Усе рубрыкі

КАЗАЧНЫЯ АПАВЯДАННI ПРА ГНОМА I ДЗЯЎЧЫНКУ ПАЎЛІНКУ – Сяргей Брандт

Частка першая
Сустрэча
гном и девочка
Дарагiя хлопчыкi i дзяўчынкi! Сёння я пачынаю расказваць Вам зусiм iншую гiсторыю. Яе мне самому, па вельмi сакрэтнаму сакрэту, паведамiла адна хатняя мыш, калi забягала паласавацца смачным вэнджаным сырам. Дык вось, уладкоўвайцеся зручней у сваiх крэсельцах і слухайце ўважлiва. Я пачынаю…
На хутары, што знаходзiцца непадалёку ад маленькай рэчкi, якая упадае ў сваю чаргу ў лясное возера, на якiм даўно ўжо прыжылiся дзiкiя качкi….Не так патрэбна пачынаць, а вось як.
На адным закінутым хутары мо ужо гады тры не было гаспадара. Хутар быў, а вось гаспадара не было, бо ён пераехаў да свайго сына ў Мiнск. Так ён i стаяў адзiн сабе ў лесе, а побач бегла малая вяртлявая рэчка, нават i не рэчка, а невялiкi раўчук, якi праз некалькi сотняў дробных крокаў упадаў у малое лясное азярцо. На тым азярцы, у самым густым чароце, гнездавалiся дзiкiя качкi. Месца было вельмi цiхае, амаль трыдцаць кiламетраў ад Мiнскай шашы ў бок Вiльнюса. Можа ад таго i гiсторыя гэта здарылася там. Хутар цi, як кажуць старыя людзi, сядзiба, была добрая. Сапрадўная драўляная хата, хлеў на ўскрайку сасновай пасадкi, студзенька-журавель, лазня i невялiкi сад, з дзесятак старых дрэў: яблынькi з грушамi ды некалькi нiзенькiх слiў. Дзе нiдзе тырчалi кусты садовай малiны i агрэста. Дах у хаце быў з цёмнай, месцам пачарнеўшай саломы. A ля самой трубы збудавалi сабе насест буслы. З ранiцы i да вечара чуўся звонкi клёкат руплiвага сямейства.
Дык вось пра што гэта я? Пра тое, што ў дальнiм куце сада пад кустом з цяжкай i смачнай малiнай жыў вясёлы i вельмi добры Гном. Працаваў ён вельмi многа, бо як мы ведаем, гаспадар пакiнуў сядзiбу i паехаў да сына. Вось Гном i даглядаў усё разам: i хату, i сад, i агарод. З першым промнем падымаўся Гном, мыўся халоднай вадой каля студні, пiў гарбату са смачным аўсяным пячэннем, а потым — падмятаў, палоў, палiваў кветкi i кусты. Так было на працягу ўсix гадоў пакуль аднойчы на хутар не прыехаў госць.
Гэта была серада. Гном толькi-толькi замест ранiшняй зарадкi палiў агрэст i дапiсваў святочнае прывiтанне сябру бабру на дзень нараджэня. Ён хацеў яшчэ падмесцi вузкую сцяжынку, як пачуў нейчыя лёгкiя крокi. На парозе хаты стаяла малая дзяўчынка ў вялiзных сонечных акулярах i з парасонам у руках. Каля яе ног быў руды чамадан. Яна адчынiла ключом дубовыя дзверы i зайшла паважна ў сенцы. Гнома дзяўчынка не заўважыла. У хаце было чутнa як разбілася шклянка, потым загрымеў цяжкім стол.
— Спакойныя дзянькі скончылiся — прамовiў Гном i пайшоў ў сад, дзе пад кустом у яго была маленькая зямлянка.

Сяргей Брандт, 23.06.2013

КАЗКА ПРА ЯЛОВУЮ ЛУЧЫНКУ — Сяргей Брандт

Завiруха пачалася знянацку. Нiхто яе i не чакаў, калi на вёску разам з халодным ледзяным ветрам наляцелi цяжкiя ад снегу хмары. Зараўла ў голас, загаласiла, замяла шляхi адразу. Згубiўся пералесак у белым мiльганнi i вёска, накрытая тоўстай пуховай коўдрай, знiкла. А якi быў цудоўны дзень. Марозiк сабе патрэскваў дошкамi плоту, свяцiла добрае сонейка. I што гэта з прыродай зрабiлася, навошта яна гэтак узлавалася на людзей?
1844554_original
З клубамi марознага паветра ў хату ўвайшоў бацька. Ён абтрос з кажуха на дол мокры
cнег i прамовiў:
— Канец свету ды i толькi. Сцяжынку з лесу ў лiчаныя хвiлiны замяло. Гурбы ўжо па пояс, дахаты ледзь дацягнуў свае санкi. I кiнуў каля грубкi доўгi яловы смаляк.
— Навошта, бацька, ты цягнуў яго з лесу? У нас хапае ў сенцах бярозавых дроў — запытаў малы Валодзька, шасцiгадовы сынок гаспадара i падбег да бацькi.
— Завiруха толькi пачалася i сцiхаць не збiраецца, да ранiцы замяце нашу хатку пад самы
дах. Правады парве, такое i раней здаралася, застанемся без свету. Вось смаляк на свечкі i пойдзе.
Валодзька паглядзеў на бацьку — жартуе той, як заусёды, а можа праўду гаворыць? I як гэта з ялiны свечкi можна зрабiць, воску ж няма. Але сеў за стол i пачаў рабiць урокi.
Бацька тым часам шчапаў смаляк на роўныя, даўгiя палачкi i па хаце паплыў густы яловы дух, быццам ялiну з лесу нехта прынёс.
— Вось табе i свечачкi на вечар, можа i хопiць, а там магчыма i завiруха сцiхне.
Раптам маленькая лямпачка некалькi разоў мiльганула i патухла. Хату абгарнула густая цемра, a за акном, як галодны звер, завывала непагадзь, кiдалася ў дзверы, бiла з усёй моцы ў сцяну. Здавалася, што яшчэ трошкi i ўварвецца яна ў хату, залютуе, змяце і замарозiць усе жывое на сваім шляху.
Але што гэта? Каля самага стала ўспыхнуў агенчык i асвяцiлася хата. Бацька трымаў у руках запаленую палачку, яна i давала такое дзiвоснае, казачнае святло. Цемра схавалася пад грубку i ложак. І што не спрабавала зрабiць на двары завiруха — было зусiм не страшна.
— Лучынка ў доўгую зiмовую ноч заўсёды народу дапамагала. Пры ёй пралi жанкi кудзелю, ткалi на кроснах, варылi ежу i сустракалi гасцей. Яе святло назаўсёды засталося ў нашых сэрцах, як знак барацьбы з холадам i змрокам. Маленькая, але святла хапае, каб хату асвяцiць.
З гарышча, з-пад няшчыльна зложаных дошак на стол пасыпаўся жоўты пясок. У грубцы гарэлi бярозавыя дровы. У хаце было цёпла i суха.
— Злуйся, халодная завiруха, але я цябе зусiм не баюся. Палохай у полi свае гурбы снегу,
a ў лесе — бедных звяроў — прамовіў Валодзька, засыпаючы ў ложку. I ў сваiм дзiцячым сне бачыў, як малая лучынка адганяла ад хаты вялiкае мноства снежных ваўкоў, а тыя, пабачыўшы яе жоўтае святло, хавалiся, хто — пад вялiкiя гурбы снегу, хто — у цёмны лес, а хто i за далёкую рэчку.
Святло тоненькай лучынкi дзялiлася ўсiм добрым з хлопчыкам, вучыла не палохацца цемры і спадзявалася, што яно назаўжды застанецца ў памяцi сына гаспадара. Вырасце Валодзька i стане … Але ж прабачце, гэта будзе ўжо зусiм другая гiсторыя.

Да пабачэння, дарагiя мае чытачы, да наступнага разу.

Сяргей Брандт, 22.06.2013

КАЗКА ПРА МЕДНЫ ЗЛОТЫ- Сяргей Брандт

На Манетным двары адной паўночнай сталіцы з самай раніцы панавала незвычайнае святочнае ажыўленне. У гонар Дня Каранавання маладога імператара чаканілі тысячу новенькіх срэбраных манет наміналам у дзесяць злотых. Але перш чым запусціць складаны механізм у дзеянне, для праверкі галоўнага штампа, выпрабавальная манета была адчаканена з простай меднай нарыхтоўкі .
10zlot21
Манета атрымалася прыгожая, з двухгаловым арлом з аднаго боку і мужным профілем імператара — з другога. Вось толькі не мела каштоўнасці сапраўднага злотага, бо была з чыстай медзі для пятакоў. Пакруціў яе ў руках майстар і паклаў убок, на варштат, а па канвееры цякла рака сапраўдных срэбраных злотых і прамяні яркага сонца, адлюстроўваючыся ў ёй, напаўнялі Манетны двор яркім святочным бляскам.
Новыя імянныя злотыя былі раздадзены ўсім, хто знаходзіўся на цырымоніі Каранавання. У імгненне вока ўсе яны сталі рэдкімі нумізматычнымі каштоўнасцямі. А вось пра выпрабавальную неяк і забыліся. Спачатку яна доўга ляжала на варштаце, потым пылілася ў скрынцы з іншымі непатрэбнымі рэчамі, і ў рэшце, апынулася ў пенале аднаго беднага хлопчыка. Апынулася таму, што яе атрымала маці хлопчыка ад несумленнага гандляра вуглём у выглядзе рэшты. Далей яе ніхто не жадаў прымаць як плату за малако і гародніну. Так і засталася яна ў хлопчыка як непатрэбны хлам.
Час бясконца бег наперад, хлопчык вырас і скончыў на выдатна школу, але вось грошай для таго, каб працягнуць далей сваё навучанне, ў яго не было. Але аднойчы ён неяк зайшоў у адну вельмі старажытную Краму, у якой гандлявалі рарытэтнымі і каштоўнымі рэчамі. Уладальнік крамы, чалавек сумленны і добры, убачыўшы, што яму прапануюць, не хітраваў і не хлусіў маладому чалавеку. Ён вельмі даходліва растлумачыў якую рэдкасць той мае і прапанаваў пасадзейнічаць у яе продажы на адным вельмі знакамітым аўкцыёне.
Дамовіліся падзяліць сумленна і пароўну прыбытак ад яе продажу… і стукнулі па руках. А праз сем гадоў у гэтым горадзе адкрылася адвакацкая
кантора аднаго вельмі паспяховага прававога абаронцы. Кажуць, што ён заўсёды бярэцца за справу, дзе кліент не ў стане заплаціць сам. І заўсёды выйграе працэс, таму што ў яго ёсць чароўная манета. Праўда гэта ці проста выдумка, я не ведаю, але адвакат гэты мне знаёмы і манету, звычайную медную манету, я бачыў у яго на рабочым стале. Іменна медную манету наміналам у дзесяць злотых, з двухгаловым арлом з аднаго боку і мужным профілем Імператара — з другога. Не заўсёды срэбра з’яўляецца даражэй простай медзі. Але часам і пяць медных грошыкаў праз столькі гадоў могуць ператварыцца ў чароўныя, калі вельмі ў гэта верыць і моцна хацець.

Сяргей Брандт, 22.06.2013

ЯК ДЗЕЦІ ШУКАЛІ ЛУННАГА КАНЯ – Сяргей Брандт

Гісторыя малой Альжбеткі
Што робіцца за акном? Мяце і трасе сваім дзіравым мехам злая да цяпла Завіруха, шпурляе ў вокны цэлыя прыгаршні халоднага снегу, просіцца малым кацянём у хату, завывае галодным ваўком у коміне і не бачна свету божага і суседскага плоту. Бяда … Куды не кінь вокам, толькі гурбы снегу стаяць сцяною, як у страшнай ледзяной казцы. Такой зімы не бачылі і вашы дзядуля з бабкай. Напэўна, і іх бацькі таксама не бачылі. Хаты замяло па самыя вокны. Што тут пра сцежкі-шляхі, якія зніклі пад ледзяной коўдрай зімовай, казаць. Студзень … ён так у народзе із-за завірухі сваёй завецца.
Малым дзецям было забаронена выходзіць з хаты. А што там рабіць на двары, калі так мяце і сыпле. Выйшаў чалавек і знік бясследна, як і не было яго зусім. Старыя кажуць, што інакш “забярэ цябе ў торбу Нявестка Завіруха і Лунны Конь не дапаможа”. Вось дык жах! Сядзяць па хатах на печы дзеткі, байкі слухаюць, ціхенька паміж сабой размаўляюць:
— А што гэта за дзіва такое Лунны Конь і чаму ён Лунным завецца?
— З Луны ён ці з Марса?
конь весныа
А малая суседская памаўза Альжбетка тут як тут. Як жа ў гэтай справе без яе абыйсціся.
— Слухайце мяне, я усё ведаю. Вось вам крыж! Брахаць не буду, усю праўду раскажу. Неяк тыдзень назад мая бабка прасіла яго прыглядзець за бульбачкай у яме каля лесу…
Маленьки Андрэйка высунуў свой кірпаты нос з-пад кажушка і запытаў хрыплым галаском:
— Бабка казала, што ён раней заўсёды зімой у вёску прыходзіў, двары абыходзіў, ад ваўкоў бараніў. Да хат праводзіў тых, хто ў завірусе шлях дадому свой губляў.
— А ён што, вартаўнік такі ўсім дапамагаць? Там прыглядзі, там абарані, ён жа Лунны Конь.
— А можа гэта і не Конь быў, а анёл добрую сваю справу людзям рабіў? Як жа без анёла шлях свой дахаты ў такую завіруху знайсці? Толькі яму пад сілу аднаму і дапамагчы.
— Раней казалі, прыйдзе Конь у вёску, абыйдзе ўсе двары, вады с калодзежа чыстай нап’ецца, падымецца на дыбкі і пагоніць завіруху ў чыстае поле далей ад хат, і цішэй адразу пачне мясці снегам, і мароз слабейшым становіцца, і зорачкі з месячыкам на небе з’яуляюцца. А там ужо і вясна сваімі раўчукамі песенкі пяе, з дахаў вадзіцай льецца.
— Вясной добра. Можна і ў хаце не сядзець. Спраў на двары вельмі многа. Конь жа гэты можа і раней вясну ў вёску на сваёй спіне прывезці. І запрасіць бы яго да нас трохі раней ….
— А дапамагчы, калі чалавек вельмі хворы, а дактары не могуць ніякай рады даць і лекі не
дапамагаюць, Конь Лунны напэўна зможа?
— Ён усё можа! — сказала, як адрэзала кавалачак хлеба Альжбетка.
На тым малыя і парашылі. Як толькі прыснуць трохі дзед з бабкай, пойдуць адразу Луннага Каня за вёску шукаць ды і прасіць у яго тое, што кожны сам сабе выбраў: хто за хворага чалавека, а хто, каб вясна раней у вёску прыйшла.
Дзверы малыя адчынілі праз сілу. Снегу намяло амаль пад клямку. Выпаўзлі як мурашы на цвёрды наст. Не бачна нічога. Шпурляе і мяце, мяце і шпурляе снег завіруха. Амаль чутно галасы дзіцячыя:
— Трымайся за мяне, Андрэйка, я ведаю ў які бок нам ісці патрэбна.
Пасунуліся дзеці ўздоўж плоту. Альжбетка першая, за ёй, учапіўшыся за кажушок, малы Андрэйка. Толькі слядкі маленькім ланцужком пасля іх засталіся, ды і тыя замёў халодны снег. Раве і стогне ноч, круціць свой млын Завіруха і сыпле быццам мукой на ўсё. Чуецца дзецям, як шэпча яна страшна:
— Куды вам ісці ў такі час, прыпыніцеся на хвіліну, прысядзьце, адпачніце на такім лагодным і пяшчотным снезе.
— Альжбетка, я валёнак згубіў! — заплакаў малы Андрэйка — Не пайду далей, мне жудасна і вельмі холадна.
Спыніліся дзеткі, абняліся. Альжбетка ножку малога крысой кажушка абгарнае.
— Добра ўсё будзе, не плач. Лунны Конь нас у бядзе не пакіне.
А ў самой вочкі самі па сабе заплюшчваюцца. Побач прыціх і хлопчык. Засыпаюць на снезе дзеці і здаецца ім, што і не холадна ў полі, што Вясна ўвесь снег на раўчукі пераплавіла. І вось дзіва: каля іх стаіць высокі да нябёс, але такі ласкавы Лунны Конь. А за спіной Каня злуецца і вые Завіруха, ды не мае моцы падыйсці бліжэй. Вельмі ж яна Каня Луннага баіцца.
Падняўся конь на дыбкі, ды пярэднімі капытамі аб зямлю моцна стукнуў і разышоўся снег, і паляцелі малыя ў цёплую, трохі вільготную цемру. Апошняе, што запомніла Альжбетка — гэта, як Лунны Конь дыхаў на яе зверху і было так цёпленька ёй.
Малых знайшлі сонечнай раніцай, калі Завіруха выбіўшыся з апошніх сіл, схавалася ў лясным гушчары. Хтосці сказаў:
— Глядзіце, Конь стаіць каля бульбяных ямаў.
Падыйшлі бліжэй. Каля чорнай плямы адкрытай бульбяной ямы мноства слядоў ад капытоў конскіх, а самога Каня і не бачна. Заглянулі ўніз і ўбачылі, што на бульбе спяць у абдымку прапаўшыя дзеткі. Спяць і ў сне пяшчотна смяюцца. Ну, як тут на малых злавацца. Галоўнае, што жывенькія і здаровенькія. Альжбетка сонная нешта смешнае рассказвае пра Луннага Каня, які іх усю ноч ад Завірухі і ваўкоў бараніў.
Што са страху не пабачыш! А Андрэйку доўга на вёсцы Запрашальнікам Вясновым называлі. Ён і не спрачаўся. Добрая гэта справа — вясну ў вёску запрашаць. А пра Луннага Каня болей ніхто і не гаварыў.
Яшчэ адна казка з вясковай старонкі. І чаго толькі не гавораць у нашым лясным краі.
Але гэта ўжо зусім другая гісторыя. Да наступнях сустрэч!

21.06.2013, Сяргей Брандт