіліліся, прысеў хлопец на драўляныя ступні. За адну хвіліну прайшло ўсё яго жыццё перад вачыма, прамільгнула і, нават следу не пакінула, як і не было дабра ў ім. Доўга прабыў змярцвелы Сяржук у забыцці, нічога вакол сябе не бачыў, нікога не чуў і калі, на пашарэўшым небасхіле знікла апошняя зорка, ачнуўся, нібы хто ў плечы яго штурхнуў.
млын
Побач сядзеў нейкі калматы, з барадой да зямлі, стары. Дзіравы капялюш хаваў яго твар і вельмі смярдзела балотнай цінай. Стары нешта пільна ў вадзе выглядаў і, шавелячы сінімі губамі, ціха барматаў сабе пад нос. І вось яшчэ што паказалася хлопцу дзівосным: замест ног гэты чалавек меў, пакрыты імхом, здаравенны хвост, які нагадваў хвост сома. А можа і не меў, а можа ўсё гэта толькі нашаму небараку здалося. Але ж, стрымаўшы свой жах, запытаў Сяржук цікавага дзеда, што ён тут робіць у такі ранні час. Стары, нічога не кажучы, на вір каля млына рукой паказаў.
Прыгледзіўся юнак і знепрытоміў, гарачая хваля спачатку ў галаву ткнула, затым да сэрца дайшла і знямела ад нечаканасці. На самым дне, у брудным рачным глеі, ляжала як смецце, нікому не патрэбнае багацце, незлічоныя залатыя цахіны турэцкія, каштоўныя камяні, розныя па афарбоўцы і памерах, посуд цяжкі, якому нават цар мог пазайздросціць, дыяманты бліскучыя ў белай аправе, пярсцёнкі, ланцужкі жоўтыя, завушніцы з бурштынавымі вочкамі, глячкі, запоўненыя ружовым індыйскім жэмчугам, чаркі, срэбраныя з чырвонымі заморскімі яхантамі. Пасярод усёй гэтай бліскучай скарбонкі плавалі вялізныя шчупакі і чорныя налімы, быццам сабакі галодныя, яны ўсё гэта старанна вартавалі.
Вадзянік, а гэта ён і быў, яшчэ прапанаваў хлопцу нырнуць пад ваду, узяць сабе ў кішэню трохі грошай, як бы замест тых, што згубіў Сяржук у карчме, але перасцярог не браць нічога цяжкага, а толькі каштоўныя камяні.
Пра тое, што ў вадзе дыхаць можна, таксама сказаў, і падняўшы правую руку над рачной паверхнасцю, разагнаў сваіх вартаўнікоў у розныя бакі. Не помнячы сябе, нырнуў бедалага ў халодную цёмную ваду. Расступілася вада, прыняла яго і пацягнула на самое дно, быццам праглынула. І чым глыбей юнак наш апускаўся, тым усё больш жудасна рабілася яму. У хуткім часе і святло зверху знікла. Густая начная імгла схавала сабе за пазуху апошні сонечны промень. А ён усё ніяк не мог знайсці пад нагамі аслізлае халоднае дно.
Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 29.03.2014

ЗАКЛЯЦЦЕ СТАРОГА МЛЫНА. Частка першая — Сяргей Брандт

З цыкла “Гісторыі, падобныя на казкі”
Усё гэта адбылося ў тыя старажытныя часы, калi нашу зямлю на сваiх спiнах трымалi вялiзарныя i моцныя сланы, якiя ў сваю чаргу стаялi на панцыры ў адной вяліказнай чарапахi. Зямля была навароджанай i зусiм маленькай. Тады i людзi былi iншымі, ды гiсторыi таго часу былi вельмi цiкавымi. Напрацаваўшыся за доўгi летнi дзень, сяляне мылiся халоднай вадой са студнi, потым смачна i разам вячэралi, затым, седзячы на двары, i паглядаючы на зорнае неба, расказвалi дзiвосныя гiсторыi. Пачуўшы iх, нават маладзiк са сваiмi сяброўкамi-зорачкамi апускаўся нiжэй, амаль да самай зямлi, быццам, ловячы кожнае слова таго, хто гэта цiха апавядаў. Цяпер хто ведае, падобныя на казкi апавяданнi? Няма ўжо i тых заможных старых людзей i тых вячорак. Але гiсторыi ix прыходзяць да нас, стаяць пад нашымi вокнамi i чакаюць, калi дазволяць iм увайсцi ў хату. I вось што прынёс пад вечар сёння да мяне гаварлiвы лясны раўчук — найменьшы сын павольнай блакiтнай Прыпяцi…
skazki-0162
У вёсцы адной, на ўскрайку зялёнага i шумлiвага лесу, жыў хлопец, звалi яго Сяржук Бязродны. Сваёй гаспадаркi ён не меў, але працаваць не цураўся. Прыйшла пара жанiцца хлопцу: да адной сям’i падыйшоў, да другой. “Не — кажуць, — за беднага дачок не аддадзiм. Вось каб з грашыма — дык адразу пад вянец.” Пасядзеў Сяржук дзень, пасмуткаваў ды i пайшоў ў Вiльну да пана iншаземнага на працу нанiмацца. Пан не дурны быў — вочы меў i атрымаў дзяцюк месца на панскiм гандлёвым караблi. Першыя месяцы вельмi многа прыйшлося рабiць новых i ў сваёй вёсцы невядомых спраў, але хлопец быў руплiвы i паслухмяны, i праз паўгода зрабiў яго капiтан гэтага карабля старэйшым матросам. I справа iншая i грошай болей. За далёкiмi падарожжамi неўзабаве скончыўся год, атрымаў Сяржук ладны мяшэчак з срэбранымi шылiнгамі i маркамі i да вёскi сваёй заспяшаўся. Але, як не паганяў ён свайго каня, вечар затрымаў шпаркi бег каля старога млына. Цёмна навокал, хоць вока выкалi, ад стаўка цягне вiльгаццю i нечым нават смуродным. Кола рыпiць так непрыемна, што дрыжыкi бяруць. Прыглядзеўся юнак i бачыць: нешта блiшчыць, быццам маленькi агенчык уначы, пайшоў з канём павольна ў той бок. Можа праз гадзiну якую заўважыў маленькую хату з хлевам, адчынiў у поцьмах дзверы i патрапiў у … карчму. Два сталы, тры лавы, каморка з бутылямi, штофамi, бутэлькамi i пляшкамi, поўнымi моцнага бiмберу. Карчмар, як чорт, побач круцiцца: “Маем флякi гаспадарскiя, салатку смачную, вэнджаную на ядлаўцы каўбасу, трохi бiгусу засталося. На салодкае — мядок лясны, бурштынавыя яблыкi печаныя i заедкi с чарнiцамi”. I на стол дубовы бух кухаль, амаль на дзве кварты, месцячковай гарэлкi, лютай як звер, настоенай на кветках верасу i бярозавых маладых пупырышках. Прэзэнт пану ад карчмы. Уцячы б хлапцу, ды куды пайшла першая чарка, затым другая … да густа накрытага стала падсеў нейкi яўрэй з Менску, з’явiлiся на стале косцi….

Працяг будзе

Сяргей Брандт,17.03.2014

ВАРАЖБА НА СВЯТА — Сяргей Брандт

Можа ты не бачыш?
Можа ты не чуеш?
Хто ўначы плача
У шэранькай кашулі.

7738-w

Можа гэта дрэвы
Сталі яшчэ вышэй?
У тумане белым —
Плёск вады пацішэй.

На далонях неба
Зорак шмат трымае,
І каму што трэба
У рэчку пакідае.

Можа і не казка,
А толькі адгалоскі
Таго былога часу
На ўскрайку вёскі.

Не рабі благога,
Не цурайся цемры.
З подыхам маёвым
Грукне госць у дзверы.

Як малы праменьчык
З месяца на хату
Стане праз акенца
Варажыць на свята.

Сяргей Брандт, 24.02.2014